
Часопіс Forbes апублікаваў рэйтынг 25 самых шчодрых мільярдэраў-мецэнатаў ЗША па выніках 2022 года, падлічыўшы, колькі грошай яны выдаткавалі на дабрачыннасць.
У спіс упершыню ўвайшоў прадпрымальнік і сузаснавальнік Google, якога ў шасцігадовым узросце бацькі вывезлі з СССР, Сяргей Брын. Ён заняў 14-е месца.
Паводле дадзеных, за сваё жыццё Брын накіраваў на дабрачыннасць 2,55 мільярда долараў (яго капітал ацэньваецца ў 77,9 мільярда долараў). Сяргей Брын вылучае ахвяраванні на даследаванне хваробы Паркінсона, развіццё эканамічнай мабільнасці і барацьбу са зменамі клімату. У прыватнасці, на даследаванне хваробы Паркінсона, схільнасць да якой у прадпрымальніка была выяўлена некалькі гадоў таму, Брын ахвяраваў 1,1 мільярда долараў.
Першае месца ў рэйтынгу займае ўладальнік Berkshire Hathaway Уорэн Бафет. За сваё жыццё 92-гадовы Бафет накіраваў на дабрачыннасць 51,5 мільярда долараў (з іх 5,4 мільярда – за мінулы год). Асноўныя напрамкі філантрапічнай дзейнасці мецэната – развіццё аховы здароўя і барацьба з беднасцю. Бафет з’яўляецца адным з самых шчодрых людзей за ўсю гіторыю чалавецтва.
У пяцёрку самых шчодрых мільярдэраў таксама ўвайшлі паплечнікі Бафета па дабрачыннай ініцыятыве The Giving Pledge, заснавальнік Microsoft і яго былая жонка Біл Гейтс і Мелінда Фрэнч Гейтс (сума ахвяраванняў за ўсё жыццё – 38,4 мільярда долараў), фінансіст Джордж Сорас (18,4 мільярда долараў), экс-жонка заснавальніка Amazon Джэфа Безаса Макензі Скот (14,43 мільрда долараў) і былы мэр Нью-Ёрка Майкл Блумберг (14,4 мільярда долараў).
Сумарна мільярдэры з рэйтынгу накіравалі на дабрачыннасць 196 мільярдаў долараў.
Алег СНОЎ.