Хто стане студэнтам-першакурснікам ужо ў сакавіку?

Фота з адкрытых крыниц.

Сёлетняя ўступная кампанія ў вышэйшыя навучальныя ўстановы пройдзе па новых правілах. Навацый шмат.

 Экзамен па-новаму

Уводзіцца паняцце “цэнтралізаваны экзамен”.

ЦЭ ў першую чаргу – выпускны, але яго вынікі можна прад’явіць пры паступленні.

Экзамен абавязковы для ўсіх 11-класнікаў.  А ЦТ (цэнтралізаванае тэставанне) – толькі для тых, хто хоча паступаць у ВНУ  (напрыклад, выпускнікам мінулых гадоў не трэба здаваць цэнтралізаваны экзамен – яны праходзяць ЦТ). У Мінадукацыі сцвярджаюць, што па форме і ўзроўні складанасці заданняў яны ідэнтычныя.

У вышэйшую навучальную ўстанову залічаць па выніках двух цэнтралізаваных экзаменаў (па мове і на выбар з ліку прадметаў, па якіх прадугледжана цэнтралізаванае тэставанне) і аднаго ЦТ. Таксама ўлічваецца сярэдні бал атэстата. Такім чынам, па факце трэба прайсці тры выпрабаванні. Летась 11-класнікі здавалі чатыры выпускныя экзамены. А праз невялікі прамежак часу ім даводзілася пераадольваць яшчэ мінімум тры ЦТ – разам сем экзаменаў за невялікі перыяд. У 2023 годзе нагрузка на дзяцей зменшыцца.

Па новых правілах усе без выключэння прэтэндэнты на студэнцкі білет павінны мець характарыстыку са школы (каледжа), з месца працы. У ёй павінны быць не толькі анкетныя дадзеныя выпускніка школы, але апісаны яго здольнасці, хобі, захапленні, удзел у мерапрыемствах, працоўнай дзейнасці, працы грамадскіх аб’яднанняў. Балы за характарыстыку ставіць не будуць.

Яшчэ адна асаблівасць цяперашняй уступнай кампаніі – этапнасць.

 Першы этап – універсітэцкія алімпіяды

Гэта пілотны праект. Паўдзельнічаць у алімпіядным руху прапанавалі больш чым 20 рэгіянальным ВНУ.

Інтэлектуальныя спаборніцтвы праходзілі ў два этапы. Першы – у завочнай або вочнай форме (на выбар установы). Абітурыенты, якія набралі не менш за 50 працэнтаў ад максімальнай колькасці магчымых балаў, праходзяць у другі, вочны, тур.

Начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Каспяровіч расказаў пра галоўныя бонусы ўдзелу ў алімпіядах:

– Уладальнікі дыпломаў I, II або III ступені ўжо ў сакавіку фактычна стануць студэнтамі-першакурснікамі. Квота для залічэння без уступных выпрабаванняў пераможцаў алімпіяд – 15 працэнтаў ад кантрольных лічбаў прыёму за кошт сродкаў бюджэту або лічбаў прыёму на платнай аснове па ўсіх спецыяльнасцях на дзённай форме атрымання адукацыі.

У выпадку перамогі навучэнцы паступаюць у тую ВНУ, дзе яны рэгістраваліся і праходзілі выпрабаванні.

 

Другі этапрэспубліканская алімпіяда па вучэбных прадметах

Рэспубліканская алімпіяда праводзіцца ў кожным навучальным годзе ў чатыры этапы: першы – установы адукацыі; другі – раённы (гарадскі); трэці – абласны; чацвёрты – заключны.

Пераможцы рэспубліканскіх алімпіяд праходзяць без выпрабаванняў на спецыяльнасці без прывязкі да пэўнага профільнага прадмета і вызваляюцца ад ЦЭ.

Пераможцы абласнога этапу не здаюць ЦЭ па тым прадмеце, па якім выйгралі. Па ім яны і так атрымаюць 10 балаў.

Пераможцы заключнага этапу вызваляюцца ад усіх ЦЭ. Па дысцыпліне, у якой выпускнік паказаў бліскучы вынік, яму будзе выстаўлена 10 балаў, па другой – гадавая школьная адзнака.

 Трэці этапцэнтралізаваны экзамен

Асноўныя тэрміны здачы – 14 мая (мовы) і 21 мая (прадмет па выбары школьніка). Запланавана некалькі рэзервовых дат для тых, хто па ўважлівых прычынах (напрыклад, з-за хваробы) прапусціў ЦЭ.

Школьнікі, якія слаба чуюць, са слабым зрокам, навучэнцы з парушэннямі апорна-рухальнага апарата могуць выбраць: пісаць ЦЭ, а потым, адпаведна, ЦТ або здаваць выпускны экзамен ва ўласнай школе, а пасля – унутраны ва ўстанове вышэйшай адукацыі.

Да ЦЭ дапусцяць толькі тых, хто мае станоўчыя гадавыя адзнакі па прадметах ЦЭ. У іншым выпадку вучань атрымае даведку аб навучанні.

У Беларусі створана 144 пункты здачы ЦЭ. Пляцоўкай стануць установы вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Калі яны ў раёне адсутнічаюць, пунктам прызначэння становіцца буйная школа або гімназія. Пры гэтым прыёмную камісію складуць з педагогаў іншых навучальных устаноў.

Механізмы правядзення ЦЭ і ЦТ падобныя, але ёсць нюансы, паведаміла Ірына Каржова, намеснік начальніка Галоўнага ўпраўлення агульнай сярэдняй, дашкольнай і спецыяльнай адукацыі-начальнік упраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Міністэрства адукацыі.

Рэгістрацыя на ЦЭ пройдзе з 1 па 20 красавіка і пасля яе змяніць выбар прадметаў будзе ўжо нельга.

На самым цэнтралізаваным экзамене ў аўдыторыі будуць знаходзіцца назіральнікі – тры педагогі, адзін з якіх – настаўнік па прадмеце, па якім праводзіцца ЦЭ. Экзаменацыйныя матэрыялы даставяць з Рэспубліканскага інстытута кантролю ведаў фельд’егерскай службай. Іх ускрыццё (а пасля завяршэння мерапрыемства і ўпакоўку) правядуць непасрэдна ў аўдыторыях. Адлік часу, адведзенага на выкананне заданняў, пачынаецца пасля атрымання апошняга асобніка варыянту экзаменацыйнай работы. Час на інструктаж і запаўненне рэгістрацыйных палёў сюды не ўваходзіць.

Працы правярае РІКВ. Усім, хто атрымае бал вышэй за нуль, выдадуць сертыфікат, у якім выставяць адзнаку па 100-бальнай шкале. Балы, выстаўленыя ў сертыфікаце, перавядуць у 10-бальную шкалу па спецыяльных табліцах. У атэстат аб агульнай сярэдняй адукацыі выставяць выніковую адзнаку, якая будзе сярэднім арыфметычным гадавой адзнакі і адзнакі па 10-бальнай шкале з сертыфіката.

 

Чацвёрты этаппрыём на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі

З’явілася магчымасць паступлення на мэтавую падрыхтоўку з асобным парадку прыёму.  У гэтым выпадку абітурыенты здаюць адзін унутраны экзамен у ВНУ. Вынік уступнага іспыту сумуецца з сярэднім балам атэстата, і такім чынам выбудоўваецца конкурс.

Фактычна сертыфікаты ЦЭ або ЦТ у гэтым выпадку не патрэбны.

 Пяты і шосты этапы – цэнтралізаванае тэсціраванне і прыём абітурыентаў

Плануецца, што рэгістрацыя на ЦТ пачнецца ў маі, а выпрабаванні пройдуць з 14 чэрвеня па 6 ліпеня. Потым пачнецца заключны этап – прыём дакументаў, правядзенне ўступных выпрабаванняў і залічэнне студэнтаў.

 Каго залічаць у ВНУ без выпрабаванняў?

♦ Уладальнікаў дыпломаў I, II, III ступені універсітэцкіх алімпіяд пры паступленні ў ВНУ, дзе яны рэгістраваліся і праходзілі выпрабаванні.

♦ Пераможцаў міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд на спецыяльнасці без прывязкі да пэўнага профільнага прадмета (першага або другога).

♦ Асоб, якія атрымалі сярэднюю спецыяльную адукацыю па педагагічных спецыяльнасцях, калі яны паступаюць на завочнае аддзяленне адпаведнага профілю.

Сяргей ПРАЎДЗІН.