
Як паведамляла “Народная Воля”, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) месяц таму звярнулася ў Канстытуцыйны суд з нагоды новага закона аб палітычных партыях.
Як вядома, закон “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” перад падпісаннем не абмяркоўваўся ў Канстытуцыйным судзе і ніякіх заключэнняў па яму Канстытуцыйны суд не рабіў.
Што было напісана ў звароце?
- У адпаведнасці з арт.7 Закона “Аб палітычных партыях” у новай рэдакцыі (далей – Закона), стварэнне і дзейнасць палітычных партый, саюзаў у мэтах гвалтоўных змен канстытуцыйнага ладу, прапаганды вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варожасці, здзяйснення тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, альбо якія дапускаюць магчымасць здзяйснення указанай дзейнасці і дзеянняў падчас дасягнення правамерных мэт стварэння, забараняюцца.
Між тым у дзеючай Канстытуцыі (ч.3 арт.5) утрымліваецца больш вузкая фармулёўка абмежаванняў пры стварэнні і дзейнасці палітычных партый, а менавіта: “Забараняецца стварэнне і дзейнасць палітычных партый, а таксама іншых грамадскіх аб’яднанняў, якія маюць на мэце гвалтоўныя змены канстытуцыйнага ладу альбо вядуць прапаганду вайны, сацыяльнай, нацыянальнай, рэлігійнай і расавай варажнечы”.
Гэта азначае, што ў зменах і дапаўненнях у Закон утрымліваецца больш шырокі круг абмежаванняў, што, на нашую думку, з’яўляецца неправамерным.
- У арт. 8 Закона замацоўваецца пашыраны спіс мэт і задач палітычных партый, у тым ліку: забеспячэнне непахіснасці канстытуцыйнага ладу і грамадскай згоды; удзел у кіраванні дзяржавай праз сваіх прадстаўнікоў; садзейнічанне рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў грамадзян; фарміраванне спелай палітычнай самасвядомасці грамадзян; фарміраванне грамадскай думкі; забеспячэнне сацыяльнай справядлівасці; палітычная адукацыя і выхаванне грамадзян.
Наконт гэтага ў ч.1 арт.5 Канстытуцыі ўстанаўліваецца, што палітычныя партыі “… спрыяюць рэалізацыі і абароне правоў, свабод і інтарэсаў чалавека і грамадзяніна”.
Па нашым меркаванні, шляхам пашырэння мэт і задач палітычных партый дзяржава імкнецца навязаць ім сваю ідэалогію і прымусіць выконваць патрэбныя ёй ўстаноўкі. Прычым ужытыя фармулёўкі носяць абстрактны характар (напр., “непахіснасць канстытуцыйнага ладу”, “фарміраванне спелай палітычнай самасвядомасці грамадзян”, “фарміравання грамадскай думкі”), што стварае перадумовы для прад’яўлення ў будучым палітычным партыям прэтэнзій аб неналежным выкананні мэт і задач. У любым разе, па нашым меркаванні, размова ідзе аб неабгрунтаваным пашырэнні сферы дзейнасці палітычных партый у выгадным для дзяржавы ракурсе.
- У адпаведнасці з арт.10 Закона “… для стварэння і дзейнасці палітычнай партыі неабходна не менш за 5 000 заснавальнікаў (членаў). Пры гэтым ад кожнай з абласцей і горада Мінска неабходна не менш за 100 заснавальнікаў (членаў)”.
Дадзенае палажэнне робіць больш жорсткімі ўмовы стварэння палітычных партый і пры абавязковай перарэгістрацыі прывядзе шмат якія партыі да ліквідацыі. Гэта звязана з тым, што партыі да ўступлення ў моц новай рэдакцыі закона, павінны былі мець больш за 1 тысячу членаў, і колькасць членаў у вялікай колькасці партый складае 1–2 тысячы чалавек. Пры гэтым тэрмін для прадастаўлення пашыранага спісу членаў партый пры перарэгістрацыі вызначаны ў тры месяцы пасля ўступлення закона ў сілу.
Такое рэзкае павелічэнне колькаснага складу заснавальнікаў (членаў) палітычных партый лічым неабгрунтаванай перашкодай у рэалізацыі права грамадзян на свабоду аб’яднанняў (арт.36 Канстытуцыі) і права на ўдзел у рашэнні дзяржаўных спраў як непасрэдна, так і праз абраных прадстаўнікоў (арт.37).
Неабходна таксама ўлічваць, што ч.5 арт.104 Канстытуцыі прадугледжвае, што закон не мае адваротнай сілы, за выключэннем выпадкаў, калі ён змякчае альбо адмяняе адказнасць грамадзян.
- Акрамя таго, у арт.9 Закона права быць заснавальнікамі палітычнай партыі прадстаўляецца толькі грамадзянам, якія пастаянна пражываюць ў Рэспубліцы Беларусь. Адпаведнае патрабаванне да членаў партыі замацавана ў арт.13 Закона. Гэта азначае, што права аб’ядноўвацца ў палітычныя партыі пазбаўлены грамадзяне Беларусі, якія выехалі за межы Беларусі.
Пазначанае новаўвядзенне, на нашу думку, уступае ў супярэчнасць з арт. 36 Канстытуцыі, якая гарантуе права кожнага на свабоду аб’яднанняў і ўсталёўвае дэталёвы пералік тых, хто не мае такога права; арт.22 Канстытуцыі, згодна з якой ўсе роўныя перад законам; а таксама з арт.3 і арт.4 Закона “Аб грамадзянстве Рэспубліцы Беларусь”.
- У арт.21 Закона замацоўваюцца не толькі правы, але і абавязкі палітычных партый, якія могуць значна абцяжарыць дзейнасць партый. У ліку абавязкаў утрымліваецца патрабаванне “… забяспечваць выкананне асноўных накірункаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам”.
Уяўляецца, што ўскладанне на партыі такога абавязку ёсць не што іншае, як навязванне ідэалогіі групы людзей, якія прадстаўлены ва Усебеларускім народным сходзе, што забараняецца арт.4 Канстытуцыі. Гэта таксама парушае свабоду думак, перакананняў і іх свабоднае выражэнне грамадзянамі – членамі палітычных партый (арт.33 Канстытуцыі).
- Арт.32 дадаецца шэрагам новых падстаў для ліквідацыі палітычных партый, у тым ліку “… здзяйсненне палітычнай партыяй, саюзам… тэрарыстычнай і іншай экстрэмісцкай дзейнасці, іншых дзеянняў, забароненых заканадаўствам, а таксама дзеянняў, якія наносяць шкоду дзяржаўным і (альбо) грамадскім інтарэсам”; “неадпаведнасці дзейнасці палітычнай партыі, саюза асноўным накірункам знешняй і ўнутранай палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі, якія зацвярджаюцца Усебеларускім народным сходам”.
На нашу думку, пазначаныя нормы выходзяць за рамкі абмежаванняў, якія дапускаюцца Канстытуцыяй, прадугледжаных у арт.5 і арт. 23 Канстытуцыі. Прычым змест уведзеных падстаў з’яўляецца неканкрэтным і ў шмат чым меркаваным. На практыцы гэта можа прывесці да прыняцця неабгрунтаваных рашэнняў у дачыненні да партый.
- У заключных палажэннях Закона “Аб зменах законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” ўтрымліваецца норма аб неабходнасці правядзення перарэгістрацыі дзеючых у Беларусі партый у трохмесячны тэрмін з дня ўступлення яго ў сілу.
Такое прадпісанне можна расцаніць як большую верагоднасць ліквідацыі палітычных партый, якія маюць альтэрнатыўнае ад асобаў, якія знаходзяцца пры ўладзе, бачанне развіцця краіны, паколькі выканаць указаныя патрабаванні ў вельмі кароткі тэрмін, без надання партыям магчымасці ўплываць на палітычныя працэсы ў краіне, нерэальна.
На падставе згаданага, просім правесці праверку Закона “Аб зменах законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” на адпаведнасць Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь”.
Што адказалі ў Канстытуцыйным судзе?
“Канстытуцыйны Суд па прапановаз прэзідэнта, прэзідыума Усебеларускага народнага сходу, Палаты прадстаўнікоў, Савета Рэспублікі, Вярхоўнага Суда, Савета Міністраў дае заключэнні аю адпаведнасці Канстытуцыі законаў, указаў прэзідэнта, пастаноў Савета міністраў, нарматыўных прававых актаў іншых дзяржаўных органаў.
(…) Разгляд Канстытуцыйным Судом пытання аб адпаведнасці Закона Рэспублікі Беларусь ад 14 лютага 2023 года №251-3 “Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці палітычных партый і іншых грамадскіх аб’яднанняў” (яго асобных палажэнняў) Канстытуцыі магчымы толькі ў выпадку ўнясення у Канстытуцыйны суд адпадведнай прпановы адным з упаўнаважаных суб’ектаў”, — напісаў начальнік сакратарыята Канстытуцыйнага суда В.І.Селядзеўскі.
