
Нагадаем, што Эдуард Бабарыка займаўся бізнесам, быў заснавальнікам некалькіх краўдфандынгавых пляцовак. Кіраваў перадвыбарным штабам свайго бацькі Віктара Бабарыкі на прэзідэнцкіх выбарах. Эдуард бесперапынна ўтрымліваецца пад вартай без суда ўжо больш за два гады і дзевяць месяцаў!
Яго затрымалі разам з бацькам 18 чэрвеня 2020 года.
“Першапачаткова крымінальную справу ў дачыненні да Эдуарда Бабарыкі вёў КДБ, у следчым ізалятары якога Эдуард знаходзіўся каля 17 месяцаў, а ў лістападзе 2021 года быў пераведзены ў СІЗА МУС на вуліцы Валадарскага, – распавядалі абаронцы Эдуарда Бабарыкі. – Эдуарду рэгулярна працягваўся тэрмін утрымання пад вартай. Але калі 18-месячны тэрмін утрымання падыходзіў да завяршэння, іншы орган крымінальнага пераследу – Следчы камітэт – прыйшоў да высновы, што Эдуард здзейсніў іншыя злачынствы па іншых артыкулах. Адпаведна, яго зноў змясцілі пад варту (фізічна з-пад варты ён і не вызваляўся), але гэта зрабіў іншы орган па іншай справе.
Цяпер у выніку такога элегантнага манеўра цалкам верагодна, што Эдуард можа заставацца ў СІЗА яшчэ 18 месяцаў цягам расследавання, якое вядзе ўжо Следчы камітэт”.
Абарона Эдуарда Бабарыкі абскарджвала працягненне тэрміну ўтрымання пад вартай спачатку ў судзе Партызанскага раёна Мінска, а затым у Мінскім гарадскім судзе, але безвынікова.
“Навін пра тое, як рухаецца справа, зусім няма, але, па некаторай інфармацыі, следства можа быць завершана ў бліжэйшыя месяц-два, – кажуць знаёмыя Эдуарда Бабарыкі. – Напэўна, з гэтай нагоды будзе афіцыйная заява КДБ ці Следчага камітэта”.
Па словах суразмоўцаў, у следчым ізалятары Эдуард Бабарыка працягвае займацца фізкультурай і ёгай, чытае кнігі. Адным словам, наколькі гэта магчыма ў такіх умовах, самаўдасканальваецца.
18 сакавіка было два гады і дзевяць месяцаў, як Бабарыка-малодшы знаходзіцца ў СІЗА на стадыі папярэдняга следства. У такой фармуліроўцы ён – рэкардсмен па часе знаходжання пад вартай.