
Беспрэцэдэнта хутка следчыя разабраліся са справай Андрэя Дзмітрыева.
Судовы працэс над былым кандыдатам у прэзідэнты пачнецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 5 красавіка.
Палітыка абвінавачваюць у арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, або актыўным удзеле ў іх (ч.1 арт.342 Крымінальнага кодэкса).
Справу будзе разглядаць суддзя Кацярына Мурашка.
Андрэя Дзмітрыева затрымалі 11 студзеня 2023 года.
Следчы камітэт тады паведаміў, што Дзмітрыеў удзельнічаў у паслявыбарчых акцыях пратэсту, таму стаў фігурантам крымінальнай справы. Адзначалася, што палітык «599 разоў перасякаў дзяржаўную мяжу Беларусі, з іх 33 – пасля 2020 года. Следства мяркуе, што наяўнасць кантактаў у Дзмітрыева з прадстаўнікамі Захаду і ЗША можа сведчыць аб каардынацыі ягонай «палітычнай» дзейнасці з-за мяжы». І нават абнародвалі фота Дзмітрыева з Хілары Клінтан. Як аказалася, фота было старое, і, як бачым, гэтыя намёкі ў асобнае абвінавачванне не ператварыліся.

Андрэй Дзмітрыеў – з’яўляўся сузаснавальнікам і сустаршынёй аб’яднання «Гавары праўду», ліквідаванага па рашэнні Вярхоўнага суда ў кастрычніку 2021 года. 12 жніўня 2021 года Дзмітрыева ўжо затрымлівалі на кароткі тэрмін, але потым адпусцілі. Апошнім часам перад арыштам ён займаўся стварэннем новай партыі з працоўнай назвай “Наша партыя”.
Дзмітрыеў мае траіх дзяцей.
Сяргей ПРАЎДЗІН.