
Абавязкова надыдзе час, калі гэты дыялог Аляксандра Лукашэнкі з новым кіраўніком факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта Аляксеем Бяляевым будзе прыводзіцца ў падручніках, каб кожны зразумеў, як сітуацыя ў Беларусі дайшла да таго, да чаго дайшла. Нагадаем яго і мы.
– Аляксей, ты ўжо колькі працуеш?
– Дэканам факультэта журналістыкі – паўтара месяца.
– Я не мог цябе павіншаваць з гэтым цяжкім хамутом, віншую…
– Не цяжэйшы за ваш…
– Не трэба зайдросціць, нічога добрага ў ім няма… Але я вельмі спадзяюся, што ты здолееш сабраць вакол сябе прыстойных людзей, калектыў, і мы адтуль атрымаем сапраўдных байцоў-журналістаў – такіх, якія ў нас, на шчасце, пасля 2020 года з’явіліся. Гэта ўзор для пераймання.
І потым… Я прасіў, каб галоўныя нашы дзеючыя асобы ў журналістыцы – Эйсмант і іншыя – усё ж такі былі ў нейкім назіральным савеце і дапамагалі табе працаваць. Выпрацоўвайце адпаведную практыку, выбудоўвайце. Паколькі паэт у нас не проста паэт, а журналіст – тым больш…
– Якраз з гэтай нагоды мы да вас за парадай і прыйшлі. Па вашым распараджэнні назіральны савет на факультэце журналістыкі створаны, мы правялі два пасяджэнні, шчыльна працуем. І ў сувязі з вашым пасланнем хацелася б запытацца: вы сёння вельмі маштабна прайшліся па самым цяжкім – па вайне. Як вы часта паўтараеце (і тут мы цалкам вас разумеем), зараз – час ваенны. Але ў выступленні вы гаварылі, у асноўным, пра вайну ў прамым сэнсе гэтага слова ды пра вайну эканамічную – аб санкцыях, якія на нас абрынуліся. Я разумею, што з-за недахопу часу, толькі мімаходзь, гаварылі пра вайну інфармацыйную. Але фактычна менавіта інфармацыйная вайна сёння найбольш маштабная, таму што і друкаваныя СМІ (газеты), і аўдыёвізуальныя СМІ (тэлебачанне, радыё), і асабліва лічбавыя платформы – гэта самае сапраўднае поле бою. І там шырацца розныя фейкі – і такія, якія нават непрафесіянал убачыць, і дыпфейкі – зробленыя вельмі якасна, што нават прафесіяналу цяжка выяўляць. Плюс да таго – інфармацыйнае поле сёння даступна, на жаль, усім: любы чалавек са смартфонам сёння думае, што ён журналіст, спрабуе рабіць нейкія запісы, фотаздымкі, рэпосты. Часта не разумеючы, што за інфармацыйны прадукт ён вырабляе. Але мы бачым, што на любой вайне, на шчасце, важны момант – гэта байцы. Вы сёння казалі пра байцоў інфармацыйнага фронту… Усё можа падвесці: і тэхніка, напрыклад… Вы сёння звярталі ўвагу – тэхніка, хоць і добрая, але варожая, і вашай крытыкі не вытрымала… Таму пытанне пра байцоў інфармацыйнага фронту – аб тых самых журналістах. І паколькі вы самі на гэта звяртаеце ўвагу, то, на ваш погляд, тыя маладыя журналісты, якія павінны прыйсці на змену нашым паважаным “мэтрам”… Да мяне тут выступаў і Андрэй Мікалаевіч Мукавозчык, і ўсе нашы цудоўныя “цяжкавікі”, як Вадзім Францавіч Гігін, і кіраўнікі нашых найбуйнейшых СМІ, якіх вы тут пастаянна бачыце… Вось ім на змену ідуць людзі, якія зараз, можа, і не перажылі тых праблем 2020 года (яны былі тады яшчэ маладымі і паступілі вучыцца пазней). Якую б параду вы далі ім? Якія якасці ім трэба ў сабе развіваць? І якое б даручэнне вы далі канкрэтна нам? На што нам звярнуць увагу пры падрыхтоўцы гэтых байцоў – тэхнічнае абсталяванне ці, як вы правільна сёння казалі, патрыятызм, таму што толькі патрыятызм можа чалавека зрабіць чалавекам, а выхаваць патрыёта можа толькі патрыёт? На што нам звяртаць увагу і на што нам арыентаваць, настройваць нашу моладзь, нашу маладую змену? Дзякуй.
– Тэхніка, канешне, павінна быць. Але ніякая тэхніка вам не дапаможа, калі не будзе сапраўдных байцоў…
Адказ Аляксандра Лукашэнкі пераказваць не будзем. Бо з новага там прагучала толькі тое, што нейкі неабыякавы беларус з замежжа паглядзеў нашы СМІ і падрыхтаваў для Аляксандра Лукашэнкі запіску. Пра змест і высновы гэтага даследавання ён не сказаў нічога (паабяцаў перадаць зацікаўленым асобам для азнаямлення), але агаварыўся, што напісана “з душэўным болем”. Так што можна выказаць здагадку, што высновы не кампліментарныя.
Але сёння – пра іншае.
Калі даць паслухаць гэты дыялог любому журналісту, нават такому, які ледзь скончыў пару курсаў журфака з-за прагулаў і пропускаў, ён адназначна скажа, што чалавек па прозвішчы Бяляеў проста не мае ўяўлення пра журналістыку, ніколі ёй не займаўся і не знаёмы нават з азамі прафесіі.
Чаму?
Першае. Яго выступленне можна дэманстраваць студэнтам-пачаткоўцам у якасці прыкладу, як рабіць не трэба.
Бо Бяляеў пераскокваў з тэмы на тэму, гаварыў доўга і блытана. Да таго ж увесь час расшаркваўся, спрабаваў прадэманстраваць маштаб і грунтоўнасць сваіх думак і падыходаў замест таго, каб задаць пытанне прама і ясна.
Другое. Ён шчыра не ведае, што журналістыка — гэта не тая прафесія, якая належыць да сферы абслугоўвання.
“Чаго дазволіце?” – пытанні такога кшталту можа задаваць афіцыянт у рэстаране, але не журналіст.
Трэцяе. Дэкан пераблытаў журналістыку з агітацыяй і прапагандай.
А як кажуць у нашай прафесіі, “той, хто загаворвае зубы, – не доктар, і прапагандыст – не журналіст”.
Чацвёртае. З інфармацыйнымі войнамі новаспечаны дэкан факультэта журналістыкі таксама не зусім разабраўся.
Нельга спрачацца з тым, што яны ёсць, што яны вядуцца. Вось толькі вядуцца не супраць свайго народа.

Аляксей Бяляеў сапраўды не журналіст. Папісваў у розныя СМІ, як і многія, але ён гісторык – кандыдат гістарычных навук. Дысертацыю абараніў па тэме мясцовых адміністрацый на тэрыторыі Беларусі ў часы Вялікай Айчыннай вайны.
Не з’яўляюцца прафесійнымі журналістамі і тыя, каго ён прадставіў у якасці “мэтраў” прафесіі. Вадзім Гігін – таксама гісторык, Андрэй Мукавозчык па асноўнай адукацыі – фізік.
Калі хто запамятаваў, то нагадаем, што ў Беларусі кіраўнікамі СМІ даўно сталі прызначаць не журналістаў. Іван Эйсмант – кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі – скончыў Акадэмію МУС, нават званне міліцэйскае мае. Кіраўніца інфармацыйнага агенцтва БЕЛТА Ірына Акуловіч – педагог, са спецыялізацыяй “пачатковае навучанне і музыка”. Марат Маркаў, які кіруе АНТ, – вайсковец, скончыў Мінскае зенітна-ракетнае вучылішча, а ў больш сталым узросце – юрыдычны факультэт БДУ. Кірыл Казакоў – кіраўнік СТВ – скончыў гістфак Магілёўскага універсітэта імя Куляшова. Больш-менш блізкая да журналістыкі адукацыя ў галоўнага рэдактара “СБ: Беларусь сёння” Дзмітрыя Жука: філалагічны факультэт, але ўсё ж не журфак. Вы будзеце смяяцца, але і старшыня Беларускага Саюза журналістаў Андрэй Крывашэеў таксама не журналіст – ён скончыў Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт.
Чаму прафесійныя журналісты сёння не запатрабаваныя ў кіраўніцтве СМІ, чаму сапраўдныя журналісты, за плячыма якіх багаты вопыт, увогуле не запатрабаваныя?
На нашых вачах адбываецца, па сутнасці, знішчэнне ў Беларусі такой прафесіі, СМІ ператвараюцца ў крывое люстэрка, у зброю. Факультэт журналістыкі даўно трэба перайменаваць у факультэт агітацыі і прапаганды, і тады ўсё стане на свае месцы, будзе адпавядаць адно аднаму.
У век развіцця інфармацыйных тэхналогій беларуская дзяржава змагаецца з доступам людзей да разнастайнай інфармацыі! Гэта выгладае гэтак жа дзіка, як спробы савецкіх кіраўнікоў забараніць шорты, джынсы і ўвогуле ўсё заходняе. І калі б запыталі журналістаў, то яны б патлумачылі, што эфект ад такіх дзеянняў заўсёды супрацьлеглы. Што мы і пабачылі на прыкладзе Савецкага Саюза. Але ў журналістаў ніхто не пытаецца. Забараніць, заблакаваць, абвясціць экстрэмісцкім – такое сёння стаўленне ў Беларусі да журналістаў і да журналістыкі.
Толькі і гэтага мала! Падрыхтаваны новыя папраўкі ў заканадаўства аб СМІ.
“Калі СМІ, інтэрнэт-рэсурсы – зброя, а гэта так, значыць, і “боекамплекты” з усёй інфраструктурай павінны быць вывастраныя па апошнім слове права”, – патлумачыла ініцыятыву дэпутат Палаты прадстаўнікоў Лілія Ананіч, якая, дарэчы, некалі стала міністрам інфармацыі наогул без сур’ёзнага журналісцкага вопыту. Вось толькі спадарыні Ананіч трэба не забывацца, што “боекамплекты” яна рыхтуе для выкарыстання супраць свайго народа.
ДАРЭЧЫ
Вакансіі…
Амаль незаўважна адбыліся змены ў кіраўніцтве абласных газет. Сваю пасаду пакінула галоўны рэдактар “Вячэрняга Магілёва” Надзея Леўчанка. Амаль адначасова з сайта “Гродзенскай праўды” знікла прозвішча галоўнага рэдактара Ліліі Навіцкай. Хто прыйдзе на іх месца? Міліцыянеры? Ваенныя? Гісторыкі? Байцы інфармацыйнага фронту?
У ТЭМУ
Чым адрозніваецца прапаганда ад журналістыкі?
У адказ на гэта пытанне трэба праслухаць не адну лекцыю. Але галоўнае: у прапаганды заўсёды адна праўда, альтэрнатыўныя пункты погляду, падыходы і ацэнкі не прымальныя.
Другое – прапаганда патрабуе не ведання і аналізу, а веры. Гэта своеасаблівае замбіраванне.
Ну і трэцяе: інструментам прапаганды і інфармацыйнай вайны вельмі часта з’яўляецца дэзінфармацыя, што для журналістыкі ні ў якім разе непрымальна.
Ігар МАРОЗАЎ.