
Калі малалетняя дачка жыхара Віцебска зламала руку, работнікі “Белдзяржстраху” адмовіліся прызнаваць гэта “страхавым выпадкам”, бо “факт раптоўнай, непрадбачанай і ненаўмыснай падзеі не ўстаноўлены”.
Бацькам шкада было дачку:
Падчас забаў дзіцячых дзесьці
Зламала, бедная, руку
(Не берагуць здароўя дзеці).
Пашчыравалі дактары,
Прагнаўшы слёзы разам з болем,
Сказалі ёй:
– Праз тыдні тры
Займацца зможаш валейболам!
Аднак суціш крыху імпэт,
Рабі абдуманыя ўчынкі.
І ўсё было б затым як след
У той гарэзлівай дзяўчынкі,
Ды спахапіліся бацькі:
“Пара падумаць пра страхоўку.
Як патаўсцеюць кашалькі,
Дык купім мы дачцэ абноўку.
Няхай парадуецца ўсё ж –
Набыць заплечнік модны просіць.
Дадуць, бадай, не нейкі грош –
І на лячэнне будзе досыць.”
Прыйшлі к страхоўшчыкам яны
І паказалі ўсе паперы.
Звычайны выпадак, зямны –
Такіх бывае да халеры.
Перакананымі былі,
Што працэдура пройдзе гладка
І прынясуць дамоў рублі.
За грошы ж пачалася схватка!
Страхоўшчыкі – народ скупы
І берагуць свае запасы,
Стаяць на варце, як слупы,
Не падпускаючы да касы.
Сказаў ім страхавы агент:
– Не адшкадую ні капейкі!
І выдаў “важкі аргумент”,
Хоць ён, па праўдзе, дзіўны нейкі:
– Наўмысна вашая дачка,
Відаць, руку сабе зламала,
Каб грошы мець нашармака –
Іх у сям’і, напэўна, мала.
Магла б зламаць яшчэ й нагу,
Каб пажывіцца разам з таткам…
І факт прызнаць я не магу
Сапраўдным страхавым выпадкам!
Не даўшы волі кулаку,
Пытаннем бацька агарошыў:
– А ты б зламаў сабе руку,
Каб атрымаць за гэта грошы?
Адказу, ясна, не было…
Не сумняваюся, што зноўку
Агент у іхняе жытло
Не прыйдзе афармляць страхоўку.
* * *
Я нехарошую, на жаль,
Стварыў страхоўшчыкам рэкламу.
Але ж яны (і ў тым мараль)
Сабе капаюць самі яму.
Тэорыя і практыка
Глядзяць наперад некаторыя,
Ступіўшы на шляхі-дарогі,
Бо гэтак вучыць іх тэорыя.
А практыка – глядзі пад ногі…
Сучаснае знаёмства
Увесь выкарыстоўваў лексікон,
Мазгі яе запудрыўшы як след.
Аж цэлы тыдзень заляцаўся ён!
А потым адключыўся Інтэрнэт…
Мудрагелістае пытанне
Дзеці мне пытанне задалі,
Як аднойчы выступаў я ў школе:
– А сумленне чыстае, калі
Ім не карыстаешся ніколі?
Сам сабе тара
Меў алкагольны стаж багаты
(Жыццё са смерцю ў барацьбе)
І гаварыў:
– Віно дахаты
Найлепш прыносіць у сабе.
І хвіліны досыць
Парой хвіліны досыць усяго,
Каб мімаволі ўзнікла пачуццё,
Што ты пражыць жадаеш без яго
Усё сваё астатняе жыццё…
Бяседа і плёткі
Бяседа – гэта ля вугла
Няўзнак сустрэліся тры цёткі.
Калі ж ад іх адна сышла,
Дык гэта ўжо, канешне, плёткі.
Публікацыя з № 1 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.