Калонка Алеся НЯЎВЕСЯ

Калонка Алеся Няўвеся

Кажуць, што да віскі самагон наш блізкі

Гамяльчук спрабаваў вынесці з крамы прадукты і пляшку віскі на 170 рублёў. Калі злодзея затрымалі, ён растлумачыў, што грошай няма, а яму “трэба карміць і паіць дзіця”.

Гэта знаем мы даўно:

Людзі з крам, апроч гарэлкі,

Выкрадаюць і віно,

Асабліва ў панядзелкі,

Бо камусьці ў тыя дні

Найчасцей бывае блага:

Грошай больш няма ані,

І нясцерпна мучыць смага.

І таму дзівіўся люд

(“З крамы ўкралі віскі пляшку!”),

Бо ніхто ніколі тут

Не рашаўся з-за пакут

На падобную замашку.

Ну а хто ж украў? Рыгор,

Што жыве паблізу крамы,

Тую пляшку віскі спёр.

Ён піток не злосны самы,

Толькі ўсё ж сяды-тады

Добра можа ўзяць на грудзі,

Задурыць свае глузды –

Зрэшты, так гавораць людзі.

Калі ў краме ў абарот

Узяла яго ахова,

Ён “вады набраў у рот”,

Не сказаў спярша ні слова.

Гаварыць пачаў затым,

Як прыстрашылі Рыгора:

– Вам тут добра, маладым,

А ў мяне такое гора!

Ні рубля ў маёй машне.

А карміць-паіць дзіцёнка

Кожны дзень патрэбна мне…

Вось, сябры, аб чым гамонка!

Ён размазаў смаркачы.

– Дык не толькі ж ты каўбасы

І астатнія харчы

Нёс, – сказалі,  – міма касы.

Ты ж і віскі нёс з сабой –

Не кефір або смятану.

Дзеці п’юць такі напой?

– Я, сябры, хлусіць не стану:

П’юць заместа малака.

Вось і сам амаль з калыскі

Піў кефір, а спадцішка

Марыў я пра тое віскі!

Хоць з аховы слухачы

Пасмяяліся з Рыгора

(“Лепш глытаў бы смаркачы!”),

Пойдзе ён да пракурора…

* * *

Абмяркоўвалі пасля

Той эксцэс дзядзькі і цёткі:

– Ён, не меўшы ні рубля,

Віскі ўкраў для ўласнай глоткі!

І дадаў сусед Лявон:

– Ну нашто нам тое віскі?

Лепей жлукціць самагон –

Ён да віскі, кажуць, блізкі…

 

Спытай, што трэба

Калі жанчына раніцой

Пра дабрыню і розум твой

Загаварыла, дык не вер –

Спытай, што трэба ёй цяпер..

 

Мары і кашмары

У аптымістаў збываюцца мары,

А ў песімістаў – кашмары….

 

Гуляка

Мужчын мяняла на хаду,

Хаця былі выдатныя.

Казала:

– Замуж не пайду:

Пакрыўдзяцца астатнія.

 

Жыццёвы шлях

Перыяды такія ў чалавека:

Бібліятэка, дыскатэка, іпатэка.

 

Парада для смелых

Парада мужыкам усім:

Зрабіўся смелым? Закусі!

 

Самы шчыры смех

Спакваля адзін з калег

Стаў прыхільнікам сатыры.

Кажа ён:

– Зларадны смех,

Безумоўна, самы шчыры…

 

Любімыя штаны

Ёсць, пэўна, ў любога яны –

Любімыя нашы штаны,

З якімі спадручна ў жыцці,

Ды сорамна ў краму пайсці…