Хто зачыніў «акно ў Еўропу»?

Фота з адкрытых крыніц.

Сітуацыя на беларуска-польскай мяжы застаецца вельмі напружанай. Паміж краінамі працуе толькі адзін пункт пропуску, і на ім сапраўдны аўрал.

Як паведаміў 25 сакавіка старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка, ў суботу чарга з грузавых аўтамабіляў, якія накіроўваліся ў пункт пропуску «Казловічы», расцягнулася прыкладна на 30 кіламетраў, выйшла за межы Брэсцкага раёна і дасягнула вёскі Федзькавічы ў Жабінкаўскім раёне.

“Праблема адназначная — праца польскага боку. Беларусы выконваюць усе свае дамоўленасці. Такіх чэргаў яшчэ не было. Але хачу сказаць, што на мяжы забяспечаны парадак, наладжана ўзаемадзеянне ўсіх службаў, — паведаміў Юрый Шулейка. – Возім ваду, аўталаўкі пойдуць на рэгулярнай аснове. З нашага боку, што неабходна, спрабуем арганізоўваць і здымаць напружанне. Ёсць у горадзе дадатковыя стаянкі, але кіроўцы не хочуць туды ехаць. Спрабуюць аб’ехаць чаргу, і мы гэта спыняем. ДАІ адпрацавала ідэальную схему расстаноўкі і кантролю ўздоўж трасы. Бо ў першую чаргу гаворка ідзе пра бяспеку руху…”

Карацей, ўсім ёсць праца – і ДАІ, і аўталаўкам, і камунальным службам, што прыбіраюць смецце, і мясцовым уладам.

Цікава, што кіраўнік Брэсцкай вобласці, ва ўсім абвінаваціўшы польскі бок, ніяк не пракаментаваў прапанову Варшавы па ўрэгуляванні сітуацыі. А яе напярэдадні агучыў міністр унутраных спраў Польшчы Марыюш Камінскі. «Беларускі бок мае поўную яснасць у гэтым пытанні. Калі Анджэй Пачобут заўтра будзе вызвалены, паслязаўтра будзе адкрыты праход у Баброўніках», — сказаў міністр, якога цытуюць польскія СМІ.

Нагадаем, што памежны пераход «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю быў закрыты польскай дзяржавай 10 лютага 2023 года ў адказ на абвешчанне 8-гадовага прысуду журналісту і актывісту польскай меншасці ў Беларусі Анджэю Пачобуту. Да закрыцця «Баброўнікі» (мяжуе з нашай “Бераставіцай”) былі адным з найбуйнейшых памежных пераходаў на польска-беларускай мяжы. Пасля гэтага жыхарам Гродзенскай вобласці даводзіцца ездзіць у Польшчу праз Літву ці праз Брэст.

Ды што беларусы! Праблемы створаны далёка не толькі нам. Пра гэта ўжо гаварыў сам Аляксандр Лукашэнка.

«Я атрымаў апошнюю інфармацыю па шаленстве палякаў на мяжы: там падняліся ўсе — і на Усходзе, і на Захадзе. Нават Германія катэгарычна не прымае дзеянні палякаўна мяжы з Беларуссю. Яны (польскія ўлады. — Заўв.) застапарылі ўсё. І самае цікавае, што менш за ўсё ад гэтага пакутуем мы. А больш за ўсё пакутуюць на ўсходзе: Кітай, асабліва Казахстан, нават туркі, Арабскія Эміраты. Усе паўсталі супраць гэтага. І заходняя частка Еўропы. Праз Беларусь ідзе транзіт, больш няма як: Украіна ваюе, ехаць праз Афрыку далёка, праз Паўночную Еўропу — яшчэ далей. Нікуды не падзенешся. Велізарныя страты асабліва немцы нясуць», — сказаў Аляксандр Лукашэнка два тыдні таму.

Атрымліваецца, што прыгаворам журналісту Анджэю Пачобуту беларуская дзяржава стварыла праблемы не толькі беларусам, але ўсім – ад Кітая і Казахстана да Арабскіх Эміратаў. Ці не занадта дорага “каштуе” гэты прыгавор. Ён таго варты?..

Беларускія суды старанна падлічваюць, якую шкоду нанёс той ці іншы ўдзельнік акцыі пратэсту, выйшаўшы на праезную частку дарогі; колькі каштавала спыненне грамадскага транспарту і так далей. А ці падлічвае хто-небудзь, колькі каштуюць нашай дзяржаве такія прыгаворы?..

Сяргей ПРАЎДЗІН.