Якія дрэвы нельга саджаць на садовым участку?

Фота з адкрытых крыніц.

Дасведчаныя дачнікі добра ведаюць, што ёсць нямала раслін, якія не рэкамендуецца саджаць на сваім участку.

Адны дрэвы занадта моцна раскідваюць свае карані і «акупуюць» тэрыторыю, а іншыя могуць нашкодзіць глебе.

Людзі вераць і ў прыкметы, згодна з якімі некаторыя дрэвы каля дома лепш не саджаць. Што гэта за правілы і прыкметы? 

Хвоя перашкаджае іншым дрэвам

Кожны з нас не раз чуў, што ў хвоі добрая энергетыка, а само дрэва станоўча ўплывае на аздараўленне паветра. Аднак вы маглі заўважыць, як у тых жа сасновых лясах побач з хвоямі нічога не расце, а глеба – жоўтага колеру. Праблема заключаецца ў тым, што хвоя стварае амаль пастаянны цень. Глеба не ўзбагачаецца, а ігліца ёй ніяк не дапамагае. Менавіта таму побач з хвояй звычайна нічога не расце.

 Народныя прыкметы супраць елкі і туі

У адрозненне ад хвоі, елка так моцна не зацяняе ўчастак, але супраць яе – народныя прыкметы. Здаўна людзі верылі, што гэта дрэва губіць ураджай і выганяе з дому мужчын. Прычым, негатыўная асацыяцыя з елкай у двары стваралася стагоддзямі.

Што тычыцца туі, то яе называюць вельмі зручнай раслінай, якая добра выглядае і не патрабуе нейкага асаблівага клопату. Але існуюць народныя прыкметы і наконт туі. З аднаго боку, людзі лічаць, што яна адганяе злых духаў. З другога, – што туя перашкаджае дзяўчыне выйсці замуж. 

Што не так з бярозай?

Бяроза – дрэва рамантыкі. Лічыцца, што яно засцерагае ад чагосьці злога. Але вось у двары яе саджаць не раяць. Згодна з прыкметами, бяроза дрэнна адбіваецца на здароўі гаспадыні хаты і нібыта можа нават справакаваць бясплоддзе.

Таксама бяроза шкодзіць іншым раслінам, паколькі ў яе шырокія карані, якія забіраюць усю ваду з глебы. 

Не раяць саджаць і дуб

Дуб даўно лічыцца сімвалам даўгалецця. Аднак некаторыя ў народзе вераць, што яго наяўнасць у двары можа негатыўна адбіцца на здароўі гаспадара.

Таксама ў дуба магутныя карані, якія могуць прабрацца пад падмурак дома. 

Прыкметы кажуць, што нельга саджаць вярбу

У народзе лічаць, што людзі, якія пасадзілі вярбу, будуць плакаць.

Асабліва жорсткія папярэджанні прыкметы даюць тым, хто вырашыў пасадзіць вярбу пад вокнамі. У народзе існуе павер’е, што вярба пад акном здольная прынесці вялікія беды. Яна лічыцца прадвесніцай чыёй-небудзь смерці. Нібыта менавіта са ствала вярбы пад акном “будзе выраблена рыдлёўка, якая неўзабаве спатрэбіцца, каб капаць магілу для памерлага”.

 Лепш не саджаць таполю

Таполю не раяць саджаць, паколькі гэта вельмі крохкае дрэва з полым ствалом. Ад моцнага ветру яно можа зламацца і ўпасці.

Да таго ж, у многіх людзей алергія на тапаліны пух. 

Якое дрэва абараняе ад негатыву?

Каля дома народныя прыкметы адназначна раяць саджаць вішню.

Вішня – дрэва асабліва ўшанаванае нашымі продкамі. Яно квітнее раней, чым апранаецца ў лісце, сімвалізуючы прыход чалавечай душы ў зямное жыццё. Далікатныя духмяныя вішнёвыя кветкі асацыяваліся з нявестай, салодкія ягады – са шчаслівым мацярынствам, вішнёвы сад – з квітнеючым сямействам. Таму каля дома абавязкова высаджвалі вішню для прыцягнення ўдачы і дабрабыту да ўсіх, хто ў ім пражывае.

У народзе здаўна лічылася, што пасадка вішні сур’ёзна ўплывае на лёс чалавека, накіроўваючы ход падзей у лепшы бок.

Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.