
Мінскі абласны суд вынес рэзанансы прыгавор былому блогеру Раману Пратасевічу – 8 гадоў пазбаўлення волі. Пакуль прыгавор не набудзе моц, Пратасевіч застаецца пад хатнім арыштам. Але выглядае так, што зняволення яму не пазбегнуць.
“Пратасевічу, канешне, не пашчасціла з днём вынясення прыгавора. На ягоных васьмі гадах пазбаўлення волі паспрабавала хайпануць нават Ціханоўская, але праз гадзіну-другую ўсім стала да лямпачкі. Гэта быў кароткі (Р)раман”, — напісаў у сваім тэлеграм-канале Юры Васкрасенскі.
Допіс — з аднаго боку намёк на тое, што навіны пра атаку БПЛА на Крэмль (першую спробу атакі на Крэмль пасля Вялікай Айчыннай вайны) перакрэслілі ўсе астатнія.
Але з другога боку, Васкрасенскаму падаецца, што ягоны “раман з уладай” будзе доўгім. Нагадаем, што сам ён як удзельнік выбарчага штаба Віктара Бабарыкі таксама быў арыштаваны, апынуўся ў СЗА КДБ, пайшоў на супрацоўніцтва са следствам. Але вызвалищся, не быў асуджаны, напісаў кнігу пра тыя падзеі і спрабуе ўзначаліць “правільную апазіцыю”.
Што пайшло не так з Пратасевічам, які рабіў тое самае (акрамя кнігі пакуль што), але атрымаў ад суда рэальны тэрмін зняволення? Цяжка сказаць. Напэўна, нават у “правільнай апазіцыі”, па задумцы беларускіх уладаў, павінна быць не шматлюдна.