
Як магло дайсці да планаў размяшчэння на тэрыторыі Беларусі ядзернай зброі, падрыхтоўкі пляцовак і сховішчаў для ядзерных ракет, калі яшчэ нядаўна ў Канстытуцыі краіны было зафіксавана, што наша дзяржава імкнецца стаць бяз’ядзернай?
Нехта скажа: “Так вырашыў народ”. Маўляў, у 2022 годзе, на рэферэндуме, беларускі народ прагаласаваў за новую рэдакцыю Канстытуцыі. Бяз’ядзерны статус з Асноўнага закона прыбралі, і гэта азначае, што народ пагадзіўся на магчымасць размяшчэння на нашай тэрыторыі ядзернай зброі. Але ці так гэта?
Што гаварылі агітатары?
Падчас абмеркавання праекта новай рэдакцыі Канстытуцыі тэма магчымага з’яўлення ў Беларусі ядзернай зброі сапраўды гучала. Але вось у якім кантэксце.
“Гэта тэма, якая выклікала абмеркаванне, – прызнаваўся тэлеканалу СТБ адзін з тых, хто агітаваў за новы варыянт Канстытуцыі, рэктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі Вадзім Богуш. – Некаторыя яе разумеюць менавіта з пункту гледжання ўзбраенняў. Даводзілася тлумачыць, што гэта не тычыцца ніякім чынам ядзернай зброі. Тычыцца выкарыстання атамнай энергіі ў мірных мэтах і гарантый дзяржавы, што гэта будзе менавіта такім чынам. На мой погляд, гэта яшчэ і такі мэседж, які мы даём нашым суседзям, якія сумняваюцца ў тым, што беларуская дзяржава бярэ на сябе гарантыі забеспячэння бяспечнага выкарыстання атамнай энергіі. Краіна, якая больш за ўсіх пацярпела ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, выдатна разумее адказнасць за бяспеку эксплуатацыі гэтага кірунку”.
Можа, Вадзім Богуш нешта не так зразумеў? Не, агітатары за новую рэдакцыю Канстытуцыі ў адзін голас сцвярджалі, што пра ядзерную зброю няма размовы.
Вось цытаты з інфармацыйных стужак тых дзён.
“Дыялогавая пляцоўка па праекце Канстытуцыі адбылася ў РНПЦ трансфузіялогіі і медыцынскіх біятэхналогій. Запрошаным госцем стаў старшыня праўлення ЗАТ “Беларуска-швейцарскі Банк «БСБ Банк», член Канстытуцыйнай камісіі Сяргей Дубкоў.
Звяртаючыся да працоўнага калектыву, Сяргей Дубкоў адзначыў: “Тэкст сучаснай Канстытуцыі патрабаваў мадэрнізацыі, зыходзячы з рэалій жыцця. Напрыклад, у Асноўным законе прапісаны Вышэйшы Эканамічны суд. Сёння яго ў нас няма. Яшчэ быў прапісаны бяз’ядзерны статус. Але ў нас ёсць навуковы ядзерны рэактар у Соснах. Ён патрэбны для даследаванняў. У прыватнасці, для медыцыны. Больш за тое, беларусы пагадзіліся на будаўніцтва атамнай станцыі. І яна ёсць. Мы ўваходзім у АДКБ, але краіна выступае за захаванне нейтралітэту. Вядома, у Канстытуцыю немагчыма прапісаць усё і ўся. У праект вынеслі канцэптуальныя пытанні”.
Такім чынам, і Сяргей Дубкоў пераконваў, што адмова ад бяз’ядзернага статуса – гэта пра атамны рэактар.
І кіраўнік Мінгарвыканкама Уладзімір Кухараў менавіта так разумеў сітуацыю. Вось што ён гаварыў на гэты конт на сустрэчы з моладдзю сталіцы: “Практычна завершана будаўніцтва атамнай электрастанцыі. Зараз праводзіцца работа па пераходзе галін народнай гаспадаркі на айчынную электрычную энергію. Наша краіна дасягнула ў гэтай сферы сур’ёзных поспехаў. Пры гэтым атамная энергія будзе выкарыстоўвацца выключна ў мірных мэтах. Такое становішча знайшло адлюстраванне ў праекце Канстытуцыі”.
“Мы павышаем сваю энергетычную незалежнасць”, – даводзіў Вадзім Гігін.
“Варта ўдакладніць і на канстытуцыйным узроўні ўказаць, што Рэспубліка Беларусь выкарыстоўвае ядзерную энергетыку ў мірных мэтах, гарантуе бяспеку вытворчасці і выкарыстання ядзернай энергетыкі”, – так тлумачыў адмову ад бяз’ядзернага статуса Беларусі старшыня Канстытуцыйнай камісіі і ён жа – старшыня Канстытуцыйнага суда Пётр Міклашэвіч.
Як бачыце, адказныя асобы дудзелі ў адну дуду: пра ядзерную зброю няма размовы – у Беларусі пабудавалі АЭС, таму аўтаматычна краіна больш не можа называць сябе бяз’ядзернай дзяржавай. Праўда, з гэтай логікі само сабой вынікала пытанне: “А як жа можна было будаваць АЭС, калі, згодна з Канстытуцыяй, мы павінны былі імкнуцца стаць бяз’ядзернай дзяржавай? Куды глядзеў Канстытуцыйны суд?” Аднак выступоўцы такімі “дзіўнымі” пытаннямі не задаваліся.
Макрон няправільна зразумеў?
Тэма закраналася нават на перамовах прэзідэнтаў Францыі і Расіі Эмануэля Макрона і Уладзіміра Пуціна 7 лютага 2022 года.
“Я выказаў прэзідэнту Пуціну заклапочанасць у сувязі з новым праектам Канстытуцыі Беларусі, які прадугледжвае адмену двух фундаментальных палажэнняў аб яе статусе з 1994 года (маецца на ўвазе нейтральны і бяз’ядзерны статус нашай краіны. – Заўв.), а таксама ў сувязі з заявай прэзідэнта Лукашэнкі аб ядзернай зброі. У гэтай сувязі Пуцін мяне супакоіў”, – цытавала словы Макрона прэс-служба Крамля.
Больш за тое, 26 лютага 2022 года, пасля пачатку вайны ва Украіне, прэзідэнт Францыі патэлефанаваў Аляксандру Лукашэнку. І вось што з гэтай нагоды паведамляла інфармацыйнае агенцтва БЕЛТА.
“Усе пытанні размовы, якая доўжылася каля адной гадзіны і дваццаці хвілін, тычыліся расійска-ўкраінскага канфлікту. Абмеркавалі бакі пазіцыю Беларусі і ўцягнутасць у гэты канфлікт. Значная частка размовы тычылася абмеркавання будучыні Еўропы і месца Беларусі ў гэтай светабудове, гаварылі таксама і пра ўзаемаадносіны Беларусі і Расіі.
Яшчэ адна тэма тычылася ўзбраенняў, у тым ліку размова ішла аб ядзернай зброі і магчымым размяшчэнні яе ў Беларусі. У адказ на гэтае пытанне Аляксандр Лукашэнка адрэагаваў заўвагай: “Фэйк!” Адзначыўшы, што,”калі народ Беларусі не будуць душыць, не толькі пра ядзерную – і пра звычайную зброю гаворкі быць не можа”.
У тым жа рэчышчы выказваліся і прадстаўнікі беларускага Міністэрства замежных спраў. Да прыкладу, начальнік аддзела міжнароднай бяспекі і кантролю над узбраеннямі Галоўнага ўпраўлення шматбаковай дыпламатыі МЗС Беларусі Васіль Паўлаў на канферэнцыі па разглядзе дзеяння дагавора аб нераспаўсюджванні ядзернай зброі (ДНЯЗ) у Нью-Ёрку , якая адбылася ў жніўні мінулага года, даводзіў, што Беларусь амаль трыццаць гадоў таму, “кіруючыся пачуццём глыбокай адказнасці, зрабіла свядомы выбар на карысць адмовы ад валодання ядзернай зброяй без якіх-небудзь умоў і агаворак і далучылася да ДНЯЗ у якасці бяз’ядзернай дзяржавы”.
“Уклад Беларусі ў ядзернае раззбраенне відавочны і бясспрэчны, што неаднаразова пацвярджалася ў шматлікіх дакументах, узгодненых у двухбаковым і шматбаковым фарматах. Усе інсінуацыі з нагоды змены бяз’ядзернага статуса Беларусі, роўна як і ў дачыненні да невыканання абавязацельстваў па ДНЯЗ, беспадстаўныя”, – пераконваў прадстаўнік нашага МЗС.
Але, як бачым, тое, што Васіль Паўлаў з міжнароднай трыбуны назваў “інсінуацыямі”, стала рэальным планам. Больш за тое, міністр абароны Беларусі Віктар Хрэнін ужо загаварыў пра магчымасць размяшчэння ў Беларусі не толькі тактычнай, але і стратэгічнай ядзернай зброі.
“Калі трэба, у нас будзе і стратэгічная ядзерная зброя. І мы ўжо займаемся падрыхтоўкай існуючых у нас пляцовак. І калі варожая рыторыка працягнецца, гэта будзе наступны крок. На сілу мы будзем адказваць толькі сілай. Па-іншаму на Захадзе не разумеюць”, – заявіў міністр менш за два тыдні таму.
Каму пагражае НАТА?
Але хто пагражаў і пагражае Беларусі, каб дайшло да падрыхтоўкі бамбіць стратэгічнай ядзернай зброяй Вашынгтон ці, напрыклад, Лондан?
Ніхто. Ды і ўявіце, якім будзе адказ на такія дзеянні самага моцнага ваеннага блока свету.
Прапаганда ўжо шмат гадоў распавядае пра ядзерную зброю ў Польшчы; пра тое, што Расія вымушана была пачаць вайну, бо Украіна пагражала ёй ядзернай зброяй… Аднак менавіта гэта і ёсць інсінуацыі. Як бачым, нічога такога ва Украіне не знайшлі – ядзернай зброі там няма і пасля чэрвеня 1996-га, калі вывезлі апошнюю савецкую боегалоўку, не было.
Тое самае тычыцца Польшчы, якая, можа б, і хацела дадатковай абароны ад ваяўнічага суседа, Расіі, але не знаходзіла па гэтым пытанні паразумення ў партнёраў.
Увогуле, паміж Расіяй і НАТА заключана дамова аб супрацоўніцтве, якая ўключае пункт аб тым, што краіны НАТА“не маюць намеру, планаў або прычын для разгортвання ядзернай зброі на тэрыторыі новых членаў і не маюць неабходнасці змяняць любы з аспектаў пабудовы ядзерных сіл НАТА або ядзерную палітыку НАТА, а таксама не прадбачаць неабходнасці рабіць гэта ў будучыні”.
У кастрычніку мінулага года прадстаўнік Дзярждэпартамента ЗША Ведант Патэль зноў пацвердзіў, што “ЗША не плануюць размяшчаць ядзерную зброю на тэрыторыі краін-членаў НАТА, якія далучыліся да Альянса пасля 1997 года”. Гэта значыць, няма планаў па размяшчэнні ядзернай зброі ні ў Польшчы, ні ў Літве, ні ў Латвіі, ні ў Эстоніі, ні ў Румыніі, ні ў Балгарыі… Але кожнаму зразумела, што калі ядзерная зброя з’явіцца ў Беларусі, то ўсе гэтыя абавязацельствы могуць быць ануляваны.
Дык ці не здаецца, што напачатку агрэсіўная праўладная прапаганда падманула беларускі народ, расказваючы пра тое, што адмова ад бяз’ядзернага статуса – гэта выключна дзеля развіцця атамнай энергетыкі. А цяпер тое самае можа здарыцца і з запэўніваннямі, што размяшчэнне расійскай ядзернай зброі на нашай тэрыторыі – гэта дзеля стабільнасці і бяспекі. Вось толькі каго мы падманваем – свет ці саміх сябе?