Ігар Барысаў: “Прафсаюзы выконваюць дэкарацыйную функцыю…”

Ігар Барысаў. Фота з сацсетак.
Ігар Барысаў. Фота з сацсетак.

Старшыня пакуль яшчэ зарэгістраванай Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаў сваё меркаванне наконт дзейнасці беларускіх прафсаюзаў.

“Пражыўшы год у Бельгіі быў сведкам таго, як бастуюць супрацоўнікі аэрапортаў, крамаў, кіроўцы, чыгуначнікі, настаўнікі, — праводзіць паралелі Барысаў. — Натуральна, што арганізацыяй страйкаў займаецца прафсаюз.

Прычыны страйкаў розныя — не толькі ўзвышэнне заробкаў, аднак і лепшыя ўмовы бяспекі на працы і г.д.

Грамадства звыклася з тым, што ў краіне перыядычна адбываюцца страйкі, бо калі ёсць прафсаюз — ён павінен працаваць. І калі ідзе страйк, то падчас яго адбываецца крэатыў з плакатаў, транспарантаў і сцягоў.

На гэтым фоне дзіўна назіраць за беларускімі прафсаюзамі, якія займаюцца арганізацыяй масовак, маніторынгам ростаў коштаў у харчовых крамах, выдачай пуцёвак у санаторыі і падарункаў на Новы год і маршыруюць на суботніках.

Яны выконваюць не больш чым мабілізацыйную дэкарацыйную функцыю для дзеючай улады, аднак не бароняць правы людзей. Калі з’яўляюцца раптам незадаволеныя, то гасяць іх незадаволенасць матэрыяльнай дапамогай, пуцёўкай у санаторый ці экскурсійнай паездкай па якіх патрыятычных месцах.

Па вялікім рахунку, знікні такі прафсаюз у Беларусі, то ніхто бы і не заўважыў бы гэтага. Спадзяюся ў адзін дзень так і будзе і на месца «жоўтых» прафсаюзаў прыдуць тыя прафсаюзы, якія будуць бараніць правы людзей наёмнай працы”.