Хрышчэнне… паводкаю

Апошняе свята каляднага цыклу Хрышчэнне Гасподняе, або па-народнаму Вадохрышча,  многія жыхары Гомеля адзначалі традыцыйным акунаннем ў раку Сож. Палонку сёлета высякаць не давялося, бо пры набярэжнай, дзе ўлетку швартуюцца катэры, няма ані лёду, ані крыг – чыстая плынь. Ратавальнікі ў вадалазных касцюмах страхуюць экстрэмалаў, каб не панесла ўніз па цячэнні.

– Такога на маёй памяці ніколі не было, каб на Вадохрышча ўзровень вады ў Сожы  падняўся да крытычнай мяжы, – распавёў супрацоўнік рэгіянальнага таварыства выратавання людзей на вадзе Сяргей Мядзведзеў. – Праход на левы бераг закрыты – там гарадскі пляж затоплены, крыг багата прыбілася. Хто хоча акунуцца, усе ідуць сюды.

Гамяльчанка Людміла Мароз прыйшла адведаць «рачную Ядрань»  з сынам-падлеткам. Лічыць, што такім чынам сын будзе загартоўвацца, а сама яна прывычная да студзенскай купелі.

Тут варта зазначыць, што беларускія праваслаўныя і каталіцкія святары не раз заяўлялі, што традыцыя не адносіцца да царкоўных звычаяў і «не мае сакральнай сілы»​, хоць купанне вернікам не забараняецца.

Толькі што выйшаў з вады рослы мускулісты мужчына з крыжыкам на шыі і тату на правай руцэ. Назваўся Сяргеем,  намеснікам генеральнага дырэктара ААТ «Гомельхлебапрадукт».

Хрышчэнне паводкаю. Фота аўтара.
Хрышчэнне паводкаю. Фота аўтара.

– Для мяне гэта не столькі рэлігійнае свята, колькі традыцыя. Чатырнаццаты год прыходжу сюды – неверагоднае адчуванне бадзёрасці, – значае Сяргей.

Хрышчэнне... паводкаю
Фота аўтара.

Высокі пад’ём вады 19 студзеня назіраецца не толькі ў рацэ Сож. Паводле інфармацыі УМНС, на Гомельшчыне ў 13 раёнах зарэгістравана небывалая паводка для гэтай пары года. Агулам падтоплена ўжо 169 падворкаў, 18 дамоў, 4 падвалы, 60 гаспадарчых пабудоваў, 9 участкаў дарог.  Ратавальнікі дапамагаюць гаспадарам экстрэмальных дамоў адпампоўваць ваду. Найбольш высока паднялася рака Прыпяць у Мазырскім раёне – на 133 сантыметры вышэй звычайнага ўзроўню. Вадохрышчанскае свята нечакана само ідзе да людзей, і прыход гэты далёка не святочны.

Хрышчэнне... паводкаю

Анатоль ЛІПСКІ.

Фота аўтара.