
Сцэнарысты Галівуда вырашылі зладзіць найбуйнейшы за апошнія 15 гадоў страйк з-за нізкіх заробкаў.
Паводле інфармацыі Bloomberg, кантракт паміж Гільдыяй сцэнарыстаў Амерыкі і галівудскімі студыямі скончыўся 1 мая. Аднак перамовы паміж бакамі так і не прывялі да якога-небудзь выніку.
Па словах сцэнарыста серыяла «Пачатковая школа Эбат» Брытані Нікалс, сцэнарысты рыхтуюцца да страйку і настроены сур’ёзна. Яна лічыць, што гэта спыніць распрацоўку і вытворчасць тэлевізійных і кінапраектаў. А калі забастоўка зацягнецца, студыі проста не паспеюць ажыццявіць запускі восеньскіх сезонаў.
Адзін з кіраўнікоў Warner Bros. Discovery Дэвід Заслаў раней заявіў, што «страйк стане выклікам для ўсёй галіны».
Адначасова перамоўны камітэт паведаміў, што студыі «не змаглі прапанаваць змястоўных адказаў па асноўных эканамічных пытаннях» і прапанавалі толькі невялікія саступкі ў некалькіх абласцях.
Не выключана, што праз пэўны час гэта сітуацыя сама стане асновай сюжэту якога-небудзь серыяла.