
Былы паўабаронца барысаўскага БАТЭ Вілюм Тоур Вілюмсан пераехаў у Галандыю разам з беларускай дзяўчынай.
У складзе барысаўскай каманды Вілюм Вілюмсан двойчы выйграваў Кубак Беларусі, адзін раз – Суперкубак краіны, стаў трохразовым сярэбраным прызёрам чэмпіянату. Зараз ён гуляе за галандскі клуб “Гоу Эхед Іглз”.

Як стала вядома, у Беларусі ісландзец заваяваў не толькі шмат тытулаў, але і сэрца беларускай мадэлі Юліяны Шаламіцкай, якая разам з ім адправілася ў Галандыю.
Вядома, што нядаўна пара пабывала ў падарожжы ў Рыме, дзе Вілюмсан падарыў беларусцы пярсцёнак. Так што зусім магчыма, што ў хуткім часе – і вяселле.
Дарэчы, Юліяна Шаламіцкая старэйшая за свайго хлопца на 6 год (ісландцу зараз 24 гады), але, як казаў класік, “любви все возрасты покорны”.
У сацыяльных сетках Юліяны паведамляецца, што ў 2015 годзе яна закончыла Брэсцкі дзяржаўны ўніверсітэт, але спецыяльнасць не ўказана. Вучылася ў мадэльнай школе.
У яе Інстаграме – каля 100 тысяч падпісчыкаў, там дзяўчына выстаўляе свае мадэльныя фотаздымкі, фота з курортаў і рэстаранаў. Таксама Юліяна кажа, што вельмі любіць кветкі, чытаць і іграе на фартэпіяна.
«Не магу апісаць, як я моцна цябе кахаю, – напісала Юліяна пост пра свайго абранніка. – Ты самы вялікі падарунак, пра які я магла толькі прасіць. Мая рэальнасць з табой лепшая, чым любы сон”.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.