Изображение носит иллюстративный характер

Дзяржаўная прапаганда захлынулася ў радасці.

“Особенно порадовали поправки (у закон аб грамадзянстве,Заўв.) о возможности утраты белорусского гражданства, приобретенного по рождению, в связи с наличием вступившего в законную силу приговора суда Беларуси, подтверждающего участие данного лица в экстремистской деятельности или причинение им тяжкого вреда интересам Беларуси, если такое лицо находится за ее пределами. Вот тут хочется просто «ура!» кричать и аплодировать стоя», – напісала ў “СБ” небезвядомая прапагандыстка Людміла Гладкая.

Між тым толкам у прынятым законе яна не разабралася. Таму што «в связи с вступившим в законную силу приговора суда» на дадзены момант ніхто аўтаматычна грамадзянства не пазбавіцца. Ні Святлана Ціханоўская, ні Павел Латушка, ні Валерый Цапкала, ні Аляксндра Герасіменя, якую ўжо завочна асудзілі да 12 гадоў калоніі… Ніхто.

Таму што ні адзін закон не можа супярэчыць Канстытуцыі. А артыкул 84 Асноўнага закона нашай краіны вызначае, што прыняццё ў грамадзянства і спыненне грамадзянства гэта кампетэнцыя не суда, а прэзідэнта.

Акрамя таго, ніхто не выключаў з Крымінальнага кодэкса артыкул 9, у якім выкладзены адзін з асноўных прынцыпаў крымінальнага правасуддзя. Цытуем:

Артыкул 9. Дзеянне крымінальнага закона ў часе

  1. Злачыннасць і пакаральнасць дзеянняў вызначаюцца законам, які дзейнічаў падчас здзяйснення гэтых дзеянняў. Часам здзяйснення злачынства прызнаецца час здзяйснення грамадска небяспечных дзеянняў (бяздзеяння) незалежна ад часу наступстваў.
  2. Закон, які ліквідуе злачыннасць дзеянняў, змякчае пакаранне ці іншым чынам паляпшае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, мае зваротную сілу, гэта значыць распаўсюджваецца на асоб, якія ўчынілі адпаведнае дзеянне да ўступлення такога закона ў сілу. У тым ліку – на асоб, якія адбываюць пакаранне або якія адбылі пакаранне, але маюць судзімасць. З дня ўступлення ў сілу закона, які ліквідуе злачыннасць дзеі, адпаведнае дзеянне, здзейсненае да яго ўступлення ў сілу, не лічыцца злачынным. Калі новы крымінальны закон змякчае пакаранне за дзеянні, за якія асоба адбывае пакаранне, суд прызначае пакаранне ў адпаведнасці з санкцыяй новага крымінальнага закона.
  3. Закон, які ўсталеўвае злачыннасць дзеянняў, узмацняе пакаранне або іншым чынам пагаршае становішча асобы, якая ўчыніла гэтае дзеянне, зваротнай сілы не мае.
  4. Калі закон, які дзейнічаў падчас здзяйснення злачынства, быў адменены або зменены і ліквідуе злачыннасць гэтых дзеянняў, змякчае пакаранне ці іншым чынам паляпшае становішча асобы, якая ўчыніла злачынства, але да часу расследавання крымінальнай справы або разгляду справы ў судзе ўступіў у сілу больш строгі крымінальны закон, прымяняецца больш мяккі прамежкавы закон.

Прасцей кажучы, па крымінальных справах дзейнічае прынцып: закон, які пагаршае стан асуджанага, зваротнай сілы не мае. І, наадварот, калі пакаранне змягчаецца, то закон распаўсюджваецца і на злачынствы, здзейсненыя да яго прыняцця.

Закон, якому так горача і стоячы апладзіруе адыёзная Людміла Гладкая, уступіць у сілу толькі праз паўгода. А значыць і будзе распаўсюджвацца толькі на злачынствы, здзейсненыя праз паўгода.

Між тым справы супраць лідараў беларускай палітычнай эміграцыі, якіх будуць судзіць завочна, ўжо накіраваны ў суд. На 17 студзеня прызначаны пачатак разгляду справы супраць Святланы Ціханоўскай, Паўла Латушкі, Вольгі Кавальковай, Марыі Мароз і Сяргея Дылеўскага. Наколькі вядома, іх абвінавачваюць па шэрагу артыкулаў Крымінальнага кодэкса: у прыватнасці, артыкул 130 (Распальванне варожасці), 191 (Перашкода ажыццяўленню выбарчых правоў), ч. 2 арт. 292 (Падрыхтоўка да захопу будынкаў і збудаванняў), 356 (Здрада дзяржаве), 382 (Самавольнае прысваенне звання ці ўлады службовай асобы) і шэрагу іншых.

Таксама ўжо перададзена ў суд справа супраць Валерыя Цапкалы. Былому паслу Беларусі ў ЗША, стваральніку і былому кіраўніку Парка высокіх тэхналогій інкрымінуюць ажно дванаццаць артыкулаў Крымінальнага кодэкса: і злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі, і хабар, і стварэнне экстрэмісцкага фарміравання…

Калі Людміла Гладкая ўжо рыхтуе тэкст з апладысментамі ў чаканні вынясення прыгавору і пазбаўлення грамадзянства, то гэта марная справа, бо прыдзецца перапісваць. Дзеянне закона, які так яе ўзрадаваў, пачнецца толькі праз паўгода і будзе распаўсюджвацца на дзеянні, здзейсненыя праз паўгода. Таму не трэба зноў і зноў пераказваць тое, што было ў 2020-м годзе, аздабляючы падзеі ўсё больш фантасмагарычнымі дэталямі. Да прынятага закона гэта проста не мае ніякага дачынення. Нават дзіўна, што чалавек, які раней працаваў у міліцэйскай газеце, не ведае азоў, не ведае прынцыпаў, на якіх грунтуецца заканадаўства.

Ігар МАРОЗАЎ.

Публікацыя з № 3 газеты “Народная Воля”. Падпісацца на газету.