І так бывае. Прэзідэнт Латвіі адмовіўся вылучацца на другі тэрмін

Фото AP

Дзейны прэзідэнт Латвіі Эгілс Левітс не будзе балатавацца на другі тэрмін, паведамляе прэс-служба канцылярыі прэзідэнта.

“Я прыняў рашэнне не ўдзельнічаць у прэзідэнцкіх выбарах 31 мая”, — гаворыцца ў апублікаваным паведамленні.

Таксама Левітс заклікаў другога кандыдата, Улдыса Піленса, дзейнічаць па яго прыкладзе і зняць сваю кандыдатуру. Такую прапанову кіраўнік Латвіі зрабіў, бо кіруючая кааліцыя падзялілася, і абодва кандыдаты не маюць большасці.

«У такой сітуацыі існуе рэальная верагоднасць таго, што вырашальныя галасы на выбарах прэзідэнта будуць аддадзены партыям, якія не прадстаўляюць нацыянальны латышскі і заходні курс Латвіі», — сказаў Левітс.

Кандыдатуры на пасаду прэзідэнта Латвіі можна вылучаць да 13 мая. Выбары адбудуцца 31 мая. Прэзідэнта абірае Сейм Латвіі.