Калонка Алеся Няўвеся

На прыватным агракамбінаце ў Нясвіжы затрыманы заатэхнік, які на тушы жывёл ставіў іншае кляймо, і другая катэгорыя мяса ператваралася ў першую, прадукцыя ішла ў продаж па большай цане.

Вядома гэта ўсім калгасам,
Дый сам засведчыць я гатоў:
Каб пахваліцца добрым мясам,
Сагнаць патрэбна сем патоў.
І мяса кепскае, вядома,
Калі няўдалыя кармы.
Парою ў ход ідзе й салома
Падчас галоднае зімы.
Дый летам ёсць бяда такая,
Калі лянуецца пастух
І лепшай пашы не шукае.
Ну, словам, трэба шмат патуг,
Каб мяса самай лепшай “пробы”
Было ў народа на стале,
Усім прыйшлося даспадобы,
І елі ўсмак яго.
Але
Імкнуцца гэткія патугі
Рабіць не ўсе і не заўжды –
Ні дабрахоць і ні з-пад пугі.
Быў заатэхнік малады,
Што родам, мусібыць, не з вёскі,
З такой кагорты акурат
І выбраў шлях, як кажуць, коўзкі.
Ягоны агракамбінат,
Што на забой расціў гавяду
І гадаваў даўно свіней,
Сярод астатніх плёўся ззаду,
Сваю прадукцыю танней
Заўсёды аддаваў у крамы.
Што вельмі нізкая цана,
Гатунак мяса горшы самы –
І заатэхніка віна.
Ён хваляваўся, што з работы
Дырэктар, можа быць, турне.
Варочаць гной няма ахвоты…
“За мяса ён аддзячыць мне,
Як узрасце цана “да неба”.
Яно палепшыцца само!”
І для таго патуг не трэба,
Калі ў кішэні ёсць кляймо.
І мяса ўсё гатункам першым
Вазілі да народных мас.
Бадай, на гэтым мы завершым
Пра заатэхніка расказ:
Яго, гавораць, затрымалі,
І карай будзе не рубель…
* * *
З жыццём у якасці маралі
Хачу правесці паралель.
На жаль, не першага гатунку
Цяпер і нашае жыццё.
Усіх нас “выцягнулі ў струнку”,
Законы колюць, як асцё.
Лёс на людзей бяду абрушыў,
І ёй мы рады не дамо.
Калі ўжо Бог на нашы душы
Паставіць лепшае кляймо?

Нюх на гарэлку
– Як ні прыйду – ты п’еш заўжды,
Твой стол ніколі не пусты.
– Я не прапойца, дружа, ды
Саджуся піць – прыходзіш ты…

Каго мучыць сумленне?
Падказку дам для маладых,
Бо маюць вопыт небагаты:
Часцей сумленне мучыць тых,
Хто насамрэч не вінаваты…

Жаданне і мара
Мяне нядаўна думка напаткала
Часінай шарай:
Жаданне, на якое грошай мала,
Здаецца марай…

Жонка ці машына?
Калі дзверцы для жонкі мужчына
Адчыніў, каб не ляснула звонка,
Дык ці новая ў мужа машына,
Ці з’явілася новая жонка…

Наймудрэйшая расліна
Здзівіць нікога не павінна
Такая ісціна зямная:
Хрэн – наймудрэйшая расліна,
Бо ён усё на свеце знае…

Правільная малітва
Усім – старому й смаркачу –
Адно прасіць патрэбна ў Неба:
– Не так зрабі, як я хачу,
А так зрабі, Гасподзь, як трэба…

Не дружба, а каханне
Калі ўжо для адносін часу
Няма вялікага запасу,
Дык з дружбы вельмі мала толку –
Дарэчы тут каханне толькі.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.