
У ваколіцах Чарнобыля на Украіне ёсць статак дзікіх кароў. Жывёлы выдатна жывуць без гаспадароў і нават не маюць патрэбы ў дойцы – цыкл іх лактацыі прывязаны да нараджэння цялят. Пра “цуд” паведаміў Чарнобыльскі радыяцыйна-экалагічны біясферны запаведнік.
Як адзначаецца, першапачаткова жывёлы належалі дзвюм сем’ям самасёлаў. Калі ў 2016 годзе памерлі іх гаспадары, статак пачаў жыць на волі.
Гэтыя каровы адносяцца да распаўсюджанай на Палессі ўкраінскай чорна-стракатай малочнай пароды. У пазамінулым годзе статак налічваў да 20 галоў.
“Яны навучыліся выжываць без людзей, бо продкі кароў – выхадцы з дзікай прыроды. Праз некалькі гадоў статак настолькі здзічэў, што пры з’яўленні чалавека або аўтамабіля хутка ўцякаў у найбліжэйшыя зараснікі», — распавялі ў запаведніку.
Паколькі на тэрыторыі зоны адчужэння шмат закінутых пабудоў, у іх статак абараняецца ад ветру і дажджу. Ежы на тэрыторыі запаведніка для іх дастаткова. Нават снежнай зімой жывёлы раскопваюць капытамі сухія травы.
З канца 2018 года ўнікальных жыхароў зоны адсялення назіраюць спецыялісты. Іх выснова: каровы здаровыя, здольныя абараніць сябе і сваіх цялят. Пра гэта сведчаць здымкі з фотапастак, усталяваных на тэрыторыі запаведніка.
Вам не здаецца, што гэтыя каровы сталі падобнымі на беларускіх зуброў?
Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.