Каму цікавыя Гульні краін Садружнасці?

Фота з адкрытых крыніц.

Запланавана, што спаборніцтвы пройдуць  з 4 па 15 жніўня ў 11 гарадах Беларусі па 20 відах спорту.

На сайце выканаўчага камітэта СНД гаворыцца, што наданне статуса спартыўнай сталіцы Садружнасці гарадам дзяржавам-удзельніцам СНД дазволіць ярка раскрыць іх спартыўны патэнцыял на прасторы Садружнасці, пашырыць магчымасці для далучэння насельніцтва да заняткаў фізічнай культурай і спортам, прыцягне дадатковыя рэсурсы, у тым ліку для інфраструктурнага ўдасканалення гарадоў.

Як вядома, спаборніцтвы будуць праводзіцца ва ўсіх рэгіёнах краіны. Чакаецца, што колькасць удзельнікаў Гульняў дасягне 3 тысяч чалавек. Спартыўныя спаборніцтвы прапануецца правесці ў Мінску (лёгкая атлетыка, валейбол, мастацкая гімнастыка ў групавых і індывідуальных практыкаваннях, стральба кулявая, пляжны футбол, сучаснае пяцібор’е), Барысаве (міні-футбол), Салігорску (вольная, жаночая, грэка-рымская барацьба), Маладзечне (пляжны валейбол), Брэсце (гандбол), Оршы (бокс, тайландскі бокс), Жлобіне (дзюдо, самба), Гродне (баскетбол 3х3, цяжкая атлетыка), Магілёве (плаванне і стральба з лука).

Раней планавалася, што ў Гульнях СНД прымуць удзел дэлегацыі Беларусі, Азербайджана, Арменіі, Казахстана, Кыргызстана, Малдовы, Расіі, Таджыкістана, Туркменістана і Узбекістана.

Адным словам, кампанія можа сабрацца нядрэнная. Ва ўмовах ізаляцыі, калі многія беларускія спартсмены апынуліся на ўзбочыне міжнароднага спартыўнага жыцця, і такія Гульні за шчасце. Своеасаблівы міні-чэмпіянат СССР, які могуць разбавіць спартсмены з Манголіі, Кубы ці Ірана.

Невядома, каму будуць цікавыя такія вынікі і такія турніры, але, як кажуць, калі няма рыбы, то і рак – рыба. Тым больш, што за ўдзел у Гульнях СНД спартсменам штосьці і заплацяць. А лішняя капейка не пашкодзіць.

Сяргей ЗАБЛОЦКІ.