
На этапах Кубка свету падначаленыя вядомага беларускага фрыстайліста, які зараз з’яўляецца галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Аўстраліі па фрыстайле, ужо заваявалі тры залатыя медалі.
Нагадаем, што Дзмітрый Дашчынскі – удзельнік пяці Алімпійскіх гульняў, бронзавы прызёр Алімпіяды-1998 у Солт-Лейк-Сіці і сярэбраны прызёр Алімпіяды-2006 у Турыне. Двухразовы сярэбраны прызёр чэмпіянатаў свету, лепшы спартсмен Беларусі 2006 года.
Да трэнерскага штаба галоўнага трэнера зборнай Беларусі Мікалая Казекі Дашчынскі далучыўся адразу пасля завяршэння кар’еры ў 2014 годзе і працягваў працу, нават калі яго настаўніка адлучылі ад кіравання нацыянальнай камандай.
Летам мінулага Дзмітрый прыняў рашэнне пакінуць пасаду трэнера і ў жніўні разам з жонкай і дзецьмі пераехаў у Аўстралію.
“Дашчынскі разлічваў, што яму прапануюць пасаду галоўнага трэнера зборнай Беларусі, – распавёў “Народнай Волі” чалавек, які знаёмы з сітуацыяй. – Але гэтага не адбылося. А быць хлопчыкам, які будзе насіць піражкі непрафесіяналам, ён не захацеў.
Відаць, для спартыўных чыноўнікаў Дзмітрый – ненадзейны спецыяліст. Кажа не тое, што патрабуюць ідэолагі. Хаця гэты “ненадзейны” спецыяліст на Алімпіядзе са зламанай ключыцай выступаў, два медалі заваяваў для краіны. Юніёрскую зборную на самы высокі ўзровень падняў. Яго каманда на юніёрскім чэмпіянаце свету амаль усе медалі ўзяла.
Дзмітрый Дашчынскі карыстаецца вялікім аўтарытэтам у міжнародных лыжных арганізацыях, увесь свет яго ведае. Прафесіяналы такога ўзроўню запатрабаваны паўсюль. Ён сябе яшчэ праявіць і ў Аўстраліі. Шкада толькі, што Беларусь губляе такіх спецыялістаў”.
У Аўстралію Дзмітрый пераехаў з жонкай і двума сынамі, якія пайшлі ў школу Брысбена. Жыве сям’я ў комплексе таўнхаўсаў – тры трохпавярховыя дамы з гаражом на першым паверсе аб’яднаны ў комплекс. Маецца свая тэрыторыя, басейн. У першыя месяцы з арэндай жылля дапамагала спартыўнае кіраўніцтва.
Фрыстайліст распавёў, што прапанова стаць галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай паступіла менавіта ад аўстралійцаў. Доўга не вагаўся.
Беларускі трэнер адзначае, што Міністэрства спорту ў Аўстраліі наогул няма. Ёсць Нацыянальны алімпійскі камітэт, які ў першую чаргу адказвае за летнія віды спорту, і маецца асобная структура, якая таксама ў нейкай ступені падпарадкоўваецца НАК Аўстраліі і атрымлівае адтуль фінансаванне. Гэта Інстытут зімніх відаў спорту, які і забяспечвае фрыстайлістаў усім неабходным. Таксама дапамагаюць у фінансаванні мясцовыя ўлады штатаў і спонсары.
“Мой непасрэдны начальнік – кіраўнік Інстытута зімніх відаў спорту, – распавядаў Дзмітрый. – Яму я і дакладваю аб выніках зробленай працы.
Але тут няма такога, як на постсавецкай прасторы: мы табе плацім заробак – значыць, ты абавязаны выканаць пастаўленую задачу. І рабі, што хочаш. Тут усё пабудавана на даверы. Так, на цябе ўскладваецца адказнасць, і калі нешта не атрымалася, пасля патлумачыш, чаму не ўдалося тое і тое. Але ніхто не цісне, не прэсуе, ты адчуваеш сябе вольным чалавекам. З-за гэтага працаваць прыемней і лягчэй.
У мяне ёсць кантракт, у якім прапісана сума, якую я атрымаю за год. Калі будуць задаволены маёй працай, то працягнуць пагадненне. Калі захочуць звольніць, то будуць для мяне шукаць новае месца працы. Калі праца трэнера не задавальняе, то яго не выкінуць на вуліцу, а знойдуць новае месца, дзе ён будзе больш карысным”.
Пакуль што, мяркуючы па ўсім, і аўстралійскія балельшчыкі, і начальства Дзмітрыя Дашчынскага задаволены працай беларускага спецыяліста.
На прайшоўшых чатырох этапах Кубка свету аўстралійскія фрыстайлісткі Даніэла Скот і Лора Піл ўжо заявалі тры залатыя ўзнагароды.
У мужчынскім фрыстайле аўстралійцы зорак з неба не хапаюць, але, напрыклад, 27-гадовы Уэслі Нейлар прагрэсіруе. Калі ў мінулым сезоне ў яго лепшым вынікам на этапах Кубка свету было 24-е месца, то пасля працы з Дзмітрыем Дашчынскім Нейлар паказаў 16-ы вынік.
Таму на чэмпіянаце свету па фрыстайле, які пройдзе ў гэтым месяцы ў Грузіі, будзем таксама балець і за падначаленых Дзмітрыя Дашчынскага. Радуе, што Дзмітрый пацвярджае сваю высокую кваліфікацыю. Шкада толькі, што не спатрэбіўся ў Беларусі.
Сяргей ЗАБЛОЦКІ.