
Галоўны трэнер брэсцкага “Дынама”, які апошнім часам працаваў за мяжой, распавёў пра асаблівасці інданезійскага футбола і яго адрозненне ад беларускага.
Экс-настаўнік зборнай Беларусі Ігар Крывушэнка ў снежні 2019 года ўзначаліў клуб з Інданезіі “ЦІРА-Персікаба” і адпрацаваў на гэтай пасадзе каля двух гадоў.
“Калі я пакінуў зборную, хацелася паспрабаваць нешта новае, — распавёў Ігар Крывушэнка «Maxline-TV». — Агент спытаў у мяне: “Азію, як варыянт, будзеце разглядаць?» — «Чаму б і не?” Тым больш што ў мяне ўжо даўно было жаданне ўдасканаліць англійскую мову. Пасля школы і інстытута я практычна не ведаў замежнай мовы, а з часам усё і наогул забылася. А праца за мяжой — добрая магчымасць вывучыць яе. І я даў згоду на працу ў інданезійскім клубе.
Выйшлі на сувязь з прэзідэнтам клуба “ЦІРА-Персікаба”, паразмаўлялі, той кажа: “Прыязджай, як мага хутчэй. Дзеючы галоўны трэнер пакіне пасаду, ты — на яго месца”. Перада мной паставілі задачу, каб каманда, якая была на дне турнірнай табліцы, не вылецела ў ніжэйшы дывізіён.
Заставаліся тры матчы. Першую гульню трэба было правесці з чэмпіёнам Інданезіі “Балі Юнайтэд”. Другі матч праводзілі з сярэдняй камандай, але матч быў прынцыповым, бо там быў трэнер, якога я змяніў у “ЦІРА-Персікабе”. А трэці матч гулялі ў гасцях з камандай “Слеман”, чые балельшчыкі былі вельмі агрэсіўнымі. У выніку першы матч мы выйгралі, у другім згулялі ўнічыю, а трэці прайгралі. Аднак задачу выканалі”.
Пасля гэтага Ігар Крывушэнка падпісаў гадавы кантракт з клубам, хаця яму хацелі даць і менеджарскія абавязкі, каб яшчэ і трансферную палітыку фарміраваў.
“Да новага сезона падрыхтаваліся дастаткова добра, — працягвае трэнер. – На пачатку сезона паехалі гуляць з камандай “Слеман”, а там балельшчыкі, як ужо казаў, вельмі агрэсіўна падтрымліваюць сваю каманду. Згулялі ўнічыю — 0:0. Пасля матча нас вывозілі на грузавых паліцэйскіх машынах. Далі нам пластыкавыя шчыты, каб галовы закрывалі, і павезлі. А балельшчыкі і насамрэч былі раз’юшанымі, бо іх каманда не змагла перамагчы на дамашнім стадыёне. Вось такія былі экстрэмальныя ўмовы працы”.
Ігар Крывушэнка таксама адзначае, што Інданезія — вялікая краіна, а таму пералёты на матчы былі ад 750 да некалькі тысяч кіламетраў.
“Інданезію называюць краінай тысячы астравоў, — кажа ён. — Буйныя — гэта Ява, Калімантан, Суматра, меншыя — Барнэа, Балі… Наш горад знаходзіўся ў 50 кіламетрах ад Джакарты, таму і на аўтобусе ездзілі на гульні, і на самалёце лёталі ў больш далёкія гарады”.
Трэнер называе ўзровень інданезійскага футбола “дастаткова добрым”:
“Гэты ўзровень падтрымліваецца за кошт легіянераў, і іх там шмат. Нехта прыязджае пагуляць у чэмпіянаце Інданезіі на схіле кар’еры, але хапае і футбалістаў, якія знаходзяцца ў сваім росквіце. Там вельмі шмат бразільскіх ігракоў, бо яны ў Інданезіі даволі лёгка адаптуюцца і да ладу жыцця, і да надвор’я. Ёсць партугальцы, шмат футбалістаў з Сербіі і Харватыі… Тое самае датычыцца і трэнерскіх кадраў.
У мясцовых футбалістаў таксама вельмі добрыя прыродныя здольнасці для гульні ў футбол: хуткасць, каардынацыя, праца з мячом…
Дарэчы, калі я вярнуўся ў Беларусь, мне прапаноўвалі аднаго іграка з Інданезіі, але я не рызыкнуў. Па-першае, футбаліст іграў на пазіцыі, якая была для мяне не актуальная. Па-другое, у Інданезіі большыя заробкі ў ігракоў, чым у нас, але некаторыя інданезійскія футбалісты мараць гуляць у еўрапейскіх клубах, а Беларусь дзеля гэтага можа стаць трамплінам.
Трэба ўлічваць, што такім футбалістам яшчэ і складана адаптавацца ў нас. Інданезія — мусульманская краіна, там зусім іншы менталітэт. Калі пачынаецца месяц Рамадан, яны моляцца па сем разоў на дзень, нічога не ядуць і не п’юць да захаду сонца. А трэніроўкі трэба праводзіць.
Да слова, у Інданезіі больш маладыя з вялікай павагай ставяцца да старэйшых і вітаюцца заўсёды, складваючы далоні. Пасля ўжо прызвычаіліся, што трэнеру можна і руку паціснуць”.
Ігар Крывушэнка адзначае, што ў Інданезіі вялізныя стадыёны. Напрыклад арэна “Бунг Карна” ў Джакарце разлічана амаль на 89 тысяч гледачоў.
“На нашых матчах вялікіх аншлагаў не было, але дзесьці па 20—25 тысяч балельшчыкаў на гульні прыходзілі, — дадае трэнер. — Фанаты каманды вельмі добразычлівыя, пасля матчаў было фаер-шоу, футбалісты заўсёды падыходзілі да трыбун, каб падзякаваць сваім прыхільнікам за падтрымку. Атмасфера на стадыёне была вельмі класнай.
З-за каранавіруса ўезд у Інданезію быў забаронены, а таму амаль два гады я не бачыў сям’ю. Калі кантракт закончыўся, вырашыў вярнуцца ў Беларусь. Прэзідэнт клуба мяне зразумеў…”