Камітэт дзяржкантролю ўзяўся за мясакамбінаты…

Фота з адкрытых крыніц.

З апошніх рашэнняў Камітэта дзяржаўнага кантролю – прыпыненне дзейнасці мясакамбіната №5 у Аршанскім раёне, а таксама прыватнага мясакамбіната ў Гатаве пад Мінскам.  Прычына — парушэнні ветэрынарна-санітарных правілаў, нормаў пажарнай і экалагічнай бяспекі.

Праверкі мясакамбінатаў пачаліся яшчэ ў канцы мінулага года. Так, у кастрычніку стала вядома, што КДК налічыў па краіне 130 «псеўдамясакамбінатаў».  Некаторыя зачыніў за «грубыя парушэнні» і «злачынную дзейнасць».  Як тлумачылі дзяржаўныя кантралёры, “на прадпрыемствах не выпускалі ніякай мясной прадукцыі, а толькі наразалі мяса на кавалкі і перапрадавалі з велізарнай нацэнкай”.

Наракалі на антысанітарыю. Напрыклад, прадстаўнік дзяржкантролю Мінскай вобласці Андрэй Мацяюк распавёў, што на “Навадворскім мясакамбінаце” выявілі бруд у памяшканнях і на сценах, непрыбраныя рэфрыжэратары, забітую каналізацыю, праблемы з водаправодам.

Таксама наракалі на незаконную пасярэдніцкую дзейнасць – маўляў, купляюць мяса па нізкіх коштах, накручваюць нацэнку, прадаюць прадпрыемствам замежжа, падаткі не плацяць.

«Спынена незаконная дзейнасць шасці груп грамадзян, якія выкарыстоўвалі 19 суб’ектаў гаспадарання, зарэгістраваных у Беларусі, Расіі і Балгарыі. У незаконную злачынную дзейнасць таксама былі ўцягнуты дзясяткі мясакамбінатаў, сельгасарганізацыі, райспажыўтаварыства і індывідуальных прадпрымальнікаў. Асноўныя парушэнні, выяўленыя пры правядзенні праверачных мерапрыемстваў, былі звязаны з ухіленнем ад выплаты падаткаў і ўтойваннем выручкі ад продажу як буйной рагатай жывёлы, так і прадуктаў жывёльнага паходжання», — расказалі ў Дэпартаменце фінансавых расследаванняў КДК.

У той жа час дзейнасць некаторых прадпрыемстваў была спынена да ліквідацыі парушэнняў.

Так, мясакамбінат №5 пад Оршай (ён знаходзіцца ў вёсцы Міцькаўшчына) раней ужо трапляў у поле зроку Дзяржкантролю. Ведамства адзначае, што “праца прадпрыемства спынена ў сувязі з тым, што да раней выяўленых парушэнняў, якія яго кіраўніцтва не ліквідавала, дадаліся новыя”. Так, падчас чарговай праверкі высветлілася, што на прадпрыемстве не падзелены сістэмы збору вытворчых і гаспадарча-бытавых сцёкавых вод, ён не падключаны да агульнагарадской каналізацыі, пры гэтым у камбіната адсутнічае ўласная сістэма ачышчальных збудаванняў. З-за гэтага сцёкавыя воды расцякаліся па прылеглых да вытворчых цэхаў землях.

З раней выяўленых парушэнняў, так і не было забяспечана належнае ўтрыманне і эксплуатацыя тэрыторыі і памяшканняў вытворчага аб’екта, а таксама санітарная апрацоўка тэхналагічнага абсталявання, інвентара, транспарту.

Адным словам, майце на ўвазе, што ў Беларусі “мясакамбінатам” можа называцца нават неахайны вясковы цэх.

Аліна ГЛІНСКАЯ.