
Кваліфікацыйная камісія па пытаннях адвакацкай дзейнасці пазбавіла ліцэнзій чатырох адвакатаў, а яшчэ чатыром абвясціла аб няпоўнай адпаведнасці па выніках пазачарговай атэстацыі.
Ліцэнзій пазбавілі Аляксандра Уласевіча і Святлану Якушаву з Віцебскай абласной калегіі адвакатаў, а таксама раней выключаных з Мінскай абласной калегіі адвакатаў Юрыя Козікава і Арцёма Сям’янава. Прычынай названа «здзяйсненне імі правін, не сумяшчальных са званнем адваката».
Юрый Козікаў абараняў Максіма Знака і экс-следчага Яўгена Юшкевіча. Ён, дарэчы, муж Ірыны Козікавай, сястры палітзняволенага Максіма Знака.
Арцём Сям’янаў — адвакат Валянціна Стэфановіча, Таццяны Кузінай, Ігара Лосіка, Паўла Белавуса. Абодвух юрыстаў затрымлівалі ў сакавіку, яны адсядзелі суткі.
Пра Святлану Якушаву вядома, што яна была адным з лепшых адвакатаў Віцебска, мае Ганаровыя граматы Рэспубліканскай калегіі адвакатаў за высокапрафесійную працу, амаль чвэрць стгоддзя аддала адвакатуры.