У судзе Ленінскага раёна г.Мінска пачаліся слуханні па справе праваабаронцаў. Усё ідзе да таго, каб прыцягнуць да крымінальнай адказнасці Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага, праваабаронцаў Валянціна Стэфановіча і  Уладзіміра Лабковіча, а таксама завочна Зміцера Салаўёва, які з’ехаў з краіны.

За высокім сталом ў мантыі суддзя Марына Запаснік, дзяржаўнае абвінавачванне падтрымлівае пракурор Аляксандр Кароль. Трое палітзняволеных утрымліваюцца пад вартай з 14 ліпеня 2021 года.

Суд адкрыты.

Алесь Бяляцкі, Уладзімір Лабковіч і Валянцін Стэфановіч размаўлялі з суддзёй на беларускай мове. Праваабаронцы заяўлялі хадайніцтвы –  весці працэс на беларускай мове і зняць кайданкі, бо гэта прыніжае іх годнасць. Суддзя не задаволіла  хадайніцтвы.

Бяляцкі заявіў яшчэ адно хадайніцтва –  даць перакладчыка з расійскай на беларускую, матываваўшы гэта тым, што ў недастатковай ступені валодае рускай мовай. На гэта абвінавачанаму адказалі, што ён знаёміўся з матэрыяламі крымінальнай справы на рускай мове і пытанняў пра разуменне ў яго не ўзнікла. Суд гэтае хадайніцтва таксама не задаволіў.

Па справе ўсяго 283 томы матэрыялаў, кожны ўтрымлівае да 300 старонак –  гэта рэкорд па “палітычнай” справе ў Беларусі. Алесь Бяляцкі заявіў, што не паспеў азнаёміцца з больш чым за 70 тамоў матэрыялаў. Прасіў даць яму час на іх азнаямленне. Але суд заявіў, што ў яго быў месяц для азнаямлення з матэрыяламі справы, і няма падставы для прадастаўлення яму дадатковага часу.

Па справе праходзяць каля 100 сведак, было праведзена больш за 100 ператрусаў па ўсёй краіне. Інтарэсы на судзе Зміцера Салаўёва прадстаўляе прызначаны  адвакат.

Абаронца Алеся Бяляцкага заявіла хадайніцтва аб змяненні меры стрымання яго на незвязаную з пазбаўленнем волі. Абаронца прывяла ў якасці аргумента сардэчна-судзінкавае захворванне Бяляцкага. Пракурор Аляксандр Кароль заявіў што «матэрыялы справы сведчаць пра тое, што Бяляцкі можа схавацца ад правасуддзя», і ён «не бачыць падстаў для змены яму меры стрымання». Марына Запаснік не задаволіла хадайніцтва.

Бяляцкі за кратамі ўжо 18-ы месяц.

Алесь Бяляцкі, Валянцін Стэфановіч і Уладзімір Лабковіч не прызналі віну ні па адным з артыкулаў Крымінальнага кодэкса, якія ім ставяцца ў віну.

На судзе дапыталі першага сведку па справе – заснавальніка і галоўнага рэдактара «Народнай Волі» Іосіфа Сярэдзіча. Ён даў паказанні на беларускай мове і сказаў, што паколькі не з’яўляўся супрацоўнікам «Вясны», то не ведае пра “ўнутраную кухню”. Грунтоўна адказаў на ўсе пытанні суддзі, пракурора, адвакатаў.

Астатнія сведкі, якіх планавалі сёння дапытаць, не з’явіліся ў суд. Двое з іх знаходзяцца за межамі Беларусі, а адзін не прыйшоў па стане здароўя. Суд вырашыў абвясціць іх паказанні, дадзеныя падчас следства. Першымі зачыталі паказанні праваабаронцы «Вясны» Алены Лапцёнак, якую таксама затрымлівалі 14 ліпеня 2021 года.

У прыватнасці, праваабаронцам ставяцца ў віну:

  • аплаты штрафаў за асобных асоб, «прыцягнутых на падставе судовых рашэнняў, якія ўступілі ў законную сілу, да адказнасці за адміністрацыйныя правапарушэнні, звязаныя з парушэннем грамадскага парадку і ўстаноўленага на тэрыторыі краіны парадку кіравання;
  • іншыя правапарушэнні, учыненыя ў сувязі з выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь»;
  • выплаты такім асобам грашовых кампенсацый за сродкі, затрачаныя імі на аплату штрафаў;
  • аплаты замест некаторых асоб, «якія ўчынілі названыя адміністрацыйныя правапарушэнні, рахункаў за харчаванне ў месцах адбыцця спагнанняў у выглядзе адміністрацыйных арыштаў»;
  • аплаты працы адвакатаў, «у тым ліку за абарону ў крымінальных працэсах шэрагу асоб, прызнаных падазраванымі і пасля прыцягнутых у якасці абвінавачаных па крымінальных справах, звязаных з грубым парушэннем грамадскага парадку, выразам пратэсту на дзеянні дзяржаўных органаў Рэспублікі Беларусь».

На падставе пастановы старшыні Следчага камітэта са згоды Генеральнага пракурора ў дачыненні да Зміцера Салаўёва праводзіцца спецыяльная вытворчасць. Крымінальная справа знаходзілася ў вытворчасці Галоўнага ўпраўлення па расследаванні злачынстваў у сферы арганізаванай злачыннасці і карупцыі Следчага камітэта.

Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.