«Я ацаніў яго жарт»: Такаеў адказаў на прапанову Лукашэнкі

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў паведаміў, што ў яго краіны няма неабходнасці ўступаць у Саюзную дзяржаву. Яго заяву публікуе прэс-служба ў Telegram.

Так Такаеў адказаў на адпаведны заклік Аляксандра Лукашэнкі, які прапанаваў уключыць Казахстан і іншыя краіны постсавецкай прасторы ў саюз Масквы і Мінска, каб тыя былі бліжэй да ядзернай зброі.

«Я ацаніў яго жарт. Я думаю, што неабходнасці ў гэтым няма, паколькі існуюць і іншыя інтэграцыйныя аб’яднанні, перш за ўсё, Еўразійскі эканамічны саюз», — адрэагаваў Такаеў.

Прэзідэнт таксама нагадаў, што Казахстан далучыўся да Дагавора аб забароне выпрабаванняў ядзернай зброі і Дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі, а таму гэты тып узбраенняў краіне не патрэбны. «Мы застаемся вернымі абавязацельствам у рамках гэтых міжнародных дакументаў», — падкрэсліў кіраўнік рэспублікі.

 

ИсточникНародная Воля
Авторство всех материалов, опубликованных на сайте nv-online.info до 02.08.2023 принадлежит УП "Народная Воля".