Каб яны так гулялі!

Фота з адкрытых крыніц.

Мы ўжо прызвычаіліся, што беларускія футбалісты пра сябе звычайна заяўляюць не на футбольным полі, а пасля таго, як у чарговы раз патрапяць у скандальную гісторыю. Паказаць сябе ў матчах чэмпіянату Еўропы ці на клубным еўрапейскім узроўні, заключыць шматмільённы кантракт з вядучымі камандамі – сёння гэта не пра беларусаў. А вось “зарабіць сабе імя”, патрапіўшы ў скандал, – усё часцей і часцей. Зрэшты, як кажуць, і антырэклама – гэта рэклама.

На мінулым тыдні стала вядома, што Следчым камітэтам узбуджана крымінальная справа ў дачыненні да прадстаўніка дзеючага чэмпіёна краіны – салігорскага “Шахцёра”.

Падрабязнасці справы не раскрываюцца, але вядома, што “выяўлены факт аказання супрацьпраўнага ўплыву на вынік матча чэмпіянату Беларусі па футболе сярод каманд вышэйшай лігі”.

Следчы камітэт заявіў, што ў дачыненні да прадстаўніка ФК “Шахцёр” ўзбуджана крымінальная справа па ч.1 арт.14, ч.1 арт.253 (замах на подкуп удзельнікаў спартыўных спаборніцтваў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.

Паралельна з’явілася інфармацыя, што затрыманы прадстаўнік “Белшыны” (форвард бабруйскай каманды Дзмітрый Гомза) і дырэктар “Шахцёра” Аляксандр Марчанка. Многія адразу ж зрабілі выснову, што размова ідзе пра матч 30-га тура мінулага сезона паміж “Шахцёрам” і “Белшынай”, у якім “гарнякі” перамаглі 4:1 і заваявалі трэцяе запар чэмпіёнства.

Аднак, па некаторых звестках, гэтая гульня не мае адносін да справы, хаця ў тым матчы якраз Гомза і зарабіў для саперніка пенальці. У той жа час не было нават падазрэння на дамоўлены характар гульні, што пацвярджаюць і каэфіцыенты букмекерскіх кантор на той матч. У дамоўленым матчы з “Белшынай” наогул не было сэнсу.

“Магчыма, размова ідзе пра тое, што ў футбольных кулуарах называюць “стымуляваннем”. І вось тут “Белшына”, Гомза ці нехта іншы насамрэч могуць быць “пры чым”, – адзначае  football.by. – Верагодна, да справы датычны паядынак 19-га тура “Белшына” – “Дынама” (Мінск), які адбыўся 27 жніўня і завяршыўся з лікам 0:0. Быццам бы з боку Салігорска бабруйчанам ў выпадку паспяховага выніку супраць прамога канкурэнта “Шахцёра” было пэўнае ўзнагароджванне. Гэта тлумачыць, чаму няма прэтэнзій з боку праваахоўных органаў да кагосьці з футбалістаў ці трэнерскага штаба “Шахцёра”.

Адным словам, скандал можа аказацца гучным, бо для “Шахцёра” ёсць пагроза, што клуб могуць пазбавіць чэмпіёнства. І гэта будзе штука больш моцная, чым “Фауст” Гётэ! Што нам удзел у Лізе чэмпіёнаў, калі і так “праславімся” на ўсю Еўропу?!

Зрэшты, скандалы з дамоўленымі матчамі ў Беларусі – гэта, калі і не норма, то ўжо “добрая” традыцыя.

У свой час стала вядома, як у 2003 годзе на базу зборнай Беларусі ў “Стайках” прыязджаў былы варатар нацыянальнай каманды Валерый Шанталосаў і прапаноўваў некаторым ігракам грошы ў абмен на патрэбны вынік у гульнях з Чэхіяй і Малдовай. Каманда павінна была прайграць з розніцай у два і адзін мячы суадносна, што, уласна кажучы, і адбылося.

Праз два гады пасля гэтага матэрыялы перадалі ў пракуратуру, крымінальная справа была ўзбуджана, але ў выніку яна закончылася, можна сказаць, нічым. У 2008 годзе справу накіравалі ў Расію, дзе працаваў Шанталосаў, там яе і закрылі за тэрмінам даўніны.

У 2017 годзе справа аб дамоўленых матчах у першай лізе чэмпіянату Беларусі дайшла-такі да суда. Як высветлілася, заказчыкі былі расійскія і украінскія, а выканаўцы – беларускія. Апошнія былі гатовы прадацца нават за некалькі соцень долараў. У выніку розныя фігуранты атрымалі розныя пакаранні, але не звязаныя з пазбаўленнем волі.

А вось у 2020 годзе адбыўся яшчэ адзін “ваколфутбольны” судовы працэс, і тады былога іграка наваполацкага “Нафтана” і “Оршы” Аляксея Казлова асудзілі на рэальны тэрмін зняволення – два гады ўзмоцненага рэжыму. Некаторыя з фігурантаў той справы атрымалі “хімію”, як, напрыклад, былы нападаючы нацыянальнай зборнай Беларусі Віталь Ланько. Праз год, праўда, ён ізноў узяўся за старое – спрабаваў арганізаваць чарговы дамоўлены матч, пасля чаго быў адпраўлены на тры гады ў калонію.

Адным словам, ёсць “майстры” ў беларускім футболе! Шкада толькі, што свае таленты накіроўваюць не ў тое рэчышча. Каб яны так на футбольным полі гулялі!