
У нядзелю, 7 мая, у брытанскім Ліверпулі адбылася ўрачыстая цырымонія адкрыцця міжнароднага песеннага конкурсу «Еўрабачанне-2023». Яго павінна была прымаць Украіна, але праз вайну конкурс перанеслі ў Вялікабрытанію.
У адкрыцці прынялі ўдзел прадстаўнікі 37 краін свету. Вядучымі адкрыцця конкурсу сталі ўкраінец Цімур Мірашнічэнка і брытанская хакеістка на траве Сэм Куэк. Удзельнікі песеннага конкурсу крочылі па 200-метровай бірузовай дарожцы, раздавалі інтэрв’ю і фатаграфаваліся.
Еўрапейскі Вяшчальны Саюз у гэтым годзе зноў змяніў правілы галасавання. Балы нацыянальных журы краін-удзельніц цяпер улічваюцца толькі ў фінале конкурсу. А ў паўфіналах галасуюць толькі тэлегледачы. У кожным з двух папярэдніх тураў ім трэба будзе выбраць па 10 удзельнікаў фіналу.
Акрамя таго, у 2023 годзе на конкурсе змогуць прагаласаваць і тэлегледачы ў тых краінах, якія не прымаюць удзел у цяперашнім «Еўрабачанні». Непасрэдна перад паўфіналамі і фіналам Еўрапейскі Вяшчальны Саюз апублікуе спіс гэтых краін і правілы галасавання для іх. Іх балы будуць сумаваныя як ад адной краіны-ўдзельніцы.
Нагадаем, што Беларусь і Расія ад удзелу ў конкурсе адхілены.
За тыдзень да фіналу асноўнай прэтэндэнткай на перамогу букмекеры з вялікім адрывам называлі прадстаўніцу Швецыі Ларын. Кампазіцыя Tattoo ў стылі еўра-поп з’яўляецца ў некаторай ступені паўторам яе песні Euphoria, з якой яна перамагла ў Баку ў 2012 годзе.