
Славуты беларускі гімнаст даўно пераехаў у ЗША і, мяркуючы па ўсім, вяртацца ў Беларусь не збіраецца.
Нагадаем, што Іван Іванкоў двойчы станавіўся чэмпіёнам свету па спартыўнай гімнастыцы ў шматбор’і (1994 і 1997 гады), двойчы – чэмпіёнам Еўропы у шматбор’і (1994, 1996). Ён таксама з’яўляецца 11-разовым чэмпіёнам свету.
У 2019 годзе беларускі гімнаст быў уключаны ў Міжнародную залу спартыўнай славы – урачыстая цырымонія прайшла ў Аклахома-Сіці. Акрамя Івана Іванкова, у Міжнародную залу славы таксама ўвайшлі Вольга Корбут, Нэлі Кім, Святлана Багінская і Віталь Шчэрба.
На Алімпіядзе-2004 у Афінах Іван Іванкоў не здолеў заваяваць медаль, заняўшы ў шматбор’і чацвёртае месца, што вельмі раззлавала спартыўных чыноўнікаў. Яны адразу ж падлічылі, што на Іванкова за апошнія чатыры гады дзяржава патраціла аж 96 тысяч долараў.
“Ваня такіх грошай у вочы не бачыў”, – абураліся тады блізкія спартсмена.
У хуткім часе пасля Алімпіяды Іван Іванкоў з’ехаў у ЗША.
“Я мог бы застацца і ў Беларусі, калі мне тут прапануюць нармальны заробак, – распавядаў Іван “Народнай Волі”. – Хаця б некалькі тысяч долараў у месяц. Я ведаю сабе кошт”.
Ніхто такіх грошай прапаноўваць Іванкову не збіраўся, і спартсмен адправіўся ў Амерыку. Першым часам яму даводзілася няпроста, працаваў нават на фабрыцы, дзе рабілі спартыўны абутак. Затым абжыўся, стаў працаваць трэнерам.
Зараз, па словах Уладзіміра Ваткіна, які ў свой час трэніраваў Івана Іванкова, яго выхаванец па-ранейшаму жыве ў ЗША і працуе трэнерам у Тэхасе.
“У гэтым штаце шмат добрых гімнастычных клубаў, гімнастаў, таму ў Вані ўсё нармальна”, – паведаміў Уладзімір Ваткін.