Як пражыць больш за 100 гадоў?

Прафесар Іван Данілаў. Фота https://medvestnik.by.
Прафесар Іван Данілаў. Фота https://medvestnik.by.

«Злосць зніжае імунітэт”, — раскрывае сакрэты даўгалецця вядомы беларускі прафесар, аўтар гістарычных кніг Іван Данілаў.

Яму 99-ы год. Ён на “ты” з камп’ютарам, сочыць за навінамі, ведае, што адбываецца ў свеце, жвавы, з гумарам.

Іван Данілаў. Фота з сайта medvestnik.by.
Іван Данілаў. Фота з сайта medvestnik.by.

Як дажыць да саліднага ўзросту, захаваць розум і проста не стаміцца жыць?

“Ніколі не трэба трымаць злосці, — адказвае Іван Пятровіч Данілаў на пытанне пра даўгалецце. — Злосць зніжае імунітэт. Калі адчуваеце штосьці падобнае, схадзіце на споведзь — яна сапраўды мае лячэбны эфект.

Каб падтрымліваць сябе ў тонусе, я часам гуляю з камп’ютарам у шахматы. Нядаўна ўнук устанавіў мне больш складаную версію. Спачатку прайграваў, але зноў пачаў даволі часта выйграваць. Прыемна.

Цяпер на замову выдавецтва перакладаю адну са сваіх кніг. Гэта штодзённая праца, якая таксама мне вельмі падабаецца.

І яшчэ важны момант — амаль кожны дзень я выходжу на прагулку. Ведаеце, старасць пачынаецца з ног. Як толькі чалавек перастае рухацца — хутка атрафіруюцца ўсе мышцы, у тым ліку сардэчныя. Памятайце: Via est vita —  «Дарога — гэта жыццё»!

Профіль

Іван Данілаў — вядомы беларускі вучоны ў галіне гематалогіі і трансфузіялогіі, тэрапеўт, доктар медыцынскіх навук, прафесар.

У верасні гэтага года Івану Данілаву будзе 99 гадоў.

“У 1964 годзе Іван Данілаў быў прызначаны дырэктарам Беларускага НДІ гематалогіі і пералівання крыві, — адзначае medvestnik.by. — Адначасова (на працягу 10 гадоў) быў галоўным гематолагам Міністэрства аховы здароўя БССР. Іван Пятровіч вельмі шмат зрабіў для ўдасканалення гематалагічнай службы ў Беларусі  і вырашэння праблем донарства. Праўда, самому стаць донарам не давялося (у маладосці перанёс хваробу Боткіна). Вучоны працаваў над пытаннямі прымянення стэроідных гармонаў. Вывучаў праблемы, звязаныя з паталогіяй органаў дыхання. Укараніў новы метад ацэнкі імуннага статусу ў хворых хранічным бранхітам, зацяжной пнеўманіяй; метад ранняй дыягностыкі хранічнага «лёгачнага сэрца».

Загадваў лабараторыяй гематалогіі НДІ радыяцыйнай медыцыны, вывучаў рэгіянальныя характарыстыкі крывятварэння ў жыхароў тэрыторый, забруджаных радые- нуклідамі пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС”.