Хто б сумняваўся! Мінюст зарэгістраваў партыю «Белая Русь»

Урачыстая цырымонія атрымання пасведчання аб рэгістрацыі партыі «Белая Русь» прайшла ў Міністэрстве юстыцыі.

Нагадаем, што рашэнне аб стварэнні Беларускай партыі «Белая Русь» на базе праўладнага грамадскага аб’яднання з такой жа назвай было прынята 18 сакавіка на ўстаноўчым з’ездзе ў Мінску.

11 красавіка стала вядома, што дакументы на рэгістрацыю пададзены ў Міністэрства юстыцыі. Нягледзячы на тое, што заснавальнікамі партыі вступілі амаль 16 тысяч чалавек, Мінюсту не спатрэбілася шмат часу для праверкі. Верагодна таму, што ў праграме партыі запісана, што падтрымка палітыкі Аляксандра Лукашэнкі – адна з мэтаў яе стварэння.

У той жа час нагадаем, што сам Аляксандр Лукашэнка падчас выступлення з пасланнем перад Нацыянальным сходам заявіў, што «партыі ўлады” ў Беларусі не будзе. Як разумець гэтыя словы – пакажа час. Экспертамі новая структура разглядаецца хутчэй як кадравы ліфт для наменклатуры.

Дарэчы, “Белая Русь” стала першай партыяй, зарэгістраванай па новым законадаўстве. Вядома, што дакументы на перарэгістрацыю таксама рыхтуюць ліберал-дэмакраты і камуністы, якія ўжо правялі адпаведныя з’езды. Пытанне з магчымасцю перарэгістрацыі апазіцыйных партый пакуль адкрытае. Хаця прагнозы не аптымістычныя.