Кастусь ЦВІРКА: “Буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў “Беларускага кнігазбору!”

Кастусь Цвірка.

 Калі ў 1996 годзе ў свет выйшаў першы том амбіцыйнай кніжнай серыі “Беларускі кнігазбор”, мала хто верыў, што яна выжыве ў той складаны для айчыннага кнігавыдання час. Сённяшні час яшчэ больш складаны, але “залатая серыя” жыве і перыядычна багацее новымі тамамі беларускай класікі. Іх ужо пераваліла за сотню. Увесь час гэтым унікальным кніжным праектам нязменна і нястомна апякуецца яго галоўны рэдактар пісьменнік Кастусь ЦВІРКА. У гутарцы для “Народнай Волі” ён расказаў, як “Беларускаму кнігазбору” ўдалося выжыць, дзе шукаліся грошы і хто з чыноўнікаў спрыяў гэтай знакавай для нацыянальнай культуры кніжнай серыі.   

 – Кастусь Аляксеевіч, у свет пад маркай “Беларускага кнігазбору” выйшлі ўжо 110 тамоў. І што, кожны з іх прайшоў праз вашы рукі і вашы вочы?

– А як жа іначай? Я ж галоўны рэдактар. Мала таго, я не толькі ўважліва чытаю ўсе “кнігазбораўскія” тамы перад здачай у друк, але і праглядваю ўсе творы пісьменніка, які мае выйсці ў серыі. У кожнага тома ёсць складальнік – ён прапануе, што ўключыць. Я пагаджаюся, але іду ў Нацыянальную бібліятэку (мне блізка, толькі праспект Незалежнасці перайсці) і заказваю ўсе кнігі пісьменніка, каб не прапусціць нешта важнае.

– Гэта ж колькі вам чытаць даводзіцца! А яшчэ ж вы працуеце як даследчык-складальнік, цэлы стос кніг падрыхтаваны вамі асабіста. Выданнем чыіх тамоў вы асабліва ганарыцеся?

– Найперш “Выбранымі творамі” Яна Чачота, з якога і пачаўся “Беларускі кнігазбор” у 1996 годзе. Я там пераклаў усе балады, і яны ўпершыню выйшлі ў свет па-беларуску. Ганаруся і важкім томам Адама Міцкевіча, якога лічу беларускім польскамоўным паэтам. Проста польская мова ў першай палове 19-га стагоддзя была літаратурнай мовай Беларусі. Праўда, у Міцкевіча яна не зусім польская, там вельмі шмат беларусізмаў. І паэта варшаўскія крытыкі за гэта дакаралі, маўляў, ты пішаш для гістарычнай Літвы, а не для Польшчы. Дарэчы, вядомая гісторыя, як два варшаўскія прафесары, каментуючы збор твораў Міцкевіча, так і не змаглі растлумачыць, што азначае слова “свярэпа” ў паэме “Пан Тадэвуш”…

– Пра гэта польскі паэт Галчынскі нават напісаў сатырычны верш, як тыя прафесары “шукалі ў энцыклапедыях, / у каталогах і слоўніках, / у старапольскіх трагедыях, / у статутах і гербоўніках, / гарышчы прайшлі і склепы – / нідзе не знайшлі свірэпы…”

– А тая свярэпа вядомая ж кожнаму беларусу! Далей – мы ўпершыню ў Беларусі выдалі творчую спадчыну Яна Баршчэўскага, не толькі “Шляхціча Завальню”, але і яго паэзію. Прафесар Мікола Хаўстовіч падрыхтаваў празаічныя творы, а я папрасіў Рыгора Барадуліна перакласці паэтычныя. Рыгор тут жа згадзіўся: “Баршчэўскі мой зямляк, зраблю з задавальненнем”. І зрабіў. Упершыню па-беларуску выйшла ў серыі і творчая спадчына княгіні Францішкі Уршулі Радзівіл. Нічога пра яе ў нас не было вядома, а яна ж пісала цікавыя п’есы, заснавала ў Нясвіжы цэлы тэатр! Помню, як Наталля Гардзіенка адшукала яе невядомыя творы ў варшаўскіх архівах і пераклала. Што яшчэ? Адкрыццём быў і зборны том “Філаматы і філарэты” (Ян Чачот, Тамаш Зан, Антоні Эдвард Адзінец і другія), дзе мы ўпершыню паказалі, па сутнасці, пачынальнікаў беларускай літаратуры, якія ад фальклору беларускага перайшлі да пісання па-беларуску.

– У “Філаматаў і філарэтаў” быў, калі не памыляюся, рэкордны для серыі наклад – 10 тысяч асобнікаў.

– Так, прычым увесь наклад хутка разышоўся! Помню, калі выйшла кніга, тагачасны намеснік міністра культуры і друку Станіслаў Нічыпаровіч, адказны за кнігавыданне, прыйшоў у выдавецтва “Мастацкая літаратура” і прысароміў яго супрацоўнікаў, маўляў, чаму Цвірка ў прыватным парадку робіць такую выдатную серыю, а вы не можаце… Дык як тут сапраўды не ганарыцца, калі мы вярнулі столькі імён ва ўлонне беларускай літаратуры?

– Вы вяртаеце творцаў не толькі з іншамоўнай прасторы, але і з нябыту. Я маю на ўвазе Францішка Аляхновіча, Зоську Верас, Вацлава Ластоўскага…

– Калі выйшаў том Ластоўскага (праца Язэпа Янушкевіча), у “Кнігазбор” спецыяльна пазваніў Васіль Быкаў – падзякаваць. Ластоўскі ў класічнай серыі – гэта сапраўды была падзея. Яго больш ведалі як палітыка, а ён жа быў і празаікам, і паэтам, і выдатным публіцыстам. Том ВалянцінаТаўлая – выдатнага паэта і патрыёта Беларусі – падрыхтаваў Анатоль Клышка. Гадоў дзесяць я хадзіў за ім – зрабі. Але Анатоль, відаць, быў заняты сваімі букварамі, усё марудзіў. І ўрэшце – зрабіў, напісаўшы бліскучую прадмову.

– Дзякуючы “Беларускаму кнігазбору”, на радзіму вярнуліся пісьменнікі не толькі з захаду, але і з усходу. Напрыклад, Іван Ласкоў, які нарадзіўся ў Гомелі, а жыў ажно ў Якуціі.

– А хто ведаў таго Ласкова ў Беларусі? Яго проза выходзіла ў Маскве, часопісы “Юность” і “Новый мир” ахвотна друкавалі яго рускамоўныя вершы. Пісаў ён доўгі час па-руску, а потым раптам перайшоў на беларускую мову. Жывучы ў далёкім Якуцку! Думаю, што Ласкоў вярнуўся да роднай мовы з разлікам, што ягоны крок абудзіць суродзічаў, падштурхне і іх вярнуцца да беларушчыны. Дарэчы, ён сябраваў з Леанідам Дайнекам, які расказаў мне такую гісторыю. Аднойчы Ласкоў прыехаў у Мінск, яны ішлі берагам Свіслачы, размаўлялі, і нейкі хлопец нападпітку, пачуўшы беларускую мову, пачаў з яе здзекавацца. Дык Ласкоў, не ўступаючы ў доўгую палеміку, проста згроб яго ў абярэмак і шпурнуў у Свіслач!

– Працверазіў, што называецца. А ці ёсць сярод 110-ці “кнігазбораўскіх” тамоў, скажам так, неабавязковыя, лішнія, без якіх “залатая серыя” не збяднела б?

– Ніводнага лішняга тома няма. Усё гэта нашы пісьменнікі, у кожнага свой лёс, свая жыццёвая гісторыя. Калі вы маеце на ўвазе прыжыццёвыя выданні, то Ніл Гілевіч, атрымаўшы свой “кнігазбораўскі” том, помніцца, сказаў: “Калі кніга ў гэтай серыі выходзіць пры жыцці аўтара, то гэта на дзясятак гадоў падаўжае яму жыццё!”. Думаю, Ніл Сымонавіч меў рацыю. “Беларускі кнігазбор” дае сілы не толькі аўтарам, але і выдаўцам, серыя папулярная, людзі яе чакаюць.

– Усе класікі атрымалі ў “Беларускім кнігазборы” па адным томе, а Алесь Адамовіч – два. Чаму?

– Два тамы яшчэ ў Элізы Ажэшка. Бясспрэчна, па другім томе заслугоўваюць і Купала з Коласам, і Адам Міцкевіч. Скажам, той жа Гілевіч дакараў мяне, што ў купалаўскі том не ўвайшла драма “Раскіданае гняздо”. Але як ты ў адну кнігу ўсё ўвапхнеш? Думаю, выдадзім асобнымі тамамі і “На ростанях” Коласа, і міцкевічаўскага“Пана Тадэвуша” ў перакладзе Язэпа Семяжона.

– У серыі ў свой час выйшлі кнігі Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва, Рыгора Крушыны, Ларысы Геніюш, якіх прыўладныя прапагандысты і сёння вінавацяць бог ведама ў якіх грахах. Як вы ставіцеся да такіх звінавачванняў?

– Названыя вамі пісьменнікі – прадстаўнікі гэтак званай эміграцыйнай хвалі. Тут трэба разумець адно – на чужыну яны ўцякалі ад сталінскіх рэпрэсій. Арсеннева ў 1939 годзе пабывала ў высылцы, Сяднёў ледзь выбавіўся з ГУЛагу, куды трапіў у 1936-м. Дарэчы, у пачатку 1990-х ён прыязджаў у Беларусь з ЗША, расказваў, як мыў золата на падканвойных радовішчах на Калыме. Ужо на эміграцыі Сяднёў напісаў два раманы, у якіх паказаў той страшны час. Між іншым, наш славуты навуковец Барыс Кіт быў ініцыятарам намінавання Сяднёва на Нобелеўскую прэмію. І вось куды ім было дзявацца пасля вайны? Зноў у лагер вяртацца?Усё ж яны рабілі сваю справу сумленна, пісалі пра Беларусь, гэта добрыя беларускія пісьменнікі. Чаму мы іх павінны адкідваць? Мы стараемся, каб у нашай серыі беларуская літаратура была прадстаўлена шырока і праўдзіва. Гэтым прынцыпам мы кіраваліся і калі выдавалі вялікі том (700 старонак) пад назвай “Расстраляная літаратура”, дзе змясцілі творы 66-ці знішчаных бальшавіцкай уладай пісьменнікаў. Пераважна маладых, якія толькі пачыналі пісаць, яшчэ не разгарнуліся па-сапраўднаму. Цяжка нават думаць пра гэта…

– Вялікія наклады, золата на вокладцы… Дзе ж вы бралі грошы на выданне серыйных кніг?

– Грошы заўсёды здабываліся з вялікай цяжкасцю. Некаторыя мецэнаты, калі згаджаліся дапамагчы, прасілі, каб не агучваліся іх імёны. Баяліся наезду ўладаў. Зрэдку дапамагалі нашчадкі. Скажам, сына Рыгора Крушыны Ігара Казака мы знайшлі ажно ў ЗША, у Фларыдзе, і ён з разуменнем успрыняў нашу прапанову. Потым сын спецыяльна прылятаў на прэзентацыю кнігі і быў вельмі задаволеным, што мы вярнулі на радзіму творчасць яго бацькі.

– А дзяржаўныя структуры неяк вам дапамагалі?

– Аднойчы мне пазванілі з канцылярыі старшыні прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук Міхаіла Мясніковіча з просьбай падабраць пэўныя тамы. Як аказалася, Міхаіл Уладзіміравіч збірае нашу серыю. Мы падабралі, але я вырашыў схадзіць да Мясніковіча і папрасіць фінансавай падтрымкі. Ён мяне ветліва выслухаў і паабяцаў, што паспрыяе, знойдзе мецэната. Праз нейкі час азваўся дзяржаўны канцэрн “Белнафтахім”, дзе кіраўніком тады быў Іван Бамбіза. І праўда, дзве кнігі ён прафінансаваў. Але ж я на гэтым не спыніўся. Пайшоў да Мясніковіча яшчэ раз, і ён зноў паабяцаў дапамагчы. Ну, бачыць жа, што мы добрую справу робім!

– І хто на гэты раз раскашэліўся па просьбе Мясніковіча?

– З яго падказкі і ад яго імя мы напісалі пісьмо Паўлу Барадзіну– на той час дзяржаўнаму сакратару гэтак званай “саюзнай дзяржавы”. Прасілі грошай на пяць кніг – 15.000 долараў, калі не памыляюся. І нібыта было прынята станоўчае рашэнне, мы нават падзяку Барадзіну выказалі. А потым ён як быццам засумняваўся, ці не пойдуць тыя грошы на падтрымку беларускай апазіцыі. І – ні капейкі не даў!Хоць “Беларускі кнігазбор” заўсёды абмінаў палітыку, але нехта, відаць, паінфармаваў таго Барадзіна ў патрэбным святле…Ходзячы па розных прадпрымальніках у пошуку грошай, я, напэўна, стаптаў не адну пару чаравікаў…

– Таму ўрэшце і папрасіліся пад крыло акадэмічнага выдавецтва “Беларуская навука”?

– А што было рабіць? Каб не “Беларуская навука”, я не ведаю, што стала б з “Беларускім кнігазборам”. Намеснік дырэктара выдавецтва Станіслаў Нічыпаровіч нас падтрымліваў і тады, калі быў намеснікам міністра культуры і друку. Ён малайчына, шмат дапамагаў мне. І яшчэ раней прапаноўваў узяць нас пад дзяржаўнае крыло. Пабачыўшы, як мы тузаемся на безграшоўі, Станіслаў Антонавіч неяк выклікаў мяне, пасадзіў побач з дырэктарам “Мастацкай літаратуры”Георгіем Марчуком і кажа: “Давайце мы Цвірку і яго каманду залічым у штат выдавецтва”. Але тады мы з Генадзем Вінярскім падумалі – а як жа мы выдадзім пісьменнікаў-эмігрантаў, тую ж Арсенневу ці Сяднёва? Марчук жа пабаіцца. І мы адмовіліся далучацца, рашылі працягваць сваё вольнае плаванне, хоць  выжываць было вельмі цяжка. Але неяк жа змаглі выдаць і Арсенневу, і Сяднёва, і Аляхновіча, і Геніюш… У “Мастацкай літаратуры” ніколі б не выдалі.

– Думаю, сёння і ў “Беларускай навуцы” гэтыя аўтары не прайшлі б. А ці не ўмешваюцца акадэмічныя рэдактары ў змест кніг? Не цэнзуруюць?

– Аднойчы толькі ўзнікла праблема – пры выданні тома Уладзіміра Караткевіча. Тады супраць Васіля Быкава ў дзяржаўных СМІ ішла цэлая кампанія, а Караткевіч яму верш прысвяціў, і здымак іх сумесны ішоў у кнізе. І вось мне прапанавалі зняць і верш, і здымак. Я адмовіўся. Выдавецтва настойвала. Раз так, кажу, то я забіраю кнігу. Пазней мы ўсё ж знайшлі спосаб выдаць яе ў такім выглядзе, як хацелі. Лічу, што ў падобных выпадках кампрамісы недапушчальныя.

– Сёння беларускія кнігавыдавецтвы з’яўляюцца за мяжой. Вы з надзеяй глядзіце на іх дзейнасць?

– Беларускія кнігі павінны выдавацца ў Беларусі, гэта вельмі важна. Мы на сваёй зямлі, чаму мы мусім некуды ўцякаць? Ці ж магчыма ратаваць Беларусь з-за мяжы? Трэба ратаваць яе тут і цяпер, а не чакаць лепшых новых часоў. Калі нехта проста спрабуе перасядзець ліхі час за мяжой у спадзяванні на змены ў Беларусі, то можа іх ніколі не дачакацца.

– А якія кнігі ў серыі “Беларускі кнігазбор” выйдуць у найбліжэйшы час?

– Ганна Кісліцына з Акадэміі навук вельмі хораша ўклала том Алеся Разанава. Марыяй Новік з Брэста падрыхтавана кнігаУладзіміра Калесніка – там надзвычай цікавая мемуарная проза, пра знаходжанне ў партызанах, пра пасляваеннае жыццё. Ну, і ўжо здадзены ў друкарню падрыхтаваны мной том Ядвігіна Ш.

– Вы проста здзіўляеце ўсіх сваёй працаздольнасцю. Вы і “Беларускі кнігазбор” распачалі, ужо выйшаўшы на пенсію. Ці адчуваеце ў сабе сілы давесці серыю да задуманых 200 тамоў?

– Я ўжо склаў выдавецкі план да 2045 года. Мая жыццёвая праграма такая: буду жыць, пакуль не выдам усе 200 тамоў “Беларускага кнігазбору!”

Міхась СКОБЛА.