Мікалай Казека. Фота: Максiм Малiноўскi

Для аматараў спорту фігура знакамітага трэнера беларускіх фрыстайлістаў, можна сказаць, легендарная.

Мікалай Казека ўзначальваў нацыянальную каманду з 1993 года. Прызнаваўся лепшым трэнерам года ў Беларусі ў 2014-м і 2018 гадах. Кавалер ордэна Айчыны I, II і III ступеняў.

Вучні Мікалая Казекі заваявалі на зімовых Алімпійскіх гульнях сем медалёў рознай вартасці, у тым ліку чатыры залатыя.

Але на апошняй зімовай Алімпіядзе зборная фрыстайлістаў выступала ўжо без свайго настаўніка, які, да слова, нікому са сваіх вучняў не адмаўляў і хаця б парадамі дапамагаў рыхтавацца да Гульняў. І яны яго не падвялі – Ганна Гуськова заваявала серабро.

Чаму такі вядомы ва ўсім свеце трэнер патрапіў у няміласць спартыўных чыноўнікаў і іх куратараў? Таму што пасля выбараў, у жніўні 2020 года, Мікалай Іванавіч адкрыта выказаў сваю грамадзянскую пазіцыю.

“Я выказваўся, калі бачыў жорсткае збіццё мітынгуючых грамадзян нашай краіны, – распавядаў трэнер. – Не разгон пратэстуючых, а менавіта здзекі над затрыманымі. Іх павінны былі ахоўваць, бо яны і так былі ў палоне, а іх білі, зневажалі маральна. Навошта было хапаць усіх без разбору? Гэта, дарэчы, закранула і блізкіх мне людзей, сяброў, родных маёй жонкі… Таму і з’явіўся ліст дзеячаў спартыўнай галіны супраць гвалту”.

Ужо ў верасні Мікалай Казека быў пазбаўлены імянной прэзідэнцкай  стыпендыі.

“На адрас установы Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па фрыстайле паступіла выпіска з загада Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь ад 10.09.2020 г. аб спыненні выплаты імянной прэзідэнцкай стыпендыі ў сферы фізічнай культуры і спорту, – гаварылася ў дакуменце, які быў падпісаны дырэктарам цэнтра Сяргеем Марчанкам. – Загадана прыняць меры па забеспячэнні спагнання грашовых сродкаў, якія былі выплачаны ў перыяд з 13.07.2019 па 02.06.2020 гг.”

У лістападзе 2020 года вопытнейшага спецыяліста не ўзялі на зборы нацыянальнай каманды па фрыстайле, а пазней з ім прадказальна не працягнулі кантракт.

“На жаль, наша спартыўнае кіраўніцтва выбрала не канструктыўны дыялог, – казаў Мікалай Іванавіч. – Яно найперш сваім прыкладам абавязана было паказаць, што спорт па-за палітыкай, пастарацца разабрацца з болем, які нарадзіўся ў сэрцах спартсменаў. А калі атрымаецца, то і пераканаць.

Але яны выбралі пугу і рэпрэсіі. Гэта не па-спартыўнаму, не па-чалавечы. Калі кажуць, што ў зборнай “завалілі” ідэалагічную працу, мне становіцца смешна. Знайдзіце, калі ласка, яшчэ адну такую каманду, якая б з усіх Алімпіяд прывозіла б медалі, і да якой з такой павагай ставяцца ва ўсім свеце.

Мы сваю краіну славім, дэманструем свой патрыятызм, няглядзячы на прывабныя прапановы з іншых краін. Ніхто не ведае, колькі траўм, поту і крыві, маральных пакутаў гэта каштуе. Гэта наша кухня. І мне за сваіх хлопцаў і дзяўчат не сорамна. Яны і чэмпіёны, і героі, а значыць адны з самых адданых людзей Беларусі.

Ведаеце, раней казалі, што няма такіх людзей, якіх нельга было б замяніць. А гэта не зусім так. Калектыву Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі не патрэбны кіраўнікі-ідэолагі, якія, прабачце, не маюць уяўлення, як арганізаваць працу ў цэлым і трэніровачны працэс у прыватнасці. Нам патрэбны высокакласныя спецыялісты. І таму вельмі шкада, што ў беларускім спорце прымаюцца такія непрафесійныя рашэнні, накіраваныя зусім не на рост і ўдасканаленне, а на маральнае і матэрыяльнае разбурэнне”.

Спартсмены звярталіся да спартыўнага кіраўніцтва з лістом, каб Мікалая Казеку вярнулі ў зборную, але куды там. Па некаторай інфармацыі, у РЦАП была падрыхтавана службовая інструкцыя, якая забараняе Казеку ўдзельнічаць у трэніровачным працэсе. Таксама трэнер пасля заканчэння кантракта хацеў трэніраваць дзяцей у скачках на батуце, але і гэта яму не дазволілі.

Нонсенс! Спецыяліст, які выхаваў чатырох алімпійскіх чэмпіёнаў, аказаўся не патрэбным ні беларускаму спорту, ні тым, хто складае “чорныя спісы” і выкідвае на вуліцу таленавітых людзей.

Моські ўсё-такі пакусалі славутага трэнера, але сланом ад гэтага не сталі. Казека – гэта імя, якое ўжо ўпісана ў гісторыю беларускага спорту залатымі літарамі. А Моські так і застануцца Моськамі.

Алесь СІВЫ.

Публікацыя з № 6 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.