Мікіта Вайлупаў.

Ігрок зборнай Беларусі і венгерскага “Веспрэма” піша карціны ў стылі абстрактнага экспрэсіянізма.

Па словах гандбаліста, карціны для яго – гэта хобі.

“У адзін цудоўны дзень захапіўся і да гэтага часу не магу спыніцца, – распавёў спартсмен медыяпраекту «Гандбол. Быстрый центр». – Паралельна вывучаю графічны дызайн і моўшн-дызайн, спрабую рабіць калажы. Адным словам, стараюся развівацца, даведвацца нешта новае.

Але шчыра скажу, што нацюрморты, пейзажы, партрэты – гэта не да мяне. Пісаць іх па-ранейшаму не ўмею, ды і не імкнуся. Нецікава. Класічны жывапіс – абсалютна не мой фармат. У адрозненні ад абстракцыі. Я бачу, як змяняецца настрой карцін, тэхніка. З’яўляюцца новыя прыёмы…

Магу за дзесяць хвілін тры карціны намаляваць, а часам і некалькі дзён на адну трэба патраціць.

Рэкорд у гэтым сэнсе – два тыдні. У Мінску для аднаклубніка рабіў працу на заказ. Складанасць заключалася ў тым, што ён папрасіў карціну ў стылі кубізма, мы разам распрацоўвалі дызайн. Там было шмат плоскіх геаметрычных форм, слаёў, таму з-за гэтага работа зацягнулася”.

Мікіта Вайлупаў адзначае, што малюе не толькі пэндзлем.

“Усё залежыць ад памера палатна, – распавядае ён. – Вялікай абстракцыяй зараз не займаюся, на гэта элементарана не хапае часу. А ўвогуле можна браць усё, што пад руку патрапіць: можна маляваць пальцамі, пэндзлем, шпатэлем, валікам, карандашамі… Што і дае розны эфект.

Мяне ў абстракцыі захапляе сам працэс. Калі падыходзіш да палатна і не ведаеш, што будзе на фінішы. Мае работы яркія, сакавітыя, насычаныя. На карціне з’яўляецца тое, што ў мяне на душы – і потым месяца паўтара магу нічога не рабіць. Проста не цягне.

З якой карцінай было асабліва шкада развітвацца? З першай, бо ў ёй і мая душа, і шмат працы. Але ў Мінску ў мяне ёсць блізкі таварыш, не гандбаліст. Ён адразу палюбіў гэтую карціну. Глядзеў на яе такімі вачыма, што я не вытрымаў – і падарыў.

З аднаго боку шкада было аддаваць карціну, а з іншага – кожная павінна знайсці свой дом. Пра тое, каб узяць грошы за сваю працу, на той час я не думаў. Як кажуць – сяброў не прадаюць.

А ўвогуле, рэкордная цана, за якую была прададзена мая работа, – каля чатырох тысяч еўра. Праўда, гэта была серыя ці то з васьмі, ці то з дзевяці карцін. Імя пакупніка не назаву. Папрасіў не афішаваць”.

Гандбаліст распавёў, што ён у захапленні ад карцін заснавальніка абстрактнага экспрэсіянізма Джэксана Полака, але любімага мастака ў яго няма.

Таксама ў яго з’явілася і яшчэ адно новае захапленне – не так даўно купіў дрон. Але наперадзе экзамен на атрыманне ліцэнзіі А1 і А3, пасля чаго спартсмен зможа афіцыйна выкарыстоўваць апарат на тэрыторыі Еўрасаюза.

“Для ммяне гэта не толькі захапленне, – адзначае Мікіта. – З дапамогай беспілотніка буду пад рознымі вугламі здымаць свае трэніроўкі, затым публікаваць відэа у сацыяльных сетках.

Яшчэ хачу падзяліцца вопытам з маладымі гандбалістамі. Запішу поўны курс індывідуальных трэніровак з ухілам на кідкі і іншыя карысныя рэчы. Гэта ўсё таксама будзе ў Інтэрнэце. Бясплатна або за грошы – пакуль не вырашыў”.

Мікіта Вайлупаў кажа, што ёсць у яго і некалькі іншых мараў:

“Па-першае, хачу адчуць усе тыя эмоцыі, якія атрымлівае спартсмен, калі перамагае ў Лізе чэмпіёнаў і падымае над галавой трафей.

Па-другое, даўно ёсць мара скокнуць з парашутам. Загнаць сябе ва ўмовы пераадольвання – і выйсці з гэтай унутранай барацьбы пераможцам. Але калі ў маім жыцці і здарыцца парашут – толькі пасля таго, як завяршу спартыўную кар’еру.

І мара нумар тры – пасядзець за штурвалам рэактыўнага знішчальніка”.

Падрыхтаваў Алесь СВЯТЛАНІЧ.