
Дакаціліся! На хакейным турніры ў Казахстане юніёрская зборная Беларусі саступіла жаночай камандзе Расіі.
Днямі ў Астане прайшоў міжародны хакейны турнір Eurasia Jastar Cup, у якім удзельнічалі юніёрская зборная Расіі U16, юніёрскія зборныя Казахстана і Беларусі U18, а таксама жаночая нацыянальная каманда Расіі.
У межах асноўнага спаборніцтва адбыўся таксама міні-турнір па хакеі ў фармаце “3 на 3”. Вось падчас гэтага турніру беларуская зборная і “ўляпалася ў гісторыю”.
Па-першае, прайграла расійскім хакеістам, якія па ўзросце малодшыя за беларусаў на два гады. А ў матчы за трэцяе месца беларускія “зоркі” і наогул прайгралі жаночай камандзе Расіі – 0:1. Розныя “дасягненні” былі ў гісторыі беларускага хакея, але, здаецца, дзяўчатам хакеісты да гэтага яшчэ ні разу не прайгравалі. Зрэшты, як кажуць, у жыцці заўсёды ёсць месца для подзвігу.
Дарэчы, вясной 2021 года хакейная зборная Беларусі U-18 выступала на чэмпіянаце свету ў элітным дывізіёне, дзе стала шостай з дзесяці каманд. Праўда, апошнім часам каманда, як вядома, патрапіла пад санкцыі, а таму даводзіцца выступаць і на такіх другасных турнірах. Хаця, як высветлілася, і тут можна “праславіцца”. Рэакцыя балельшчыкаў на форумах была суадносная:
– Прайгралі дзецям, якія былі на два гады малодшыя, а зараз дзяўчатам. Федэрацыя – прыгажуны, добра хлопцаў падрыхтавалі;
– Хлопцы залатымі літарамі ўпісалі свае імёны ў гісторыю беларускага хакея;
– Зараз скажуць, што жанчыны павінны боршч на кухні варыць, а не па хакейнай пляцоўцы бегаць;
– Гэты турнір выглядае, як першакрасавіцкі жарт у лютым.
“Я расчараваўся гэтым вынікам, – апраўдваўся пасля гульні галоўны трэнер юніёрскай зборнай Беларусі Дзмітрый Шульга. – На жаль, хлопцы не забілі ніводнага гола з гульні. Гэта вельмі насцярожваючы фактар. Так, стваралі шмат момантаў, пагражалі варотам, аднак камандзе не хапіла правільных рашэнняў, якія былі б неабходныя ў тых сітуацыях. Чамусьці ў самыя патрэбныя моманты мы пачынаем рабіць тыя рэчы, якія не патрэбны.
А расіянкі – малайцы! Пасля забітага гола пайшлі ў абарону, вельмі добра адпрацавалі ля сваіх варот. І варатар саперніц, безумоўна, злавіў кураж. На жаль, нам не ўдалося яе прабіць, нягледзячы на тое, што і ў большасці гулялі, і валодалі шайбай, і кідалі па варотах. Для нашых ігракоў такі матч павінен стаць нагодай пераасэнсаваць свае адносіны да справы. Спадзяюся, пасля гэтай гульні хлопцы зробяць правільныя высновы”.
Дарэчы, масла ў агонь падліла і публікацыя ў расійскім выданні “Спорт-экспресс”, у якой сцвярджалася, што пасля таго матча “ў якасці пакарання галоўны трэнер зборнай Беларусі U18 Дзмітрый Шульга пакінуў начаваць сваіх ігракоў ў раздзявалцы “Барыс-Арэны”.
Праўда, праз нейкі час той жа Шульга абверг змешчаную ў СМІ інфармацыю:
“Натуральна, ніхто начаваць хакеістаў у раздзявалцы не пакідаў. Хаця прапанова цікавая, будзем мець на ўвазе. Але гэта не наш метад. Зразумела, што вынік нас не задаволіў, і хлопцы былі пасля гульні расчараваныя і маральна прыгнечаныя. Здараюцца матчы, пасля якіх не хочацца нічога, нават пераапранацца. Але ж гэта не нагода начаваць на арэне.
Таму каманда як звычайна адправілася ў атэль, павячэралі і пайшлі спаць. Усё-такі наперадзе ў нас яшчэ адзін паядынак, таму трэба было добра падрыхтавацца. А гэта наўрад ці можна было зрабіць ноччу ў раздзявалцы”.
Варта адзначыць, што на наступны дзень беларускія юніёры ўзялі рэванш над жаночай зборнай Расіі, перамогшы ў звычайным фармаце (“5×5”) з лікам 12:0.
Праўда, у памяці многіх усё-такі застанецца не гэта перамога, а той канфуз, які здарыўся да гэтага. Як шчыра сказаў той жа Шульга: “Расійскія дзяўчаты патрапілі ў гісторыю, а мы ўляпаліся”.