Як Марзалюк стаў ворагам манкуртаў

Ігар Марзалюк. Фота з адкрытых крыніц.
Ігар Марзалюк. Фота з адкрытых крыніц.

Спроба адзначыць Дзень роднай мовы сёлета скончылася скандалам, які дайшоў нават да генеральнага пракурора.

Напярэдадні Дня роднай мовы тэлеканал СТБ абмяркоўваў праблему ў праграме “Па сутнасці”. Тэму анансавалі як “Беларусь ва ўмовах двухмоўя”. Хаця “двухмоўе” (ці білінгвізм) гэта сітуацыя, калі ў наяўнасці аднолькавае валоданне адразу дзвюма мовамі. Аднак вядоўца Кірыл Казакоў адразу папярэдзіў, што праграма будзе ісці па-руску, і патлумачыў гэта тым, што недастаткова добра ведае беларускую мову, як і большасць грамадства.

“В случае с белорусским языком есть доля ответственности, что ли… Мы все умом понимаем, что белорусский – наш родной язык. И не знать его и допускать в нем ошибки…” –  паспрабавала прыгожа выйсці з сітуацыі яго сувядоўца Алена Сырова. Але апраўданне, скажам адкрыта, не вельмі пераканаўчае. Калі праводзіць паралелі з сапраўды нечым родным – бацькамі ці, напрыклад, дзецьмі, то гучала б яно прыблізна так: “Я не буду карміць сваё дзіця, бо адказнасць вялікая, а я не вельмі добра гатую…” Ну, як да такога можна ставіцца?

 Сорамна?

Тым не менш у Дзень роднай мовы некаторыя дзяржаўныя СМІ на беларускую мову перайшлі і… нарабілі памылак, яскрава прадэманстраваўшы, як яны яе ведаюць, родную.

Цікава, што на сайце таго ж СТБ найбольш памылак было менавіта ў “нарэзках” з вышэйзгаданага ток-шоу “пра двухмоўе”. Прычым нават у загалоўках.

Напрыклад, ёсць такі: «Павінны лі беларусы перакладаць нейкія назвы і вулічныя выявы на рускую».

Правільна па-беларуску “Ці павінны…” Акрамя таго, не да месца ўжыта слова “выявы”. “Выява” —  па-руску “изображение”. Перакласці выяву на якую-небудзь мову проста немагчыма. Гэта абсурд! Мусіць, меліся на ўвазе шыльды (вывески).

Альбо іншы загаловак – “Вось гэта беларусшчына”. Марзалюк прыгадаў, як у яго дзяцінстве гаворылі на трох мовах”. Тут ужо з граматыкай бяда – трэба “Беларушчына”, “размаўлялі” альбо “гаварылі”…

 “У яе іншай радзімы няма”

«Я лічу, што нам у любым выпадку трэба папулярызаваць беларускую мову, умацоўваць беларускамоўнае асяроддзе і ў тым ліку рабіць пэўныя захады, якія давалі б магчымасць кожнаму грамадзяніну вольна камунікаваць па-беларуску. Я лічу, што рэжым пазітыўнай дыскрымінацыі (рускай мовы.Заўв.) значыць, умацавання беларускай мовы, бо ў яе іншай радзімы, акрамя Беларусі, няма, вельмі важны», — выказаўся ў эфіры СТБ дэпутат, старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Ігар Марзалюк.

І атрымаў такі адлуп ад праўладных “патрыётаў”, што вымушаны быў звярнуцца да генпракурора.

Як паведаміла прэс-служба Палаты прадстаўнікоў, скарыстаўшыся выступам Андрэя Шведа перад членамі Нацыянальнага схода, “дэпутат Марзалюк І.А. звярнуў увагу генеральнага пракурора на актыўнасць у сацыяльных сетках групы “блогераў-псеўдапатрыётаў”, што публікуюць матэрыялы, якія выказваюць негатыўнае стаўленне да беларускай дзяржавы, культуры і мовы, і папрасіў органы пракуратуры даць прававую ацэнку такой дзейнасці”.

Сам Марзалюк анансаваў свой зварот да генпракурора наконт псеўдапатрыётаў так: “Апранаюцца ў тогі праўдзівасці і аб’ектыўнасці, а самі нацкоўваюць унутры краіны адну частку беларускага грамадства на іншую. Нацыяналізм і экстрэмізм у любым фармаце — бел-чырвона-белы ён альбо дыяметральна супрацьлеглы, крыкі пра выключнасць беларускай нацыі роўна як і татальныя крыкі пра неіснаванне беларускай мовы, беларускага народа і беларускай культуры, а тым больш абразы на гэтай глебе дзяржаўных служачых – тых, якія стаяць на варце беларускай нацыянальнай дзяржавы, павінны мець пераслед па законе”.

Паглядзім яшчэ, як адрэагуе пракуратура, і ці будзе гэты пераслед. Неяк не верыцца.

 Пагроза нацыянальнай бяспецы

Мы не будзем паўтараць зняважлівыя каментарыі і нават абразы на адрас Ігара Марзалюка. Але заслугоўваюць увагі прызнанні, пакінутыя тымі, хто праглядзеў праграму пра “беларускае двухмоўе” на Ютубе.

Гэта жах! Бо такія настроі сведчаць, што і з беларускай мовай у нас сапраўдная бяда, і з самаідэнтыфікацыяй беларусаў як нацыі, а Беларусі як самастойнай дзяржавы – таксама бяда.

(Арфаграфія допісаў захаваная).

Ірына К.: “Парадокс. Я за всю свою долгую жизнь никогда не общалась с белорусскоговорящим.  Бел.мову слышала только из телевизора и радио.  Кому это выгодно навязывание бел.мовы?”

Вера Мешкава: “Это моё мнение, я живу  в Белорусии 66 лет  и что я должна говарить на белоруском языке? Всё время я говарила на русском, и сейчас на нём разговариваю. Мне не понятно, зачем нам учить белоруский и на нём ещё  разговаривать. Это выбор людей, как кто хочет тот и разговаривает?”

Юлія З.: “Кто хочет, чтобы дети были конкурентноспособны на рынке технических наук и медицины, нужно отправлять детей учиться в Россию”.

Ігар Н.: “100% змагарство – это когда русскоязычным беларусам пытаются доказать что их родной язык – белорусский”.

І так далей, і таму падобнае. Дык ці не прапусцілі беларускія ўлады ў пошуку ворагаў галоўную пагрозу нацыянальнай бяспецы? Ці там яны тую пагрозу шукалі?

Ірына МАЛЬЦАВА.