Калонка Алеся Няўвеся

У Мінску затрымалі жанчыну, 32-гадовага інжынера прадпрыемства, якое аб’явіла тэндэр на сваю прадукцыю. За перамогу ў тэндэры дзялок прасіў скідку на суму хабару, інжынер не пагаджалася, а ўся размова запісвалася “органамі”.

У крамах абіраюць нас да ніткі,
Не купіш за капейкі і вады.
Таму нам душы грэе слова “скідкі”,
Якое чуем мы сяды-тады.
Пайшло ў жыццё, як кажуць, тое слова,
Не толькі ў крамах чуецца яно,
І хабарнікі нават (гэта нова!)
Асвоілі яго не так даўно.
Калі яны ідуць на ўчынак гідкі,
Дык, інтарэсы маючы свае,
Той, хто бярэ, рабіць не хоча скідкі,
Разлічвае на скідкі, хто дае.
Такое адбывалася ў сталіцы,
Калі праходзіў тэндэр кагадзе.
Залежала ад гэтай маладзіцы,
Каму харошы куш перападзе.
У схватцы за прадукцыю завода
Счапіліся тутэйшыя дзялкі.
Для маладзіцы трэба ўзнагарода,
Каб адваліла ладны куш такі,
Бо даручылі ёй, як інжынеру,
Арбітрам быць, у схватцы весці рэй
І падпісаць належную паперу.
Дык да каго ж паставіцца дабрэй?
Здавалася б, амаль пустая справа,
Не варта весці нейкую вайну,
Бо той купіць тавары мае права,
Хто прапануе большую цану.
Аднак адзін дзялок не лыкам шыты,
Яму, праныру, даў падказку клёк:
“Калі “на лапу” трошачкі дасі ты,
Папоўніш інжынера кашалёк,
Дык на другіх яна закрые вочы,
А для цябе парупіцца як след…”
Дзялок, калі сыходзіў дзень рабочы,
Нанёс візіт у ейны кабінет.
І там, у кабінеце, перамовы
Яны, як дыпламаты, правялі
Пра бонус для начальніцы грашовы,
І што ёй лепш: даляры ці рублі.
– Такія грошы – гэта проста здзекі, –
Умова ў перамоўшчыцы свая. –
Я цвёрда вам кажу: не будзе здзелкі,
Калі не павялічыце ўдвая.
Спрачацца вам з жанчынай –
Вельмі брыдка…
Аднак дзялок упарціўся:
– Ды ну!
Ва ўсякім разе мне патрэбна скідка,
Без скідкі суму я не пацягну…
І вырашалі ледзь не вечар цэлы,
Якая сума будзе ёй якраз.
Ды не ўлічылі: вушы маюць сцены.
А асабліва ў нас і ў гэты час…

* * *

Турма на даляглядзе ўвачавідкі,
Бо ў суд пракуратура павядзе.
Ды ўсім вядома, што бываюць скідкі,
Калі дасі “на лапу”, і ў судзе…
Таленты і ідыёты

Людзі кажуць: ён ва ўсім таленавіты –
Чалавек з таленавітае эліты.
Змог у тым і сам пераканацца я.
З ідыётамі такая ж сітуацыя…

 
Не суразмоўца, а слухач

Людзі хлусяць парой непрыкрыта:
Калі гэткі настрой – хоць заплач,
Суразмоўца ім трэба нібыта,
А напраўду ім трэба слухач.

 
Дзяльба

А гэтак пачыналася прыгожа!
– Нам разам быць і ў шчасці, і ў бядзе!
Дзялілі, так сказаць, абое ложа.
А зараз мэблю дзеляць у судзе…
Бескарыслівыя

Сумленне ў экстрасенсаў хоць куды!
Калі сумненні ёсць, дык іх развею:
Не хочуць ужываць свае глузды,
Каб выйграць у лато ці ў латарэю…

 
Доза для подзвігу

Ён гаварыў заўжды сваім сябрам,
Як толькі перакульваў чарку ў рот:
– Не трэба мне для храбрасці сто грам,
А дайце мне для подзвігу пяцьсот…

Хітрасць вытворцаў

Як з пакупнікоў здзіраюць грошы,
Вакол пальца іх абводзяць лоўка?
Чым твар прадаецца горшы,
Тым з драбнейшым шрыфтам упакоўка…

Публікацыя з № 5 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.