
Сітуацыя мела месца ў снежні мінулага года. У Жабінкаўскую ЖКГ паступіла заяўка ад жыхара дома №14 па вул. Маладзёжнай, які выявіў у сваім хатнім фільтры дадатковай ачысткі вады дробных белых чарвякоў і, вядома ж, захацеў разабрацца ў сітуацыі.
Як паведамляе “Вячэрні Брэст”, работнікі Жабінкаўскай ЖКГ правялі маштабнае даследванне Цэнтральнай вадаправоднай сеткі ўсяго горада і ўнутраных водаправодных сетак па месцы інцыдэнта. Высветлілася, што праблема ў мужчыны і яго суседзяў паўстала з-за несвоечасовай замены элементаў, якія фільтруюць ваду ў кватэрах жыхароў канкрэтнага дома. «Дадзеная праблема не з’яўляецца агульнай для водазабеспячэння горада», – канстатавалі спецыялісты.
У доме №14 па вул.Маладзёжнай былі праведзены работы па прамыванні і хлараванні ўнутранай сістэмы водазабеспячэння, дэзінфекцыя гэтай сістэмы, а на ўводзе ў дом усталяваны помпа-дазатар хларавання вады. Службамі Жабінкаўскай ЖКГ і лабараторным аддзелам Брэсцкага абласнога цэнтра гігіены і эпідэміялогіі сем разоў адбіраліся ўзоры проб пітной вады для аналізу. Цяпер вада адпавядае ўсім санітарным нормам.
«Чарвякі разводзяцца не ў самой вадзе, а на паверхні фільтраў дадатковай ачысткі, устаноўленых жыхарамі, з парушэннем тэрмінаў іх эксплуатацыі. Падчас адсутнасці забору вады (у начны час) чарвякі трапляюць з фільтраў у сістэму водазабеспячэння дома, што выклікае дадзеную праблему ва ўсіх жыхароў дома», – пракаментаваў сітуацыю дырэктар прадпраемства «Жабінкаўская ЖКГ» Мікалай Моталыга.
Але гэтая гісторыя – на заметку ўсім, хто паставіў фільтры вады, але не своечасова іх абслугоўвае.
Як вызначыць, што вада няякасная?
* Калі на посудзе застаюцца зялёныя ці бурыя кроплі, гэта сведчыць аб тым, што ў склад вады ўваходзіць шмат салянай і сернай кіслаты.
* Калі вада аддае зямлістым, драўняным або рыбным пахам, гэта сведчыць аб тым, што ў склад вады ўваходзяць арганічныя злучэнні.
* Калі на срэбным посудзе або на ракавіне застаюцца цёмныя плямы, то ў вадзе маецца серавадарод.
* Калі пры кантакце вады і алюмініевага посуду ўтвараецца пена, гэта сведчыць пра тое, што ў вадзе высокая канцэнтрацыя шчолачы.
* Металічны смак вады кажа аб тым, што ў яе склад уваходзіць шмат жалеза.
* Калі вада бяжыць з бурым або чырванаватым асадкам, гэта сведчыць пра тое, што вада ў трубах акісляецца жалезам.
* Калі вада брудная або каламутная, гэта значыць, што ў трубах шмат паветра або прысутнічае метан.
Ніна ЖВІРКО.
Публікацыя з № 7 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.