
Суддзя Уладзімір Арэшка агучыў прысуд Эдуарду Бабарыку — сыну былога кіраўніка «Белгазпрамбанка», які ў 2020 годзе паспрабаваў стаць прэзідэнтам. Як і бацька, сын асуджаны да зняволення. Прыгавор — 8 гадоў калоніі.
Эдуард узначальваў перадвыбарчы штаб бацькі. Абодвух затрымалі яшчэ да выбараў, калі яны везлі ў ЦВК подпісы, сабраныя для вылучэння Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты.
Праз год Віктара Бабарыку асудзілі да 14 гадоў калоніі. А Эдуард заставаўся пад следствам больш за тры гады. Падчас судовага працэсу ён хадайнічаў, каб бацька быў дапытаны ў судзе ў якасці сведкі. Пракурор пагадзіўся. Але, наколькі вядома, на суд над сынам Віктара Бабарыку так і не даставілі.
Эдуарда Бабарыку абвінавацілі паводле ч. 3 арт. 130 (распальванне сацыяльнай варажнечы), ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў), ч. 2 арт. 235 (легалізацыя сродкаў, атрыманых злачынным шляхам), ч. 2 арт. 243 (ухіленне ад выплаты падаткаў) Крымінальнага кодэкса Беларусі.
Пракурор Аляксандр Кароль прасіў для яго 10 гадоў калоніі.
Згодна беларускаму заканадаўству, адзін дзень у следчым ізалятары залічваецца як 1,5 дня ў калоніі. Але першыя паўтара гады ў СІЗА Бабарыку-малодшаму ў агульны тэрмін не залічылі.