Гомель у аблозе вады (шмат фота)

Фота "Народнай Волі".

Высокая веснавая паводка, якая здарылася сёлета на рацэ Сож, прынесла нямала непрадбачаных сюрпрызаў жыхарам Гомеля.

У аблозе вады апынуліся сотні ўладальнікаў дамоў у прыватных мікрараёнах Манастырок, Якубоўка, шэрагу вуліц у Навабеліцкім раёне, што мяжуюць з поймай ракі.

Белгідрамет паведаміў: па стане на 9 красавіка ўзровень вады ў Сажы дасягнуў 6,3 метра. Гэта толькі на 20 сантыметраў менш незвычайна высокай паводкі, якая здарылася тут у 2013 годзе. Вада выйшла нават на ўпарадкаваную набярэжную ракі ў Цэнтральным раёне. Камунальнікі ў тэрміновым парадку з выкарыстаннем трактара «Беларус» вымушаны былі збіраць лаўкі з набярэжнай, што служылі мінакам для адпачынку падчас прамінаду.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Фота «Народнай Волі».

Гомельскі Манастырок у гэтыя дні нагадвае Венецыю. Жыхары вуліц Далёкая, Папярэчная, Заводская, Рачная вымушаны на лодках, у рыбацкіх ботах альбо нават у гідракасцюмах выбірацца ў горад  па прадукты, на працу і вяртацца ў такой жа амуніцыі назад. Месцам пераапранання нярэдка служаць уласныя аўтамашыны, выгнаныя для паратунку на вышэйшыя месцы і прыпаркаваныя ўздоўж вуліц.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Амаль як у Венецыі.
Фота «Народнай Волі».

Побач дзяжураць ратавальнікі з гарадской службы МНС, якія дапамагаюць гараджанам дабірацца да сваіх дамоў. Запаслівыя гаспадары паставілі на ваду і ўласныя лодкі. Яны служаць своеасаблівымі «таксоўкамі» для  сямейнікаў і суседзяў.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Фота «Народнай Волі».

Мясцовая пенсіянерка Валянціна, якая прыклыпала ў высокіх гумовіках на сушу, бядуе, што ўвесь яе агарод заліты вадою і наўрад ці давядзецца яго засеяць, бо вада звычайна стаіць у нізкіх мясцінах яшчэ і ў чэрвені.

— Ахоўную дамбу насыпалі ад Сожа, але ж паводка да нас прыходзіць  праз Любенскае возера. З гэтага боку нікай аховы. Вада залятае да нас у нізіну і стаіць да лета. Ніякага руху ёй няма, — жаліцца пенсіянерка.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Фота «Народнай Волі».

Паводка нарабіла бяды і іншага характару. У прыватнм сектары парушаны вадаправод. Каля сарака домоў на вуліцах Далёкая і 2-я Заводская, у якіх пражывае каля сотні жыхароў, засталіся без водазабеспячэння. Ратавальнікі арганізавалі падвоз пітной вады. Многія месцічы самі плывуць на лодках па затопленых вуліцах, каб дабрацца да калонак, дзе вадаправод застаўся цэлым.

У Якубоўцы вада затапіла каля паловы цэнтральнай вуліцы, якая называецца тут Палявой. На сумежжы асфальту і вады таксама дзяжураць ратавальнікі і медыкі хуткай дапамогі. Распаўсюджана таксама аб’ява: калі вада ў доме вышэй падлогі, жыхары могуць разлічваць на перасяленне ў прыгатаванае гарадскімі ўладамі часовае жытло ў адным з інтэрнатаў.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Фота «Народнай Волі».

— Мы свой дом не пакінем, — кажа жыхар Якубоўкі Сяргей, які ў высокіх ботах цягне за сабою лодку. — Во іду жонку сустракаць. Яна паехала ў краму купіць прадуктаў. Патэлефанавала, каб сустрэў. Мы не бядуем, што гарод затапіла, бо з яго не жывём. Агарод — гэта ў нас, лічыце, забаўка.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Фота «Народнай Волі».

Над цэнтральнай якубоўскай вуліцай на самавітай бярозе высіцца буслянка. Бацян Пеця — так яго называюць мясцовыя жыхары — са сваёй сяброўкай назірае з вышыні, як плёхаюцца ў вадзе тутэйшыя гараджане, дабіраючыся на лодках да сваіх «гняздоўеў». Буслы быццам нагадваюць людзям, што жыць адносна бяспечна можна хіба што на вышыні.

Гомель у аблозе вады (шмат фота)
Фота «Народнай Волі».
Анатоль ЛІПСКІ.
Фотаздымкі аўтара.