Футболам будзе кіраваць экс-старшыня Віцебскага аблвыканкама?

Мікалай Шарснёў ведае, што такое спорт.Фота Аляксея Вронскага.
Мікалай Шарснёў ведае, што такое спорт. Фота Аляксея Вронскага.

На 22 сакавіка прызначана справаздачна-выбарчая канферэнцыя Беларускай федэрацыі футбола.

Ні для каго не сакрэт, што цяперашні кіраўнік федэрацыі Уладзімір Базанаў у сваім крэсле больш сядзець не будзе.

27 сакавіка споўніцца чатыры гады, як Базанаў быў абраны старшынёй Беларускай федэрацыі футбола, і за гэты час беларускі футбол значна дэградаваў.

Калі ў 2011 годзе зборная Беларусі займала 36-е месца ў рэйтынгу ФІФА, то зараз – 97-е. На гэты момант наша каманда знаходзіцца акурат паміж В’етнамам і Экватарыяльнай Гвінеяй.

У сваёй групе ў Лізе нацый беларуская каманда заняла апошняе месца. Зборная не змагла перамагчы ўжо ў 13 афіцыйных матчах запар. Пакуль што апошняя перамога беларусаў адбылася 27 сакавіка 2021 года, калі каманда перамагла эстонцаў (4:2) у дамашнім матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету-2022. З таго часу зборная пацярпела дзесяць паражэнняў і тройчы згуляла ўнічыю.

Апошні еўракубкавы сезон для беларускіх клубаў быў не проста правальны, а рэкордна правальны – Беларусь заняла апошняе, 55-е, месца ў сезоннай табліцы каэфіцыентаў УЕФА. Ніжэй падаць ужо няма куды.

Адным словам, ганарыцца Базанаву асабліва няма чым, а таму амаль са стопрацэнтнай упэўненасцю можна сцвярджаць, што ён пакіне гэтую пасаду. Тым больш што і высокае начальства ўжо неаднаразова ўказвала на апошнія “дасягненні” нашых футбольных і ваколфутбольных дзеячаў.

Адкрытым застаецца толькі пытанне: хто на яго месца? Лагічна было б прызначыць чалавека, які сам некалі гуляў у футбол, ведае ўнутраную футбольную кухню, а таксама валодае нядрэннымі менеджарскімі якасцямі. Зрэшты, практыка паказвае, што ў Беларусі кіраўнікамі спартыўных федэрацый становяцца, як правіла, узгодненыя наверсе кандыдатуры.

Хто толькі не кіраваў Беларускай федэрацыяй футбола за гэты час? Старшыня Дзяржаўнага камітэта па авіяцыі Рыгор Фёдараў, старшыня Савета бяспекі, а затым кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Генадзь Нявыглас, прэм’ер-міністр Сяргей Румас, зараз – экс-камісар Брэсцкага ваеннага камісарыята і былы дэпутат Палаты прадстаўнікоў Уладзімір Базанаў.

Цяпер ходзяць чуткі, што наступным кіраўніком федэрацыі, хутчэй за ўсё, абяруць 62-гадовага Мікалая Шарснёва – былога старшыню Віцебскага аблвыканкама.

Што пра яго вядома?

Мікалай Шарснёў закончыў зааінжынерны факультэт Віцебскага ветэрынарнага інстытута.

Узначальваў калгас «Сцяг перамогі» Аршанскага раёна, у 1997–1998 гадах быў пераможцам рэспубліканскага спаборніцтва «Дажынкі».

Затым працаваў першым намеснікам старшыні, начальнікам упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Мінскага райвыканкама, пазней быў прызначаны на пасаду дырэктара рэспубліканскага аб’яднання «Белптушкапрам». З верасня 2012 года заняў пасаду генеральнага дырэктара ААТ «1-я Мінская птушкафабрыка».

У верасні 2014 года Мікалая Шарснёва прызначылі памочнікам кіраўніка краіны – галоўным інспектарам па Віцебскай вобласці, і ў тым жа годзе – старшынёй Віцебскага аблвыканкама.

З апошняй пасады чыноўнік быў адпраўлены ў адстаўку ў снежні 2021 года, але без працы не застаўся – зараз Мікалай Шарснёў узначальвае Галоўнае ўпраўленне інвестыцыйна-вытворчай дзейнасці і адміністрацыйна-гаспадарчых пытанняў Нацыянальнай акадэміі навук.

Дарэчы, ускосным чынам Мікалай Шарснёў мае дачыненне да спорту. Ён рэгулярна ўдзельнічаў у спаборніцтвах па падняцці штангі ў ляжачым становішчы, а таксама па падняцці гіры.

У 2017 годзе чыноўнік устанавіў рэкорд Беларусі па падняцці штангі ў ляжачым становішчы, а ў 2019 годзе нават прыняў удзел у складзе зборнай Беларусі ў чэмпіянаце свету па гіравым спорце ў каманднай эстафеце. Мікалай Шарснёў паказаў лепшы вынік у штурханні гіры 32 кг, што дапамагло яго камандзе заняць першае месца.

На жаль, мы не змаглі датэлефанавацца да магчымага прэтэндэнта на “стратэгічную” пасаду, але спадзяёмся, што Мікалай Мікалаевіч знойдзе час адказаць на некаторыя пытанні, якія цікавяць не толькі футбольных балельшчыкаў.

Зрэшты, да справаздачна-выбарчай канферэнцыі – рукой падаць, таму ўжо ў бліжэйшы час даведаемся, ці спраўдзяцца нашы прагнозы. Хаця, трэба сказаць, любому новаму кіраўніку Беларускай федэрацыі футбола не пазайздросціш. Калі ўлічваць, якой гаротнай гаспадаркай давядзецца кіраваць, то яшчэ невядома, ці не пакаранне – такое прызначэнне.