Міністр спорта і турызма Беларусі Сяргей Кавальчук. Фота з сайта sportedu.by

Днямі міністр спорта і турызма Беларусі Сяргей Кавальчук, аналізуючы эканамічныя наступствы абмежаванняў і санкцый, што былі накладзены на беларускі спорт, зрабіў, можна сказаць, сенсацыйную заяву. Гэта абсалютна новае слова ў спартыўнай галіне, бо такога ў нас, відаць, яшчэ не чулі!

“Наконт таго, наколькі эфектыўна нам удаецца прымаць новыя выклікі, лепш за ўсё скажуць лічбы, – распавёў Кавальчук часопісу Нацыянальнага алімпійскага камітэта. – Нягледзячы на ўсе санкцыі, беларускі спорт развіваецца, мы праводзім шмат спаборніцтваў з прыцягненнем замежных спартсменаў, самі ўдзельнічаем у турнірах. Так, акцэнт змяніўся: сёння глядзім у бок краін ШАС (Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва) і БРЫКС (міждзяржаўнага аб’яднання пяці краін: Бразіліі, Індыі, Расіі, КНР і ПАР). Гэтая сітуацыя нас аб’яднала, куды больш прадуктыўна сталі супрацоўнічаць з расійскай спартыўнай сістэмай, разам карэктуем планы, пераглядаем каляндары спаборніцтваў”.

Спартыўны чыноўнік прыйшоў да высновы, што ў Расіі ўсе віды спорта знаходзяцца на больш вышэйшым узроўні, чым у сярэднім у свеце, таму “пастаянныя выступленні, канкурэнцыя з расійскімі атлетамі, правядзенне сумесных трэніровачных збораў – гэта атрыманне вялізнай практыкі і неверагодная карысць”.

“Калі ў 2021 годзе на спаборніцтвах у Беларусі удзельнічалі 1803 прадстаўнікі Расіі, а нашых у Расійскай Федэрацыі – 595, то ў 2022 годзе гэтыя лічбы выраслі ў некалькі разоў, – апеляваў С.Кавальчук. – Гэта гаворыць, у тым ліку і пра тое, што ўсе базы загружаны, аб’екты інфраструктуры выкарыстоўваюцца, спаборніцтвы праходзяць.

Расія – цудоўны плацдарм для спаборніцтваў…

І вось тут Сяргей Кавальчук плаўна пераходзіць да сваёй галоўнай высновы, да якой ён “дагрукаўся”, напэўна, за той час, пакуль беларускі спорт знаходзіцца ў міжнароднай ізаляцыі:

“Па сваёй тэрыторыі Расія ў разы большая за Еўропу. Так, там 50 дзяржаў, але ў Расіі 86 рэгіёнаў! Што мы губляем? Нічога! А вось дарагіх пералётаў у Еўропу, выдаткаў на пражываенне, зборы і харчаванне не стала, усяго гэтага ў артыкуле выдаткаў больш няма. З эканамічнага пункта гледжання – вялізны плюс!”

Брава, маэстра! Як толькі да такой бліскучай формулы эканоміі дзяржаўнага бюджэта не дадумаліся былыя міністры спорта? Пры папярэдніках Кавальчука, праўда, на Алімпіядах зборная Беларусі заваёўвала не 7 медалёў, як на апошняй у Токіа, а па дваццаць узнагарод дадому прывозіла, але гэта справа трэцяя. Галоўнае наша дасягненне зараз – “выдаткаў на дарагія пералёты ў Еўропу, пражыванне, харчаванне і зборы” ўжо не стала.

Праўда, тут празвінеў трывожны званочак для зборнай Беларусі па футболе, якая не адхілена ад удзелу у міжнародных спаборніцтвах і працягвае лётаць па Еўропе, пры гэтым і на “дамашнія” матчы, якія праходзяць у Сербіі. У такой сітуацыі нацыянальная футбольная каманда, можна сказаць, як белая варона, карысці ад якой практычна ніякай, а вось “з эканамічнага пункта гледжання – вялікі мінус”. Толькі псуе статыстыку па эканоміі дзяржаўных грошай.

Ды і наогул, нават калі беларускі спорт пазбавіцца міжнароднай блакады, варта падумаць пра высновы Кавальчука наконт таго, каб больш не лётаць на спаборніцтвы ў Еўропу. Навошта, калі ў Расіі 86 рэгіёнаў? Тым больш, і па вушах ніхто даваць асабліва не будзе за правальную работу і адсутнасць вынікаў на буйных міжнародных стартах.

Дарэчы, у мінулым месяцы ў Палацы Незалежнасці адбылася нарада па пытаннях развіцця спорта. На мерапрыемства ў тым ліку быў запрошаны і міністр спорта і турызма Сяргей Кавальчук.

“Я часам задаюся пытаннем: а што тут развіваць, у нас чаго не хапае, каб нашы каманды, нашы спартсмены выступалі на самым высокім узроўні? – запытаўся А.Лукашэнка. – Падчас гэтай нарады я хацеў бы пачуць, чаго вам не хапае: якіх спартыўных пляцовак, збудаванняў і іншага, каб на Алімпіядзе заваёўваць 20-30 медалёў? Мы некалі столькі мелі. Калі не было наогул ніякай спартыўнай інфраструктуры”.

Уцямнага адказу тады ад Кавальчука не пачулася. Як і абяцанняў, што згаданыя 20–30 медалёў калі-небудзь з’явяцца.

Што і казаць, ад ізаляцыі сёння пакутуюць больш за ўсё спартсмены. А чыноўнікі, тым часам, у апраўданне сваёй непрафесійнасці вынаходзяць розныя “формулы”. Яны ж тэарэтыкі, а не практыкі.

Алесь СІВЫ.

Публікацыя з № 4 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.