Ігар БАРЫСАЎ: “Праблема — у адсутнасці палітычнай волі на рэгістрацыю новых арганізацый …”

Ігар Барысаў. Фота з сацсетак.
Ігар Барысаў. Фота з сацсетак.

Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Ігар Барысаў выказаўся наконт новага закона аб палітычных партыях і грамадскіх аб’яднаннях, які прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях.

“З таго, што прынялі супрацоўнікі парламента вынікае, што Беларусі патрэбны не партыі, а партыя, — гаворыць Барысаў. — Гэтай партыяй можа быць толькі партыя ўлады.

Гэта такі псіхалагічны момант, калі ты вяртаешся на базавы ўзровень камфорту той зразумелай табе савецкай ментальнасці, дзе палітычная сістэма працуе па зразумелых правілах. Бо любая лібералізацыя палітычнай сістэмы, палітычны плюралізм нават у зародышавым стане — гэта патэнцыйная небяспека для партыі ўлады, асабліва тады, калі грамадства перарасло існуючую палітычную сістэму.

Праблема не ў колькасці ў 5 тысяч заснавальнікаў, ці рэгістрацыі і пастаноўцы на ўлік ў 1/3 раёнаў і ва ўсіх абласцях і Мінску, і іншыя дробязі. Гэтыя рэчы можна пераадолець. Тым больш што па колькасці зарэгістраваных структур, напрыклад, наша парытя на 4-м з 15-ці партый месцы.

Праблема — у адсутнасці палітычнай волі на рэгістрацыю новых арганізацый.

У пазамінулым годзе мы двойчы спрабавалі паставіць на ўлік тры раённыя арганізацыі ў Гомелі, аднак па надуманных прычынах было адмоўлена.

Праблема ў тым, што, маючы афіцыйна зарэгістраваную сімволіку ў выглядзе бел-чырвона-белага сцяга з ружай, ты далей офіса з ёй не высунешся, а калі праз вакно заўважуць, што ў памяшканні партыйнага офіса вісіць партыйны сцяг, то вынясуць дзверы і разнясуць офіс, як гэта было ў Магілёве.

Праблема ў тым, што перададзены спіс сябраў партыі ў дзяржаўныя органы ва ўмовах контррэвалюцыі — гэта расстрэльны спіс няўгодных. І гарантаваць бяспеку кожнаму сябру партыя тут не можа.

Праблема ў тым, хто зараз гатовы ў раёнах адважыцца і прадставіць юрыдычны адрас для апазіцыйнай палітычнай партыі, калі гэта рабіць не адважваліся і да 2020 года?

Праблема ў тым, дзе знайсці столькі сродкаў на ўтрыманне мінімум 40 офісаў у год для кожнай партыі?

Акрамя таго ўсе гэтыя праблемы нівеліруюцца праблемай з даверам да інстытута выбараў. Колькі не ўдзельнічай у выбарах, а дамагчыся адкрытага і галоснага падліку галасоў пакуль немагчыма, што ўвесь час адсоўвала партыі ў маргінэз.

Праблема з партыямі для ўлады — гэта выбары ў парламент і мясцовыя Саветы 2024 года.

Разумеюць, што любоў народная да ўлады і яе прадстаўнікоў у працэнтным выражэнні не прыйшла і хочуць пазбавіць беларусаў любой альтарнатывы, а таксама доступу да дзяржаўных СМІ.

Перафразую выказванне караля эльфаў ва “Уладары персцянёў”: эра эльфаў сышла, пачалася эра людзей. Зараз сканчваецца і эра людзей… Што за эра пачынаецца пасля людзей вы, магчыма, здагадваецеся…