
Агульнаўстаноўлены пенсіённы ўзрост у Беларусі, як вядома, 58 гадоў для жанчын і 63 гады для мужчын.
Для выхаду на пенсію да гэтага ўзросту сёння ў беларусаў павінна быць за плячыма 19 гадоў страхавога стажу. І кожны год гэтае патрабаванне будуць павышаць на 6 месяцаў: у 2024 трэба будзе 19,5 гадоў стажу, у 2025 – ужо 20 гадоў стажу.
Аднак ёсць катэгорыі асоб, да якіх ужываюць менш жорсткія патрабаванні да страхавога стажу.
У Мінпрацы патлумачылі, каго гэта датычыцца.
Так, усяго 10 гадоў страхавога стажу патрабуецца:
– жанчынам, якія нарадзілі і выхавалі чацвярых дзяцей;
– беларусам з працяглым агульным стажам (гэта значыць, тым, хто не менш за 35 гадоў (для жанчын) / 40 гадоў (для мужчын) даглядаў малалетніх дзяцей, інвалідаў I групы або састарэлых);
– асобам, якія праходзілі ваенную службу на працягу як мінімум 10 гадоў, але якія не маюць права на «ваенную» пенсію.
Усяго 5 гадоў страхавога стажу для выхаду на пенсію спатрэбіцца:
– жанчынам, якія нарадзілі пяць і больш дзяцей;
– інвалідам з дзяцінства;
– бацькам дзяцей-інвалідаў;
– інвалідам вайны;
– маці ваеннаслужачых, смерць якіх звязана з выкананнем абавязкаў ваеннай службы;
– беларусам, якія да дасягнення агульнаўстаноўленага пенсіённага ўзросту афіцыйна былі інвалідамі I або II групы на працягу як мінімум 21 года.
Лілія ВАЎЧЭЦКАЯ.