
Па новым заканадаўстве ўсім партыям ў бліжэйшы час патрэбна прайсці перарэгістрацыю, і пры гэтым выканаць шэраг умоў.
Сярод іх: павелічэнне мінімальнага колькаснага парога для стварэння партыі да 5 тысяч чалавек, неабходнасць стварэння арганізацыйных структур палітычных партый у кожнай вобласці і Мінску, а таксама не менш чым ў 1/3 раёнах і гарадах абласнога падпарадкавання ва ўсіх абласцях краіны, абмежаванне памеру атрымліваемых грашовых сродкаў і маёмасці ад адной арганізацыі ці грамадзяніна да 1000 базавых велічынь у год і іншыя.
Ці рыхтуюцца да перарэгістрацыі беларускія партыі, якіх лічаць апазіцыйнымі? Ці магчыма аб’яднанне гэтых структур ў адну моцную сілу?
— На Цэнтральным савеце нашай партыі мы прынялі стратэгію наконт таго, што будзем рабіць у бліжэйшы час, — кажа старшыня беларускай партыі “Зялёныя” Дзмітрый КУЧУК. — Дамовіліся, што аддадзім дакументы на перарэгістрацыю прыкладна за пяць дзён да прызначанага тэрміну. Адзінае — не збіраемся падаваць спісы нашых членаў, бо гэта спецыяльныя персанальныя даныя. Такое рашэнне прынялі з улікам таго, што ў краіне ідзе ціск на палітычных актывістаў.
Але дакументы абавязкова пададзім і будзем чакаць адказу Міністэрства юстыцыі.
— Астатнія патрабаванні заканадаўства ваша партыя зможа выканаць?
— Шчыра кажучы, 5 тысяч членаў партыі мы не назбіраем, бо за тры месяцы павялічыць колькасць амаль у чатыры разы — проста нерэальна. І гэта пры тым, што ў сённяшіх рэаліях мы назіраем пастаянны пераслед людзей іншых поглядаў. Людзі запалоханы і, натуральна, баяцца ўступаць у палітычныя арганізацыі і падтрымліваць іх.
Мы, відаць, будзем прасіць Міністэрства юстыцыі пайсці нам на ўступкі і працягнуць тэрмін перарэгістрацыі, каб паспець павялічыць колькасць сяброў партыі.
— Адным словам, сёння перарэгістрацыю вы б не прайшлі…
— Мы гэтага і не хаваем, бо на сёння ў нас каля тысячы членаў партыі. У апошні час людзі, нягледзячы на тое, якая сітуацыя наўкол, уступілі ў нашу арганізацыю, але гэта не тая колькасць, якая дапаможа набраць 5 тысяч сяброў партыі.
— А ці пацягне партыя “Зялёныя” ўтрыманне арганізацыйных структур у рэгіёнах краіны і Мінску?
— Мінюст даслаў спіс дакументаў, якія неабходна прадаставіць для перарэгістрацыі, і там патрэбна будзе толькі пацвярджэнне цэнтральнага офіса партыі. Пацвярджэнне рэгіянальных офісаў (дамовы іх арэнды) пакуль што не патрабуюцца.
Магчыма, у красавіку мы атрымаем з гэтай нагоды дадатковыя тлумачэнні ад Міністэрства юстыцыі.
Увогуле ж, утрымліваць партыйныя офісы па ўсёй краіне — гэта вельмі і вельмі дорага. Па маіх падліках, у такім выпадку мінімальны бюджэт партыі павінен быць прыкладна 250 тысяч долараў у год. За кошт членскіх унёскаў немагчыма назбіраць суму, якая б дазваляла заплаціць за арэнду некалькіх дзясяткаў рэгіянальных офісаў па ўсёй Беларусі. Проста нерэльная сітуацыя для любой партыі, у тым ліку і праўладнай.
— Які быў бюджэт вашай партыі?
— У нас быў не вельмі вялікі бюджэт, і пераважным чынам ён фарміраваўся за кошт членскіх унёскаў. Нехта плаціў менш, хтосьці больш… Напрыклад, сябры партыі з IT-сферы маглі сабе дазволіць большыя ўнёскі. У асноўным грошы ішлі на ўтрыманне цэнтральнага офіса (трэба было аплочваць за арэнду каля 500 еўра штомесячна).
А вось падчас выбарчых кампаній фінансаванне было за кошт саміх кандыдатаў. Партыя тут не магла нічым асабліва дапамагчы.
(Ад рэдакцыі. Калі партыя “Зялёныя” зможа мець мінімум 5000 членаў, то пры ўмове, што месячны ўнёсак кожнага з іх складзе 4,1 долара, агульны гадавы бюджэт якраз і дасягне 250 тысяч долараў.Таму лёс партыі залежыць перш-наперш ад арганізацыйных намаганняў яе лідараў).
— У адным з інтэрв’ю вы распавядалі, што ў Германіі даходы мясцовай партыі “Зялёныя” ў 2013 годзе склалі 40 мільёнаў еўра! Не параўнаць з нашымі партыямі…
— Беларусь нават на постсавецкай прасторы — адзіная краіна, дзе партыі пакуль не фінансуюцца па выніках выбарчых кампаній. У іншых краінах, калі партыя атрымлівае галасы выбаршчыкаў, то і выбаршчык плаціць рублём, і партыя атрымлівае суадноснае дзяржаўнае фінансаванне.
Даходы той жа партыі “Зялёныя” ў Германіі ў 2013 годзе выглядалі прыкладна так: унёскі членаў партыі — 21,7 працэнта, іншыя рэгулярныя ўнёскі — 22,3 працэнта, ахвяраванні ад юрыдычных асоб — 10,6 працэнта, ахвяраванні ад фізічных асоб — 1,7 працэнта, дзяржаўнае фінансаванне — 37,5 працэнта.
У партый ёсць свае фонды, праз якія грошы ідуць на ідэалагічныя мерапрыемствы, адукацыю, падтрымку кандыдатаў. Некаторыя фонды таксама могуць падтрымліваць і праекты на міжнародную тэматыку. Усё гэта, дарэчы, — адкрытая інфармацыя.
— Месяц таму газета “Народная Воля” звярнулася да лідараў партый, якіх называюць апазіцыйнымі, з такім пытаннем: “Калі ў вашай партыі няма магчымасці прайсці перарэгістрацыю, то ці ёсць жаданне аб’яднацца з іншымі?” Вы тады сказалі, што гэта зрабіць дастаткова складана. Не змянілі сваё меркаванне?
— З актывістамі некаторых партый мы абмяркоўвалі гэтую тэму, але я да гэтага часу ўпэўнены, што тэхнічна такое аб’яднанне немагчыма. Гэта ж патрэбна, каб члены адной арганізацыі пакінулі старую партыю, а затым перайшлі ў новую.
Але не выключана, што ў Літве можа быць створаны міжпартыйны офіс, калі ў Беларусі партыі не пройдуць перарэгістрацыю.
— Раней вы таксама не выключалі, што калі нейкая дэмакратычная структура захаваецца ў Беларусі ў легальным полі, то можаце далучыцца да яе ў якасці экалагічнай фракцыі…
— Тэарэтычна і такое магчыма, хаця партыя павінна быць блізкай нам па ідэалогіі. Але і тут, відаць, варта казаць больш пра ўдзел у нейкіх выбарчых кампаніях, чым пра доўгую перспектыву супрацоўніцтва.
— Адным словам, перспектывы для дэмакратычных партый не вельмі вясёлыя.
— Такі перыяд у беларускай гісторыі, і гэта трэба ўспрымаць як факт. У краіне былі розныя перыяды, калі партыям было няпроста, але зараз, напэўна, самы цяжкі.
Спадзяюся, што вечна так не будзе, і мы зноў зможам працаваць у легальным полі. Калі мы хочам прагрэсіраваць, рухацца наперад, то ў краіне абавязкова павінны быць партыі з рознымі ідэалогіямі і пазіцыямі.
— Не так даўно была створана праўладная партыя “Белая Русь”, хаця раней улады заяўлялі, што такая партыя не патрэбна. Што адбылося?
— Мне падаецца, што гэта больш ініцыятыва наменклатуры.
Мяркуючы па тым, хто ўвайшоў у вышэйшы савет “Белай Русі”, адбылася своеасаблівая рэгістрацыя клуба па інтарэсах.
— Вяртанне ў савецкія часы?
— Зараз іншыя часы, і, суадносна, савецкі перыяд, калі была толькі КПСС, не можа быць цалкам скапіраваны. Мне падаецца, што зараз кіраўніцтва “Белай Русі” нават да канца не разумее, як насамрэч працуюць палітычныя партыі. Я заўважыў элементарныя памылкі ў іх партыйным будаўніцтве.
І яшчэ. Любая палітычная партыя заўсёды змагаецца за ўладу, а за што будзе змагацца “Белая Русь”?
— Ваш прагноз: колькі партый застанецца пасля перарэгістрацыі? І ці застанецца хаця б адна дэмакратычная партыя?
— Цяжка сказаць, бо ў мяне няма разумення, якое палітычнае рашэнне прымуць улады. Думаю, на яго будзе ўплываць шмат унутраных і знешнепалітычных фактараў. І ў гэтай сітуацыі на юрыдычных момантах, відаць, няварта засяроджваць увагу. Калі ідуць палітычныя гульні, то складана зрабіць прагноз.
Магчыма, у краіне застанецца 3—4 партыі, “пад нож” могуць пайсці нават праўладныя “партыі-фантомы”.
Але адно магу сказаць дакладна — мы зробім усё магчымае, каб захаваць рэгістрацыю, а калі нас пазбавць яе, то пройдзем усе інстанцыі.
Алесь СВЯТЛАНІЧ.