Гучная справа. Суд над Пратасевічам зноў зрабілі закрытым

Раман Пратасевіч. Фота з адкрытых крыніц.

7 красавіка ў 10.00 ў Мінскім абласным судзе адновіцца слуханне гучнай крымінальнай справы, па якой трох былых кіраўнікоў вядомых інтэрнэт-каналаў абвінавачваюць ледзь не ў тым, што сталі прычынай масавых пратэстаў у Беларусі ў 2020 годзе.

Сцяпана Пуцілу і Яна Рудзіка судзяць завочна, бо яны знаходзяцца за межамі Беларусі, і толькі Раман Пратасевіч асабіста прысутнічае на судовых пасяджэннях.

Суд па гэтай справе пачаўся 16 лютага ў адкрытым фармаце, было зачытана абвінавачванне Пратасевічу, прайшоў яго допыт у судзе, пачалі зачытваць матэрыялы справы і дапытваць сведак. Затым частку справы разглядалі за зачыненымі дзвярыма. Потым суд зноў зрабілі адкрытым. Пасля чаго здарыўся перарыў, бо Пратасевіч захварэў: прастуда перайшла ў аціт.

На 7 красавіка зноў прызначана закрытае судовае пасяджэнне.

Раман Пратасевіч прыходзіць у суд з суправаджэннем, але гэта не традыцыйны канвой, а спартыўныя хлопцы ў звычайным адзенні. Толькі гэта не сябры і не група падтрымкі, гэта канвой. Бо Пратасевіч знаходзіцца пад хатнім арыштам. На судовых слуханнях ён не сядзіць у клетцы, ён без кайданкоў, але не вольны.

Сваю віну Раман Пратасевіч цалкам прызнае, ахвотна і падрабязна дае паказанні, расказвае, хто яшчэ, акрамя яго самога, Пуцілы і Рудзіка, працаваў на некалі суперпапулярных інтэрнет-праектах, якія цяпер у Беларусі прызнаны экстрэмісцкімі. Цікава, што, са слоў Пратасевіча, ніхто не чакаў таго развіцця падзей, якія адбыліся ў 2020 годзе. Прагназавалася, што прэзідэнцкія выбары-2020 будуць “вельмі сумнымі”…

Але адбылося тое, што адбылося. Як вынік Пратасевічу, Пуцілу і Рудзіку прад’яўлена абвінавачванне па больш чым дзесяці артыкулах Крымінальнага кодэкса. Акрамя гэтага, Генпракуратурай Беларусі ў інтарэсах дзяржавы заяўлены іск у памеры больш за 30 мільёнаў рублёў.

Сам Раман Пратасевіч яшчэ на першым судовым пасяджэнні заявіў, што маральна і псіхалагічна гатовы да любога рашэння суда. Якім будзе для яго гэта судовае рашэнне – застаецца інтрыгай, бо ён, як кажуць, “ініцыятыўна пакаяўся”. Але справа ў тым, што ён прызнаў віну ў тым ліку па абвінавачванні ва ўдзеле ў “змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам”.

А пакаранне па гэтым артыкуле Крымінальнага кодэкса – ад дзесяці да пятнаццаці гадоў пазбаўлення волі. Паколькі Пратасевіч заключыў дамову са следствам, суд павінен будзе прызначыць яму мінімальны тэрмін, прадугледжаны адпаведным артыкулам. Але ж і гэта – дзесяць гадоў…

Што ж, пачакаем, магчыма, вердыкт будзе іншым.

Іван ШАЎЛЮК.