Юрась Пацюпа – лаўрэат Стральцоўскай прэміі

Фота з адкрытых крыніц.

Традыцыйны паэтычны фестываль памяці Міхася Стральцова “Вершы на асфальце” прайшоў сёлета ў Вільнюсе. Сяброўскае плячо дапамогі беларускім творцам, чыя прафесійныя арганізацыі – Саюз пісьменнікаў і Беларускі ПЭН-Цэнтр – былі ліквідаваны пасля падзеяй 2020 года рашэннем Вярхоўнага Суда, падставіў Саюз пісьменнікаў Літвы. У яго памяшканні і адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю.

Словы салідарнасці на адрас грамадзянскай супольнасці Беларусі прагучалі з вуснаў кіраўніц пісьменніцкіх арганізацый Літвы і Швецыі – Біруты Янушкайтэ і Грэт Ротбёл. У іх выступленнях адчувалася веданне беларускіх праблем, гатоўнасць і надалей дапамагаць калегам, якія трапілі пад палітычны пераслед і рэпрэсіі.

У межах фестывалю адбылася прэзентацыя кнігі “Алесь” – пра Алеся Бяляцкага, літаратуразнаўцы і праваабаронцы, які летась быў адзначаны Нобелеўскай прэміяй. Герой кнігі знаходзіцца за кратамі, таму яе прадставілі публіцы калегі-праваабаронцы.

Цікава і надзвычай шматгалоса прайшла прэзентацыя кніжнай серыі “Паэты планеты” (выдавец Зміцер Колас), у якой ужо выйшлі 100 зборнікаў найлепшых паэтаў свету. Творчасць Максіма Багдановіча прадстаўляў Андрэй Хадановіч, які перастварыў па-беларуску рускамоўныя вершы класіка. Вершы Міколы Зэрава і Баляслава Лесьмяна ў сваіх перакладах чытаў Алег Мінкін, Паўля Цэлана – Юлія Цімафеева, Антонія Эдварда Адынца – Марыя Мартысевіч, Дзмітра Паўлычкі – Уладзімір Някляеў і Міхась Скобла, Марыі Паўлікоўскай-Яснажэўскай – Ганна Янкута, Уладзіслава Шленгеля – Кацярына Маціеўская… Мабыць, упершыню ў адным месцы прагучала столькі замежных паэтаў па-беларуску.

Яшчэ адным мастком творчага сяброўства паміж беларускімі і літоўскімі творцамі стала анталогія беларускай паэзіі на літоўскай мове “Baltaі – Raudonaі – Baltaі”, якую прадставілі літоўскія паэты-перакладчыкі Марыюс Бурокас і Вітас Дэкшніс.

А асноўнай падзеяй насычанай фестывальнай праграмы стала абвяшчэнне лаўрэата Літаратурнай прэміі імя Міхася Стральцова.

Калі адзін з арганізатараў фестывалю Барыс Пятровіч назваў імя Юрася Пацюпы і прадэманстраваў публіцы яго свежавыдрукаваную кнігу “Рой”, зала адгукнулася працяглымі апладысментамі.

Праўда, лаўрэат на ўласнае ўганараванне таксама не трапіў – з-за візавых праблем.

Шкада, што Стральцоўскі паэтычны фестываль ужо другі раз праходзіць за мяжой. Да гэтага дзесяць фестываляў ладзіліся ў Мінску і былі прыкметнымі падзеямі ў культурным жыцці беларускай сталіцы.

Антон ЗАГОРСКІ.