Як украінскі футбаліст адсудзіў у беларускага клуба каля 600 тысяч еўра.

Украінскі футбаліст Яўген Хачарыдзі ў свой час дасягнуў пэўных вышынь у спартыўнай кар’еры – станавіўся трохразовым чэмпіёнам Украіны ў складзе кіеўскага “Дынама”, за якое згуляў адзінаццаць сезонаў. Выйграў з камандай два Кубкі Украіны і тры Суперкубкі. Правёў 50 матчаў за нацыянальную зборную і нават згуляў на двух чэмпіянатах Еўропы.

Некалькі матчаў Хачарыдзі правёў за грэчаскі ПАОК (у Яўгена, дарэчы, грэчаскія карані.Аўт.), але там не склалася, і ў кастрычніку 2019 года ўкраінскі футбаліст адправіўся па футбольнае шчасце у брэсцкае “Дынама”. Бакі ўдарылі па руках, кантракт беларускага клуба з Яўгенам Хачарыдзі быў падпісаны да канца 2021 года.

Трэба сказаць, што сезон-2019 быў самым яркім для брэсцкага “Дынама” – каманда стала чэмпіёнам краіны і была на вяршыні сваіх фінансавых магчымасцей, бо пад сваё “крыло” клуб узяў беларускі бізнесмен Аляксандр Зайцаў. У тым сезоне знайшліся грошы нават на тое, каб запрасіць у Брэст легендарнага Дыега Марадону, які прыязджаў у абласны цэнтр, трэба думаць, не з-за любові да шэраговага беларускага клуба, пра які Марадона раней, хутчэй за ўсё, ніколі і не чуў. Але, як кажуць, хто плаціць – той і заказвае музыку. А грошы патрэбны ўсім – нават Марадону.

Менеджар Яўгена Хачарадзі пасля таго, як яго “кліент” перайшоў у брэсцкае “Дынама”, запэўніваў спартыўную грамадскасць, што фінансавае пытанне пры трансферы не стаяла. Маўляў, іграку важна было патрапіць у клуб з амбіцыямі, з добрым калектывам, каб ён ізноў выходзіў на поле, бо да гэтага Хачарыдзі не гуляў амаль год. Пра заробак футбаліста агент не распаўсюджваўся, але ў некаторых СМІ з’явілася інфармацыя, што гадавы заробак украінскага футбаліста дасягаў 450 тысяч еўра ў год. Такім чынам, за два сезоны Яўген Хачарыдзі мог зарабіць каля мільёна еўра.

Трэба сказаць, што ў новым клубе зорак з неба Хачарыдзі не хапаў. У 2020 годзе ён згуляў у чэмпіянаце Беларусі за “Дынама” ўсяго 16 матчаў і забітымі галамі не адзначыўся. А вось у скандалы трапляў рэгулярна: з-за паводзін на полі, пасля таго, як сабраўся ўдарыць пасля матча галоўнага арбітра Сяргея Чыстова

Стала зразумела, што ўзаемнай любові не атрымалася, і ўжо на самым пачатку 2021 года з’явілася інфармацыя, што ўкраінскі абаронца пакіне брэсцкае “Дынама”. А праз нейкі час чуткі трасфарміраваліся ў рэальнасць: у студзені 2021 года кантракт з іграком быў скасаваны. І далей баталіі ўжо выйшлі за межы футбольнага поля: пакрыўджаны футбаліст запатрабаваў ад брэсцкага клуба выплаціць яму кампенсацыю – 1 мільён еўра. За датэрміновае скасаванне кантракта. І паабяцаў: калі беларускі клуб адмовіцца выконваць свае абязальніцтвы, ён пройдзе ўсе судовыя інстанцыі.

Трэба адзначыць, што ў тым жа 2021 годзе “Дынама” пакінуў не толькі Яўген Хачарыдзі, але і некаторыя іншыя вядомыя ігракі. Клуб перастаў быць цікавым бізнесмену Зайцаву, той пераключыўся на новы футбольны праект, і чэмпіён Беларусі 2019 года ў матэрыяльным плане ізноў апынуўся амаль што ля разбітага карыта. Клуб, натуральна, нікуды не знік, але перайшоў на фінансаванне з дзяржаўнага бюджэту. І новае кіраўніцтва “Дынама”, як паказала гісторыя, не гарэла вялікім жаданнем аддаваць грошы ўкраінскаму футбалісту. Маўляў, са старымі пазыкамі няхай старое кіраўніцтва і разбіраецца.

“Яўген Хачарыдзі і ФК “Дынама-Брэст» заключылі двухгадовы кантракт – да канца 2021 года, – распавядаў затым агент украінскага футбаліста Ілля Скарапашкін. – Клуб пацвердзіў, што парушэнні ўмоваў кантракта сапраўды былі і права іграка на датэрміновае скасаванне кантракта не аспрэчваў. Былі затрымкі па выплатах заробку, прадугледжаныя ўмовамі кантракта. Патрабаванні аб выпраўленні гэтых парушэнняў не былі задаволены і парушэнні не былі выпраўлены ў тэрмін, які прадугледжаны рэгламентам.

Мы звярнуліся ў клуб з патрабаваннем аб выплаце кампенсацыі, але атрымалі адмоўны адказ. Таму спрэчная справа перададзена на разгляд кампетэнтных юрысдыкцыйных органаў футбола. Незалежна ад таго, які на гэты момант прававы статус і форма ўласнасці футбольнага клуба “Дынама-Брэст”, ён з’яўляецца спартыўным правапераемнікам, які атрымаў у спадчыну турнірныя дасягненні і, суадносна, фінансавыя абязальніцтвы папярэдняга суб’екта футбольных праваадносін”.

Ніхто з брэсцкага “Дынама” не жадаў добраахвотна аддаваць грошы ўкраінскаму футбалісту, і тады спрэчнае пытанне давялося вырашаць у судзе. У жніўні 2021 года палата па вырашэнні спрэчак ФІФА задаволіла іск Хачарыдзі да брэсцкага клуба, што не задаволіла кіраўніцтва клуба. Клуб абскардзіў рашэнне ў Міжнародным спартыўным арбітражным судзе, але той ізноў заняў бок футбаліста і абавязаў разлічыцца з украінцам, выплаціўшы яму 600 тысяч еўра.

Пытанне заставалася толькі ў тым: з чыёй кішэні возьмуць гэтыя грошы? Выдаткі кампенсуе Аляксандр Зайцаў, які раней фінансаваў брэсцкае «Дынама», ці разлічвацца будзе сённяшняе кіраўніцтва клуба?

І вось днямі старшыня Брэсцкага аблвыканкама Юрый Шулейка радасна заявіў, што да бізнесмена Зайцава звярнуліся з просьбай закрыць даўгі за падпісаны пры ім кантракт, і той аказаўся не супраць расплаціцца.

Адным словам, як не круціліся кіраўнікі брэсцкага клуба, але не выкруціліся. Як кажуць: грошы на бочку!

Алесь СВЯТЛАНІЧ.

Публікацыя з № 2 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.