
Жыхар Брэста, праваслаўны вернік Сяргей Стэфанюк атрымаў з гарвыканкама адказ на свой зварот, у якім прапаноўваў перайменаваць плошчу і вуліцу Леніна ў горадзе над Бугам.
Замест помніка натхніцелю ваяўнічага атэізму, які знаходзіцца насупраць каталіцкага храма, вернік прапанаваў ўсталяваць постаць Святога Мікалая, плошчу Леніна перайменаваць у плошчу Найсвяцейшай Багародзіцы, а вуліцу Леніна – у вуліцу Хрысціянскую.
Таксама ён прапаноўваў змяніць назву Ленінскага раёна Брэста.
Сваю ідэю жыхар горада матываваў так:
«Усе кіраўнікі ў Беларусі павіншавалі грамадзян з Раством Хрыстовым. Горад Брэст – гістарычна хрысціянскі горад. Мяне як хрысціяніна, ахрышчанага ў праваслаўнай царкве, турбуе пытанне: як можа быць, што ў хрысціянскім горадзе з тысячагадовай гісторыяй, дзе 17 праваслаўных храмаў, 5 каталіцкіх касцёлаў, больш за 10 пратэстанцкіх дамоў малітвы, цэнтральная плошча горада (помнік у цэнтры горада), цэнтральная вуліца, адзін з двух раёнаў горада названы ў гонар лютага багаборца, праціўніка хрысціянства Леніна, натхняльніка і заснавальніка часопісаў «Бязбожнік», «Чырвоны д’ябал», на сумленні якога разбурэнне храмаў, кроў і жыцці духавенства, манахаў, загінулых за веру».
Цяпер вернік апублікаваў атрыманы з гарвыканкаму адказ.
У ім гаворыцца, што помнік Леніну прызнаны гісторыка-культурнай каштоўнасцю, таму дэмантаж яго забаронены законам. Але меркаванне жыхара аб перайменаванні вуліцы Леніна “прынята да ведама”.
Ніна ЖВІРКО.